“Вольная Беларусь” у 1918 годзе надрукавала такую рэзалюцыю: “Мы, салдаты-беларусы 289-го пехотнаго запаснаго полка на сабранні ад 3-го студня 1918 г., абгаварыўшы пытанне аб вывадзі полка з гораду Мінску, усе згодна пастанавілі протэставаць проціў гвалту, які чыніцца над беларускімі арганізацыямі, і трэбаваць ніадкладнаго дазволу складаць беларускія нацыянальныя полкі. Мы вымагаем, каб наш полк быў пераімянован у першы нацыянальны беларускі полк з астаўленням яго у г.Мінску”.
“Савецкая Беларусь”, год 1928. Старшыня бюджэтнай камісіі ЦВК БССР Калнін прызнаецца: “Сельсаветы павінны былі запаўняць 34 формы і 16000 графікаў; райвыканкомы — 35 форм і 45505 графікаў... Калі-б трэба было запаўняць усе гэтыя графікі, дык апарат павінен быў-бы працаваць выключна толькі на гэтай працы. Вы добра разумееце, што пры гэткім апараце, які маюць райвыканкомы, невялікі штат запаўняць гэткую колькасьць графікаў ня мог, а калі і запаўняў, дык ставіў зусім беспадстаўныя лічбы”.
“ЛіМ” на гэтым тыдні 1988 году дае слова пісьменніку Ўладзімеру Арлову: “Гісторыя патрэбная не толькі спецыялістам. Веданне гісторыі свайго народа, гонар за ягонае мінулае і сённяшні дзень — гэта стрыжань, асяродак, без якога няма таго, што мы называем духоўнасцю. Без гэтага запасу духоўнай трываласці чалавек не здолее выпрацаваць імунітэт супраць так званай масавай культуры, супраць нігілізму і касмапалітызму. Калі ж імунітэту няма — душа, асабліва душа чалавека маладога, адкрытая ўсім вятрам”.