* “Голос народа” ў 1918 годзе адзначае: “Новы лад прынёс вёсцы новы для яе павеў — цьвярозасьць. Сьвяты Калядаў, звычайна, у старыя “добрыя часы” адбываліся крайне непрыгожа. У гэтыя дні вёска ператваралася, калі можна так сказаць, у пекла. Толькі п’яныя бадзяліся па вуліцах... Цяпер жа ня тое. У дні Калядныя п’янства не заўважалася. У вёсках узорны парадак, цішыня, спакой, гутаркі на палітычныя тэмы, газэты расхопліваюць”.
“Цяпер у часе калядных сьвят, па вёсках ходзіць поп “па калядзе”, — піша ў 1928 годзе “Беларуская вёска”. — У кожнай хаце ён дае цалаваць крыж. У некаторых хатах ёсьць хворыя. Вядома, сярод людзей ёсьць усякія хваробы. Ёсьць і заразныя. І вось поп праз крыж і зьяўляецца якраз разношчыкам усялякіх хваробаў. Тут ужо як ты за чыстатою не глядзі, усё роўна нічога не выглядзіш. Пацалуе хворы крыж, а пасьля поп падносіць гэта здароваму. Асабліва дзіцячыя хваробы лёгка такім спосабам перадаюцца”.
Адшукаў уласны допіс, зьмешчаны ў “Культуры” на гэтым тыдні 1998 году: “Пра тое, што “Народнаму альбому” авансам наканаваны вялікі поспех сярод слухачоў, сведчыў той факт, што на ягонай сцэнічнай прэзэнтацыі ў ТЮГу на ўсіх ахвочых завезеных касет не хапіла. Магу гарантаваць адно: у будучыні гэтая ўнікальная праца беларускай альтэрнатыўнай сцэны будзе згадвацца яшчэ неаднойчы. Ды хоць бы на цырымоніі “Рок-каранацыі”, якая мае адбыцца ў Мінску 28 студзеня. Дарэчы, роўна праз месяц пасля прэм’еры “Народнага альбома”...”