Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Засынаю і прачынаюся са Свабодай...”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 5 студзеня 2008 году


У гэтыя першыя дні новага 2008-га году ў нашай пошце шмат лістоў-віншаваньняў ад даўніх сяброў Свабоды і лістоў-роздумаў з падсумаваньнем пражытага, са спробамі зазірнуць у блізкую будучыню.

Пачну сёньняшнюю размову з допісу доктара Міхаіла Басевіча зь Пінску.

“Засынаю і прачынаюся са Свабодай: радыёпрыймач стаіць у маім ложку, — піша слухач. — І гэтак — усё сьвядомае жыцьцё. Лічу Свабоду адным з найбольш інфарматыўных, запатрабаваных сродкаў інфармацыі. І вось чаму. Калісьці, у студэнцкія гады, мы старанна вывучалі дыялектычны матэрыялізм. Галоўны пастулят яго — законы Гегеля аб пераходзе колькасных зьменаў у якасныя, аб адмаўленьні адмаўленьня, і галоўнае — аб еднасьці і барацьбе супрацьлегласьцяў. Толькі ў супрацьпастаўленьні поглядаў, у сутыкненьні розных думак нараджаецца ісьціна. А інакш любы грамадзкі лад пачынае жыць паводле, так бы мовіць, “адзіна правільнага вучэньня”, а ў выніку — прыходзіць у заняпад.

У гэтым сэнсе значэньне Свабоды, якая нясе альтэрнатыўную думку, для Беларусі — неацэннае. Чалавек павінен слухаць розныя меркаваньні, аналізаваць іх, параўноўваць — і толькі тады рабіць уласныя высновы.

Зь вялікай увагай слухаю грунтоўныя камэнтары “Праскага акцэнту”, навіны, а “Падарожжы Свабоды”, “Званкі на Свабоду”, ляканічны аналіз “Лістоў на Свабоду” — гэта жывы абмен думкамі, гэта — наша жыцьцё: непрычасанае, рэальнае, пра якое мы вельмі рэдка чуем з афіцыйных сродкаў інфармацыі”, —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду доктар зь Пінску Міхаіл Басевіч.

Вы, спадар Басевіч, вельмі дакладна выказалі сэнс, галоўную місію Радыё Свабода, дзеля выкананьня якой яно і было створана больш як паўстагодзьдзя таму. Найпершая перадумова дэмакратыі — добра інфармаванае насельніцтва. Ведаючы праўду пра тое, што адбываецца ў сваёй краіне і вакол яе, арыентуючыся ў разнастайных поглядах і меркаваньнях наконт розных грамадзкіх праблемаў, чалавек здольны сам прымаць важныя рашэньні. У сёньняшняй Беларусі вельмі мала сродкаў масавай інфармацыі, якія кіруюцца гэтымі прынцыпамі.

На гэтую ж тэму — кароткая рэпліка зь ліста Фёдара Фядотава зь вёскі Дубнякі Полацкага раёну. Слухач піша:

“Самая вялікая каштоўнасьць у сьвеце — гэта Свабода. Бо, як паказвае сусьветны досьвед, дзе Свабода — там і жыцьцё квітнее. А дзе квітнее жыцьцё, там моладзь не пакідае сваю Радзіму ў пошуках лепшай будучыні для сябе і сваіх нашчадкаў”.

Аўтар наступнага ліста — Фёдар Барадзін з Магілёву — азіраецца на пражыты год і робіць наступныя высновы (цытую допіс):

“Што прынёс мне, простаму працаўніку, пражыты 2007 год? Нічога добрага. Жыць заможна мая сям’я так і ня стала: грошай заўжды не хапае. Улада, якую я не выбіраў, засталася, а значыць, чакаць нейкіх зьменаў не выпадае. Думаю нават, што стане толькі горш. Вось ільготы адабралі, а зарплата працоўнага чалавека не паднялася. Свабоды і правоў таксама не дабавілася.

У маёй сям’і — чатыры чалавекі. Мы з жонкай працуем на дзяржаўных прадпрыемствах. Дзеці вучацца: дачка — у каледжы, сын — у школе. Інакш як гаротным жыцьцё сваёй сям’і я не магу назваць.

Хочацца пачуць на вашых хвалях, як жывуць людзі за мяжой. Хто колькі грошай зарабляе, якія правы і льготы маюць рабочыя людзі”,


— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Фёдар Барадзін з Магілёву.

Пастараемся ўлічыць Вашы, спадар Барадзін, прапановы ў сваіх праграмах. Вядома, па-рознаму жывуць людзі і на Захадзе. Але цяжка ўявіць, каб дзе-небудзь у Злучаных Штатах альбо Нямеччыне сям’я, у якой і муж, і жонка маюць сталую працу, не магла зьвесьці канцы з канцамі.

Пра сутнасьць ідэалягічных інстытутаў, якія дзейнічаюць у сыстэме дзяржаўнай улады ў Беларусі, разважае ў сваім лісьце на Свабоду Віктар Гронскі зь Менску. Ён піша:

“Асноўная іхная задача — у тым, каб ідэалізаваць цяперашні дзяржаўны лад, рэжым улады, мэтады і вынікі кіраваньня, весьці так званую “выхаваўчую працу”. І з гэтымі сваімі задачамі ідэалягічныя структуры, выкарыстоўваючы дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі, вусную агітацыю і прапаганду, спраўляюцца бліскуча. Ад тых, хто чыніць ім перашкоды, ня ўпісваецца ў ідэалягічныя схемы, бязьлітасна пазбаўляюцца. Так сталася, напрыклад, з Аляксандрам Казуліным, які спрабаваў выкрываць недахопы кіроўнага рэжыму, але апынуўся ў турме.

А функцыянаваньне ідэалягічнага інстытуту дорага абыходзіцца дзяржаве (гэта значыць, усім нам, падаткаплатнікам”,

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Віктар Гронскі зь Менску.

Некалькі заўвагаў адносна вашай, спадар Гронскі, ацэнкі вынікаў працы дзяржаўных ідэолягаў, якія вы лічыце “бліскучымі”. Напрыканцы мінулага году ўсе ідэалягічныя службы былі мабілізаваныя на тое, каб супакоіць грамадзкую думку ў сувязі з адменай сацыяльных ільготаў. Прапагандысцкія супакойваньні зводзіліся галоўным чынам да абяцаньня, што адмененыя льготы будуць заменены так званай “адраснай сацыяльнай падтрымкай”. Маўляў, пойдзе інвалід альбо пэнсіянэр у райвыканкам, напіша заяву — і яму налічаць грашовую дапамогу…

Але што чакае пэнсіянэраў, якія пойдуць у выканкамаўскія чэргі па абяцаную дапамогу? Якой будзе іх рэакцыя, калі яны даведаюцца, што, атрымліваючы пэнсію 186 тысяч рублёў, права на такую дапамогу яны ня маюць?

Пра адмену льготаў і пра тое, як жывецца ў новых умовах беларускім пэнсіянэрам, разважае ў сваім лісьце на Свабоду Аляксандра Булай з Барысава. Яна піша:

“У цяперашніх скачках цэнаў цяжка нават разабрацца. Калісьці, у савецкі час, я атрымлівала пэнсію 132 рублі. Цяпер атрымліваю каля 400 тысяч. Сума, нібыта, значная. Але я неяк параўнала яе з коштам на самы неабходны прадукт — хлеб. І жахнулася. Аказваецца, сёньняшняя тысяча беларускіх рублёў роўная 10 савецкім капейкам. То атрымліваецца, што ў пераліку на савецкія грошы мне плацяць усяго 40 рублёў — утрая менш, чым у Савецкім Саюзе. А куды ж ідуць заробленыя намі грошы? На абарону, на спорт, на катэджы для начальнікаў?

Але мы — ладна, сваё пражылі. А дзеці? Мне балюча глядзець на іх. Дзе іх шчасьлівае дзяцінства? Мяне і раней абурала, што малых прымушалі аплочваць палову кошту праезду ў аўтобусе. А цяпер, калі іх прымусілі плаціць як дарослых? У некаторых сем’ях па двое ці трое дзяцей. Раніцай маці, даючы грошы на праезд, выціраюць сьлёзы і праклінаюць нашу рэчаіснасьць”, —

— напісала ў сваім лісьце на Свабоду Аляксандра Булай з Барысава.

Хлеб у Савецкім Саюзе, сапраўды, быў танным — ягоная цана лічылася пытаньнем палітычным, за гэтым пільна сачылі. У савецкіх грамадзянаў забіралі іх працоўныя рублі (якія потым ішлі, сярод іншага, і на датацыі стратнай сельскай гаспадарцы) іншым чынам. Напрыклад, каб купіць каляровы тэлевізар, вам, спадарыня Булай, давялося б тады адкладаць пэнсію паўгода. І нават маючы грошы, ці купілі б вы яго ў гады перабудовы — пытаньне: чэргі на тэлевізары ды іншую тэхніку тады былі неймаверныя. Цяпер на такую пакупку хопіць, напэўна, і месячнай пэнсіі. Так што ў пераліку на тэлевізары вы зараз атрымліваеце болей. А ўвогуле, каб аб’ектыўна параўнаць тагачасныя і цяперашнія ўмовы, трэба ўлічваць кошт цэлага шэрагу тавараў і паслугаў. Нешта цяпер таньнейшае, а нешта — значна даражэйшае, чым за камуністамі. Хоць увогуле наўрад ці цяперашнія пэнсіянэры адчуваюць сябе больш заможнымі, чым пэнсіянэры 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

На заканчэньне сьвяточны верш ад слухача, які падпісаўся як Язэп Вялейскі. Верш называецца “Я пішу на Свабоду”:

“Так дзіўна гучыць: “Я пішу на свабоду...”
Пішу на свабоду, і значыцца — дзе я?..
Віншую! Жадаю шчасьлівага году
Усім, у каго яшчэ тлее надзея.
Няхай вырастае у вартае нешта.
Каб зьнікла нарэшце такая нагода,
Каб жартам здаваўся дасьціпным і сьмешным,
Сам выраз: ”Ізноў я пішу на Свабоду.”
Калі гэта станецца? Як гэта будзе?
Ды я не Касандра і не Настрадамус...
Але — нараджаюцца вольнымі людзі...
Чаму ж дажываюць да рабскага стану?”

Дзякуй, спадар Вялейскі, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG