У гонар любімага сьпевака беларусы ў розных краінах называюць сваіх дзяцей Багданамі, мараць пачуць яго новыя песьні і прыйсьці на новыя яго канцэрты.
Спэцыяльны выпуск самай першай у Новым годзе перадачы "Беларускае замежжа" з удзелам беларусаў з розных краінаў прысьвечаны Данчыку – любімаму сьпеваку беларусаў розных узростаў з розных краінаў.
СЛУХАЦЬ ПЕРАДАЧУ (3 студзеня, 18.33, 20.33)
Першы альбом “Беларусачка” выйшаў у 1977 годзе
Данчык нарадзіўся, вучыўся і пражыў большую частку жыцьця ў Нью-Ёрку. Ягоны бацька Паўло – украінец, а маці Юлія – беларуска. Зь дзяцінства Данчык выдатна ведае і беларускую, і ўкраінскую мовы. Калі яму было 16 год, ён трапіў на канцэрт “Песьняроў”, – ансамбль гастраляваў у Амэрыцы. А ўжо праз год Данчык запісаў свой першы альбом, які стаўся першай беларускай кружэлкай у ЗША.
“Беларусачка” – так называўся самы першы альбом Данчыка. “Беларусачка” была запісаная ў 1977 годзе ў ЗША і выдадзеная на кампакт-дыску праз 30 год ў Менску.
Пасьля Данчык запісаў яшчэ пяць альбомаў.
Апошні альбом, “Калядныя песьні”, запісаны Данчыкам у 1997 годзе, пасьля апошняга канцэрта ў Амэрыцы, калі ён заявіў, што спыняе сваю музычную кар’еру. Асноўным заняткам Данчыка стала журналістыка.
Цяпер “Беларуская музычная альтэрнатыва” распачала ў Беларусі перавыданьне на кампакт-дысках усіх альбомаў Данчыка – нядаўна, 19 сьнежня 2007 году, у менскай сядзібе БНФ прэзэнтаваліся адразу тры кампакт-дыскі Данчыка.
Кіраўнік праекту Віталь Супрановіч і музыказнаўца Вітаўт Мартыненка дапоўнілі і ўдакладнілі выданьне дыскаграфіі Данчыка, адшукалі і дадалі альбом украінскіх песень у ягоным выкананьні. У адзін з дыскаў увайшоў і дакумэнтальны фільм “Данчык”, зьняты “Беларусьфільмам” падчас прыезду сьпевака ў Беларусь у 1989 годзе.
Ці выступіць Данчык з канцэртамі ў Беларусі зноўку?
Тады Данчык выступаў таксама і ў Вільні. У Вільні, дарэчы, і карані Данчыка: бабуля Данчыка, Яніна Каханоўская – пляменьніца ўтваральнікаў БНР Антона і Івана Луцкевічаў, вядомых віленскіх беларускіх дзеячоў.
Людвіка Кардзіс, актывістка і адна з лідэраў грамадзкай арганізацыі “Віленскі Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча”, прыгадвае прыезд Данчыка і распавядае, што захаваліся унікальныя фатаздымкі таго часу і аўдыёзапісы зь віленскіх канцэртаў Данчыка, запісаных сьветлай памяці Лявонам Антонавічам Луцкевічам, якога Данчык называў сваім віленскім дзядулем.
Рэдактар беластоцкай “Нівы” Яўген Вапа распавёў пра канцэрты Данчыка ў Беласточчыне ды прыгадаў, якім сьвятам для людзей быў яго прыезд.
Слухачы, самыя розныя людзі зь Беларусі гавораць пра Данчыка – яго ведаюць, слухаюць, любяць і чакаюць з новымі канцэртамі. Чакаюць Данчыка і ў Беласточчыне, і на Віленшчыне. У Вільні беларусы перакананыя, што Данчык ужо пачаў ізноў сьпяваць, і першы яго канцэрт мае быць цяпер менавіта ў Вільні, дзе змогуць сабрацца людзі з самых розных краінаў.
А музычны крытык зь Менску Зьміцер Падбярэзкі паведаміў, што прадстаўнікі музычна-клюбнай сфэры Беларусі ўжо зьвярталіся да яго з сур’ёзнымі запытамі адносна магчымых канцэртаў Данчыка, і нават выдатныя беларускія гітарысты, якія маглі б падыграць сьпяваку, ужо вызначаныя. “Добра было б, каб Данчык прыехаў з канцэртам – гэта было б проста класна”, – кажа Зьміцер Падбярэзкі.
На жаль, няма цяпер магчымасьці паслухаць адказ самога Данчыка пра магчымасьць такіх канцэртаў – але гэта, пэўна, азначае, што перадача “Беларускае замежжа” яшчэ вернецца да гэтай тэмы, а песьні Данчыка будуць і надалей гучаць на нашых хвалях.
Сьпявак беларуска-ўкраінскага паходжаньня, народжаны ў Нью-Ёрку, неаднаразова прыяжджаў з канцэртамі ў Беларусь.
Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1