Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слухачы віншуюць Данчыка з юбілеем


Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 3 студзеня, чацьвер:


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


На тэму сьвяткаваньня Новага году – наступнае тэлефанаваньне:

Спадарыня: “Вітаю, “Свабода”! З Новым годам Вас! У навагоднюю ноч Беларуская дзяржаўная тэлевізія была зусім расейская. Наагул перасталі прыкідвацца. Мне тэлефанавалі з-за межаў Беларусі. Таксама спрабавалі праз спадарожнік пачуць у навагоднюю ноч на беларускім дзяржаўным тэлеканале беларускае слова, беларускую музыку, песьні – не пачулі. Прыкра. Таму шчасьця нам усім і свабоды, свабоды, свабоды!”

Прадпрымальнікі Беларусі заяўляюць, што распачынаюць страйк супраць прэзыдэнцкага ўказу № 760. Камэнтар слухача:

Спадар: “Добры дзень. Я чуў, як на вашых хвалях выступаў прадпрымальнік, які заявіў, што прадпрымальнікі будуць ладзіць акцыі пратэсту ў межах Канстытуцыі. А Канстытуцыя была прынятая ў межах Канстытуцыі? Хлусьня закладзена ў фундамэнт дэмакратыі”.

Ад сьнежня ў Беларусі адмененыя льготы для розных катэгорыяў людзей, у тым ліку дзяцей, інвалідаў, пэнсіянэраў. Тэлефанаваньне на гэтую тэму:

Спадар: “Паважанае Радыё Свабода, Лукашэнка забраў у самых бедных нават тыя невялічкія льготы, якія яны мелі з часоў Саюзу. Ні працоўныя, ні калгасьнікі, якія атрымліваюць пэнсіі 200—300 тысяч рублёў, цяпер ніякіх ільготаў ня маюць. Але самае дзіўнае, што згодна з законам № 239-3 ад 14 чэрвеня, які ўступіў у сілу з 17 сьнежня 2007 году, ільготы на бясплатныя лекі маюць адстаўнікі, ваенныя, міліцыянты, то бок людзі, якія нічога не стваралі сваёй працай і нічога цяжэйшага за пісталет не падымалі, упарта халуйствавалі для ранейшых і цяперашніх уладаў”.

Далей выказваньні на тэму эканамічнага становішча ў краіне:

Спадарыня: “Лукашэнка нібыта падняў калгасы. Гэта няпраўда. Гэта мана. Ён іх не падняў, а забіў. Я не хачу казаць пра іншыя калгасы і фэрмы. Я толькі хачу сказаць пра свае. Іх раскрадаюць! Цягнуць ад беднай жывёліны, крыўдзяць яе!”

Пэнсіянэр,
Пінск: “Прывітаньне, “Свабода”!

Зьніклі надзеі,
Скончыўся цуд.
Перніка зьелі —
Застаўся кнут”.

Вячаслаў Сухарэбскі: “Лукашэнкаўская неверагодна стратная эканамічная палітыка ў прамысловасьці і сельскай гаспадарцы прывяла да таго, што маем ужо больш чым 10 мільярдаў запазычанасьці перад замежжам. А Расея сваімі крэдытамі яшчэ больш спрыяе такой згубнай палітыцы, каб потым за бесцань купіць беларускія прадпрыемствы”.

Працягваем праграму тэлефанаваньнямі паводле ранейшых праграм радыё Свабода, а таксама віншаваньні слухачоў Свабоды:

Лідзія Дзьмітраўна, Менск: “Паважаная радыёстанцыя, паважаныя слухачы! З задавальненьнем слухала перадачу “Званкі на Свабоду”. Якія выдатныя вершы! Вельмі злабадзённыя. Я проста сядзела і плакала. Вялікі дзякуй, даражэнькія! З Новым годам вас! Здароўя, радасьці, дабрабыту, цярплівасьці, свабоды ў нашай шматпакутнай краіне”.

Марыя, Гародня: “Добры вечар, “Свабода”! Сардэчна віншую ўсіх супрацоўнікаў і слухачоў Радыё Свабода з Новым годам і Калядамі! Ад шчырага сэрца жадаю ўсім добрага здароўя, дабрабыту, цярпеньня, вытрымкі і працы на карысьць нашай Радзімы. А яшчэ я хачу ад шчырага сэрца павіншаваць нашага цудоўнага сьпевака Данчыка зь яго 50-гадовым юбілеем. Зычу яму добрага здароўя, новых песень, добрай працы і плёну ў яго творчасьці”.

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “Добры вечар усяму шаноўнаму спадарству! Дарагі Багдан Андрусышын, любы Данчык! Сардэчна віншуем цябе з 50-гадовым юбілеем. Твае цудоўныя песьні, прасякнутыя любоўю да Беларусі, заўсёды натхняюць і радуюць нас. Зычым здароўя, плённай працы і доўгіх гадоў жыцьця. Чакаем твайго прыезду ў Беларусь і ў наш горад Салігорск. Дзякую”.

Аляксандар Анатолевіч Яцкевіч, Віцебск: “Добры вечар, паважаная “Свабода”. Да 50-годзьдзя Багдана Андрусышына, Данчыка.

Сьпявай, наш родны Салавей,
Сьпявай на ўсёй зямлі,
Каб на душы было цяплей
І кветкі расьцьвілі,
Каб асалода наліла
Цудоўны творчы плод,
Каб Беларусь твая жыла
І жыў яе народ.
Калі для ўсіх сьпяваеш ты
І голас твой гучыць,
Мне падаецца, хор сьвятых
Хвілінай той маўчыць.
Сьпявай, наш зорка-салавей,
Дары сваё цяпло,
Каб на душы было сьвятлей
І ўсё наўкол цьвіло.

Дзякую. Віншую зь юбілеем! Здароўя жадаю, даражэнькі, і творчых посьпехаў”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG