Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыянальная ідэя ўлады – “жывіце і ня думайце”


Улада кажа народу -- "Мы пазбаўляем вас непатрэбнага цяжару прымаць рашэньні". Народ адказвае -- "а нам і ня трэба, нам хлеба давай"


Таямніца Купалы. Для яе адгадкі сёньняшнія ідэолягі даюць новыя арыенціры. Вось “тлумачэньне Купалы” цяперашнім “галоўным пісьменьнікам” і змагаром з незалежнымі газэтамі за свой гонар і годнасьць Мікалаем Чаргінцом. «...Ужо не пытаюцца «А хто там iдзе?», а адразу адказваюць - гэта ідуць беларусы. Таму што ў іх самыя прыгожыя, прыбраныя і чыстыя вуліцы, таму што ў іх так наладжана жыцьцё, што яны пастаянна імкнуцца наперад», - сказаў Чаргінец падчас афіцыйнага сьвяткаваньня Купалаўскага юбілею

Фэтышызм “чыстых вуліц”

Ня будзем гадаць, ці была марай Купалы сёньняшняя паўсюдная аднолькавая плітка, пакладзеная замест старасьвецкай брукаванкі. Проста адзначым, як аргумэнт пра “чыстыя вуліцы” не аднойчы ўсплывае ў доказах прыхільнікаў сёньняшняй улады. Тут, канешне, можна па-фрэйдысцку корпацца ў вясковым паходжаньні нашых “гараджанаў у першым пакаленьні”, для якіх чыстыя вуліцы - гэта нейкі мэтафізычны адрыў ад “бруднай” вёскі, асноўны паказьнік цывілізацыі.
Для “гараджанаў у першым пакаленьні” чыстыя вуліцы - мэтафізычны адрыў ад “бруднай” вёскі, асноўны паказьнік цывілізацыі.


Трэба прызнаць, гэта глыбокі сымбаль, і сымбаль шматгранны. Па-першае, -- “Дастатку” (“во як, у нас хапіла грошай, каб вуліцы забрукаваць, ці па-сёньняшняму, “запліткаваць” і хапае сродкаў трымаць чысьціню”). Па-другое, “Парадку” (“у нас дысьціпліна і парадак, на вуліцах не гадзяць, у нас ня пішуць усялякія сьвінства на сьценах. Да таго ж людзі не пераходзяць вуліцу на чырвонае сьвятло”). Па-трэцяе, нашай “Адметнасьці” (“на дзікім Захадзе вуліцы брудныя, бо там розныя панкі і нефармалы іх размалёўваюць. А ў Расеі вуліцы брудныя, бо яны людзі некультурныя, на вуліцах усё кідаюць”).

Беларусы са сваёй прыземленай практычнасьцю настолькі ўлюбавалі “чыстыя сьветлыя шырокія” вуліцы з выкладзенай сучаснай пліткай, што ў Менску, напрыклад, ужо не засталося старой гістарычнай брукаванкі. Увогуле, разбурэньне старога гораду сустракае ў большасьці абсалютную абыякавасьць. Людзі проста не прывучаныя разумець каштоўнасьць гэтых маленькіх збудаваньняў, домікаў і вулак. Тое, што нельга зносіць вялікі храм – гэта, здаецца, большасьць разумее, але тыя ж людзі зьдзіўлена паціснуць плячыма, не знаходзячы нічога крамольнага ў зносе домікаў на Нямізе. Новая аўтастаянка – гэта ж так сучасна, эфэктыўна і патрэбна.

Архітэктура аказвае непазьбежны, хаця і не заўсёды заўважны ўплыў на фармаваньня сьветапогляду. Чытаў калісьці артыкул пра тое, як у Кітаі зносяць цэлыя старыя раёны, і ніхто там гэтаму ня пярэчыць, нават не зьдзіўляецца. У Кітаі, зьбянтэжана тлумачыў заходні аўтар артыкулу, пануе незразумелае эўрапейцам абыякавае стаўленьне да мінулага, кітайцы не бачаць нічога каштоўнага ў гэтых цесных старых кварталах. У Беларусі, краіне, якая называе сябе стратэгічны партнэрам Кітаю – таксама пануе такое ж неэўрапейскае стаўленьне да гісторыі. Бо гісторыя, як вядома, пачалася ў нас у 1994 годзе – а да гэтага быў змрок, хаос, і “расейцы сядзелі на чамаданах”.

Вялікая сялянская мара – “каб усё як у людзей”

Кажуць, што ўлада ня мае нацыянальнай ідэі, але, па-мойму, яна неяк стыхійна сфармавалася ў наступны лёзунг: “Жывіце і ні пра што ня думайце”.

У сродках масавай інфармацыі зараз назіраецца пэўная дэідэалягізацыя і дэпалітызацыя. Аляксандра Лукашэнку ўжо не паказваюць так часта, як яшчэ 3-5 гадоў таму – страшна ўявіць, але сюжэты з ягоным удзелам ужо не абавязкова адчыняюць праграмы навінаў напрыклад, на ОНТ. Замест палітычнай прапаганды ў прайм-тайм паказваюць крымінал, сэрыялы і забаўляльныя шоў, па колькасьці якіх краіна, здаецца, гатовая ўсталяваць рэкорд (астатняе эфірнае месца запаўняецца спортам). Каб усе было, “як у людзей”, закупілі заходніх і расейскіх ліцэнзійных праграмаў, пры гэтым нават неяк “наўмысна”, напаказ падкрэсьліваецца ўласная другаснасьць – у іх “Времечко”, у нас “Белорусское времечко”, у іх “Наша Раша”, у нас (угадайце з трох разоў?) -- “Наша Белараша”.

Вакол усе маленькія нацыі імкнуцца быць непадобнымі на іншых, тым і знайсьці сваю нішу ў сёньняшнім глябалізаваным сьвеце, а мы – быць “як усе”. Вялікая сялянская мара...

Мы пазбаўляем вас непатрэбнага цяжару прымаць рашэньні

Як паказальна заявіў некалькі месяцаў таму ў эфіры “Свабоды” ў перадачы “Праскі акцэнт” Павал Якубовіч, “чым менш грамадзтва будзе разважаць пра нацыянальную ідэнтычнасьць, тым хутчэй Беларусь выйдзе з крызысу”. І сапраўды – навошта лішнія размовы, навошта рэфлексіі? Рабіце кар’еру, зарабляйце грошы, гуляйце, піце, глядзіце хакей – вось дзе нацыянальная ідэя ўлады. І ня трэба тлуміць сабе галаву нейкай там дэмакратыяй, правамі чалавека, адраджэньнем беларускай мовы. Ніякіх “праклятых” пытаньняў Дастаеўскага і Пазьняка. (“Я пазбаўляю вас ад хімэры сумленьня”, -- гаварыў адзін палітычны дзеяч, пры якім “не ўсё было дрэнна” ў Германіі)
Рабіце кар’еру, зарабляйце грошы, гуляйце, піце, глядзіце хакей – нацыянальная ідэя ўлады.


Той “Праскі акцэнт” меў назву “Сумесь турмы і дзіцячага садку” – гэта вызначэньне Сьвятланы Алексіевіч. І сапраўды, беларусы, як малыя дзеці, зараз радуюцца, што ім даюць цацкі, з кожным годам усё даражэйшыя цацкі (пазычаныя ў “старэйшага брата”), -- а за гэта іх пазбавілі неабходнасьці адказваць на розныя “дурацкія” пытаньні. За іх адкажуць “дарослыя” – улада. Гэта ж самае цяжкае – прымаць рашэньні, “мы пазбаўляем вас гэтай непатрэбнай ношы”.
У гэтым, па-мойму, і ёсьць сутнасьць славутага “сацыяльнага кантракту”. Улада сказала – "Вось сюды і сюды ня лезьце – бачыце, што бывае з тымі, хто туды лезе?”, і народ з задавальненьнем адказаў – "а нам і ня трэба, нам хлеба давай!". І здаецца, значнай частцы беларускага грамадзтва такі “кантракт” падабаецца. Што будзе, калі “цацкі” скончацца?
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG