Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грошы за дазвольны штамп ня вернуць


Пра вяртаньне дзяржаўнай пошліны, заплачанай грамадзянамі за дазвол на выезд, ня можа ісьці размовы. Пра гэта Радыё Свабода паведаміла начальніца дэпартамэнту па грамадзянству і міграцыі МУС Лідзія Іванчыкава.

Калі мяняецца парадак афармленьня дакумэнтаў для выезду за мяжу, то Законам аб дзяржаўнай пошліне не прадугледжаны зварот грошай

“Мы паводле асабістай заявы грамадзяніна аформілі дакумэнты для часовага выезду за мяжу. Дзеяньне адбылося. І той выпадак, калі мяняецца парадак афармленьня дакумэнтаў для выезду за мяжу, то Законам аб дзяржаўнай пошліне не прадугледжаны зварот грошай. Пра тое, што будуць адмяняць штамп ведалі усе. Супрацоўнікі аддзелаў па грамадзянству і міграцыі, прымаючы людзей, заўсёды раілі ім афармляць дакумэнты для часовых выездаў за мяжу на адзін год”, – паведаміла Лідзія Іванчыкава.

Учора кіраўнік Беларусі падпісаў указ аб спрашчэньні парадку выезду з Рэспублікі Беларусь. У ім гаворыцца, што ад 1 студзеня 2008 году адмяняецца дазвольны штамп у пашпарце для часовага выезду за мяжу. Цяпер пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь зьяўляецца сапраўдным для часовых выездаў за мяжу без прастаўленьня ў ім адмысловай адзнакі. Таксама зацьвярджаецца Палажэньне пра банк дадзеных аб грамадзянах Беларусі, права на выезд якіх з краіны часова абмежавана.

Начальніца дэпартамэнту па грамадзянству і міграцыі Міністэрства унутраных справаў Беларусі Лідзія Іванчыкава паведаміла Свабодзе, што ў гэтак званым “сьпісе невыяздных” цяпер каля 100 тысячаў чалавек.

Пра тое, якія катэгорыі грамадзянаў трапяць у гэты сьпіс, і як ім будзе паведамлена пра гэта, а таксама, як даведацца, ці знаходзіцеся вы ў “сьпісе невыяздных” – пазьней на сайце “Свабоды” і ў вечаровым эфіры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG