Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Канец цытаты": 08.12.2007 – 14.12.2007


Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.


“Не хачу і не дазволю, каб БНФ, – на маю думку, адзіную ў Беларусі ідэйную партыю – ператварылі ў “NGO-шку” для палітбізнэсу невялікай групы”.

Вінцук Вячорка, прэтэндэнт на пасаду старшыні Партыі БНФ – з выступу на зьездзе партыі.


“Ня ведаю, ці зробіць лепш замена лідэра, але ведаю, што горш ня будзе. Мы змагаемся супраць рэжыму, але часам унутры партыі ўжываюцца тыя самыя мэтады, што ўжывае рэжым”.

Андрэй Юркоў, дэлегат зьезду БНФ – пра сытуацыю ў партыі


“Паведаміў, але, натуральна, ухваленьня я не дачакаўся”.

Лявон Баршчэўскі, абраны старшынём партыі БНФ – на пытаньне Свабоды, ці паведаміў пра сваё абраньне жонцы.


“Тое, што зроблена сёньня для Беларусі на геаграфічна далёкай ад нас зямлі — такіх падарункаў ніхто яшчэ не рабіў для нашай краіны. І я хачу, дарагі Уга, найперш цябе запэўніць, увесь вэнэсуэльскі народ, што нам ёсьць чым адказаць на гэты вялікі дар вэнэсуэльскага народа. Я абяцаю табе, мы зробім усё, што ты скажаш, для тваёй краіны, для захаваньня яе сувэрэнітэту, для захаваньня бясьпекі і незалежнасьці Вэнэсуэлы”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – з выступу ў Вэнэсуэле наконт прадастаўленьня Беларусі магчымасьці здабываць нафту на вэнэсуэльскіх радовішчах.


“Уга Чавэс у прынцыпе ня толькі харызматычны, але і вельмі ідэалягічны чалавек. У яго ідэя ідзе наперадзе ўсяго астатняга. І вось у яго ўзьнікла ідэя адвязацца ад аднапалярнага сьвету, перайсьці з заходніх на кітайскія і беларускія тэхналёгіі…І вось два чалавекі знайшлі адзін аднаго. На такіх лідэрах, як Чавэс, можна нейкі час зарабляць грошы, пакуль яны там сядзяць. Зь нейкага такога прагматычнага падыходу беларускія ўлады хіба што правільна і робяць. Пакуль можна – варта яму заганяць гэтыя трактары, тэлевізары, лядоўні. Чаму не?”

Віталь Сіліцкі, палітоляг – у перадачы “Экспэртыза Свабоды” пра візыт А.Лукашэнкі ў Вэнэсуэлу.


“Калі Пуцін хоча мякка адысьці ад улады, але ўплываць, быць паважанай асобай і каб яму была гарантаваная поўная бясьпека, Мядзьведзеў – ідэальны кандыдат. Яны разам вучыліся на адным факультэце і ўвесь час разам ішлі па жыцьці. А калі Пуцін хоча вярнуцца ва ўладу праз пэўны час, то Мядзьведзеў можа паабяцаць, што ў любы момант – праз год, два, тры, ён сыдзе ў адстаўку, адбудуцца датэрміновыя выбары і Пуцін паспрабуе абрацца ізноў”.

Уладзімер Рыжкоў, расейскі палітык – пра вылучэньне першага віцэ-прэмьера Расеі Дзьмітрыя Мядзьведзева кандыдатам на прэзыдэнта.


“Бяда заўжды прыходзіць нечакана. Прадказаць пагрозы дзяржаўнасьці ў краіне, дзе няма прадказальных дзяржаўных інстытуцыяў, вельмі цяжка. Найбольшая пагроза ідзе ад таго, што беларуская дзяржаўнасьць падмацаваная не інстытуцыямі, не культурай, не грамадзянскай супольнасьцю, а ўсяго толькі рэжымам, завязаным на аднаго чалавека”.

Андрэй Дынько, шэф-рэдактар газэты “Наша ніва” – пра візыт прэзыдэнта Расеі У.Пуціна ў Беларусь.


“Мяркую, што ўчорашняе маё зьбіцьцё было зьвязанае з паездкай у Амэрыку. Шмат што пра гэта сьведчыць. Мяне спэцыяльна высунулі за кардон АМАПу і там ўжо, менавіта па-за ім, адсунуўшы ад дэманстрантаў, зьбівалі, паваліўшы на зямлю. А потым кінулі назад са словамі кшталту: "Забірайце свайго, ён у Амэрыку добра зьездзіў".

Зьміцер Хведарук, моладзевы актывіст – пра ягонае зьбіцьцё падчас акцыі пратэсту напярэдадні візыту У.Пуціна ў Беларусь.


“Цэны на газ для Беларусі ня будуць падвышацца…падвышэньне цэн на газ будзе, але так, як прадугледжана мінулымі кантрактамі”.

Уладзімер Пуцін, прэзыдэнт Расеі – у выступе па выніках ягонага візыту ў Беларусь.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG