Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынік выбуху – каля 30 чалавек шпіталізаваныя


Браніслава Станкевіч, Віцебск Каля 30 пацярпелых ад выбуху жыхароў Віцебску шпіталізаваныя з асколкавымі раненьнямі. У Міністэрстве аховы здароўя Беларусі адзначаюць, што такое масавае паступленьне ў шпіталі з прычыны надзвычайнага выпадку было хіба толькі ў 1999 годзе, пасьля трагедыі на станцыі мэтро “Няміга”. Для расьсьледаваньня ўчорашняга інцыдэнту ў Віцебску створана адмысловая апэратыўна-сьледчая група. Адмененыя ўсе масавыя мерапрыемствы, апрача хакейнага матчу.

Пасьля выбуху, які адбыўся а дзесятай вечара 22 верасьня на вуліцы Леніна, каля летняе кавярні “Эрыдан”, па мэдычную дапамогу зьвярнуліся каля 50 жыхароў Віцебску, якія атрымалі аскепкавыя раненьні рознай ступені цяжкасьці. Але мэдыкі не выключаюць, што пацярпелыя ўчора будуць зьвяртацца да іх і пазьней, калі мінецца шокавы стан.

33 чалавекі, паводле апошніх зьвестак, знаходзяцца ў аддзяленьнях траўматалёгіі ды хірургіі, яшчэ трое – у рэанімацыйным аддзяленьні абласнога шпіталю. Шасьці чалавекам зробленыя апэрацыі, чацьвёра – у цяжкім стане, але пагрозы іхнаму жыцьцю няма.

Сярэдні ўзрост пацярпелых – ад 15-ці да 25-ці год, бо выбух адбыўся ў асабліва папулярным сярод віцебскай моладзі месцы, дзе штовечар зьбіраецца да двух соцень чалавек. Да таго ж якраз тым самым часам людзі вярталіся з канцэрту, і каля кавярні “Эрыдан” было надзвычай шматлюдна.

У аддзяленьні траўматалёгіі шпіталя хуткай дапамогі я сустрэлася з 19-гадовым Андрэем Уласенкам, які ўчора атрымаў скразныя раненьні правай нагі.

(Уласенка: ) “Такі гучны выбух ды ўспышка яркая была. Празь некаторы час усе апамяталіся, пачалі дапамагаць пацярпелым. Дапамагалі адно аднаму. У асноўным ў жывот, у сьпіну, у сьцёгны раненьні былі.”

(Карэспандэнтка: ) “Як на вашую думку, хто мог зьдзейсьніць такое злачынства?”

(Уласенка: ) “Ведаеце, няма пэўных меркаваньняў. Але гэта ўжо ў другі раз, і шмат ахвяраў, так што хутчэй за ўсё гэта сапраўды быў тэракт”.

Андрэй трапіў якраз у тое аддзяленьне, дзе ляжыць 16-гадовы Ігар Фядосенка, паранены ў часе мінулага выбуху 14-га верасьня. Пакуль ён быў на перавязцы, мне ўдалося пагутарыць зь ягонай маці, спадарыняй Тамарай.

(Фядосенка: ) “ Калі гэта здарылася зь Ігарам, я была ўжо паверыла, што гэта сапраўды, як мне сказалі, злоснае хуліганства. А цяпер, як даведалася, што ўжо другое такое здарэньне, ды ў людным месцы, дзе моладзь зьбіраецца, мне ўжо страшна робіцца. Сапраўды, ўжо страх у людзей.”

Па горадзе сапраўды ходзяць панічныя чуткі – пра ўсё новыя выбухі ў грамадзкіх месцах, пра наяўнасьць забітых і куды большую колькасьць параненых, як падаюць афіцыйныя крыніцы. Аб''ектыўнае інфармацыі пра надзвычайнае здарэньне вельмі мала: мясцовыя газэты выйдуць заўтра, а рэпартажы па тэлевізіі былі толькі ўраньні.

Кіраўнік абласное міліцэйскае ўправы Вячаслаў Яўстаф''еў, намесьнік старшыні аблвыканкаму Пётр Южык і начальнік абласное управы па ідэалягічнай рабоце Міхаіл Кузьміч далі сёньня прэсавую канфэрэнцыю для мясцовых журналістаў. Яны паведамілі, што ў адрозьненьне ад папярэдняга выбуху, які быў кваліфікаваны як злоснае хуліганства, апошняе здарэньне падпадае пад артыкул “замах на забойства, зьдзейсьненае грамадзка-небясьпечным спосабам”. Вэрсія тэракту міліцыяй не разглядаецца.

У Віцебску пабываў міністар унутраных справаў і намесьнік генэральнага пракурора Беларусі, створаная адмысловая сьледчая група з работнікаў міліцыі, КДБ і пракуратуры. У горадзе адмененыя масавыя мерапрыемствы, у прыватнасьці, традыцыйныя восеньскія кірмашы, якія мелі адбыцца ў выходныя. Аднак хакейны матч у Лядовым палацы адбудзецца нягледзячы ні на што.

Фота Svaboda.org і ByMedia





Гл. таксама • Затрыманы пяцёра падазраваных у арганізацыі выбуху ў Віцебску • Выбух у Віцебску: каля 40 чалавек атрымалі раненьні (відэа) • Вэрсію тэрарыстычнага акту міліцыя па-ранейшаму не разглядае • Ці гэта тэракт? Меркаваньні спэцыялістаў • Ці асьцерагаюцца менчукі тэрарызму і адкуль бачаць ягоную пагрозу
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG