Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Валянцін Тарас


Валянцін Тарас, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя нататкі мінулага тыдня прадстаўляе знаны беларускі празаік, публіцыст, перакладчык, віцэ-старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Валянцін Тарас.

12 верасьня

Не рабіў ніякіх запісаў ужо месяцы тры — усё лета. Не хапае самадысцыпліны, пэдантызму, каб весьці дзёньнік сапраўды штодня. Да таго ж амаль усё, што бачу, назіраю, усё, што думаю — прагаворваю пры сустрэчы зь сябрамі і добрымі знаёмымі. А калі выгаварыўся, навошта запісваць? Для нашчадкаў? Дык я не такі ўжо мысьліцель і, дзякуй Богу, разумею гэта, адрозна ад многіх калегаў, якія ўпэўненыя, што кожнае іхнае слова, кожная думка павінны быць занатаваныя. Прычым з устаноўкай на апублікаваньне. І не пасьля сьмерці, а зараз, неадкладна. Дзёньнік зрабіўся жанрам, як апавяданьне ці аповесьць. Ды ўсё ж прыватны дзёньнік — гэта тое, што можна даверыць адно паперы, што не разьлічана на чужыя вочы і вушы. Іншая справа — запісы пэўных падзей, таго, што ўразіла, узрушыла, усхвалявала — дзеля таго, каб не забыць, каб не затушаваліся, не пацьмянелі на адлегласьці часу пачуцьці. Запісы, як матэрыял для асноўнай працы за пісьмовым сталом. Такія запісы, вядома ж, мне трэба рабіць больш пастаянна…

Тыдзень гэты пачаўся для мяне ў нядзелю, 11 верасьня, паездкай у Вушачы, на радзіму Рыгора Барадуліна, дзе адбылася прэзэнтацыя ягонай апошняй вялікай кнігі вершаў “Ксты”. Вялікай не адно аб’ёмам — чатырыста з добрым гакам старонак, вялікай сваім зьместам, магутнай паэзіяй, магутнай мовай. Магутнай духоўнасьцю, якая набліжаецца да Бібліі. Ды ў значнай частцы “Ксты” і ёсьць паэтычным перастварэньнем Бібліі, і Старога, і Новага Запаветаў, глыбока асабіста асэнсаваных паэтам. Тут і “Псальмы Давідавы”, і дванаццаць біблейных балядаў, і “Песьня над песьнямі Салямонава”, і “Ойча наш” — малітва, якая зрабілася цудоўным арыгінальным вершам. Гэта і пераклады, і разам з тым не пераклады, а нешта большае — сапраўды перастварэньне, зьява сучаснай беларускай паэзіі, зьява яшчэ нечуванай дагэтуль беларускай мовы. Акрамя біблейных матываў — сотні найвыдатнейшых вершаў, у якіх духоўны пошук самога паэта, вершаў пра вечнае, нязьменнае. І пра наш час, пра тое, чым ён адзначаны. Кніга выдадзеная рыма-каталіцкай парафіяй Сьвятых Сымона ды Алены, укладальнікі — ксёндз Уладыслаў Завальнюк і кандыдатка гістарычных навук, магістарка тэалёгіі Ала Сакалоўская.

Прэзэнтацыя адбылася ў Вушацкім касьцёле, які быў паўнюткі, як на Вялікдзень ці на Божае Нараджэньне. Было шмат моладзі. Моцна ўразіла ўступнае слова ксяндза Завальнюка, які прамаўляў на добрай беларускай мове — палымяна, натхнёна, надзвычай вобразна. Як паэт і адначасова як бліскучы аратар. Хораша выступілі Сяргей Законьнікаў і Ўладзімер Някляеў. Давялося і мне сказаць колькі словаў. Хваляваўся, бо ўпершыню ў жыцьці прамаўляў у касьцёле, а гэта табе ня заля Дому літаратара, а храм, дзе казённае слова сам Бог табе не даруе.

Сказаў, што падобна да таго, як наша Зямля — маленькая жывая кропелька ў бязьмежным Сусьвеце, маленькая зорачка, так і Вушачы — маленькая кропелька, зорачка ў нашай беларускай галяктыцы. А Рыгор Барадулін — кропелька, часьцінка Вушачаў. Але гэта ў Сьвятым Пісаньні сказана, што ў кропельцы адлюстроўваецца, зьмяшчаецца Сонца. Сонца ўсяго жыцьця, усяго людзтва. Паэт і ўвабраў у сябе гэтае Сонца жыцьця, якое сьвеціць, праменіць і беларусам, і ўсім людзям на Зямлі. Гэта не рэлігійная кніга. Гэта надканфэсійная кніга. Яна вылучаная дэмакратычнай грамадзкасьцю на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі. З поўным правам, на падставе ейнай вялікай мастацкай вартасьці кажу: “Ксты” — агульначалавечая каштоўнасьць.

Пасьля прэзэнтацыі зьезьдзілі ў Бычкі, родную вёску Васіля Быкава. Гэта за якіх дваццаць кілямэтраў ад Вушачаў. Шмат чуў, а на свае вочы ўпершыню ўбачыў, у якую паказушную цацку ператварылі Васілёву хату. Старую амаль усю раскідалі, паставілі навюткую, у якой няма таго паветра, тых пахаў, тых фарбаў, у якіх прайшло Васілёва маленства, ягоныя даваенныя гады. А падворак пасыпалі цаглянай крошкай! Дзе хто калі бачыў, каб сялянскі падворак пасыпалі цаглянай крошкай? Хіба што ў якой-небудзь Аўстрыі так робяць, ды і то наўрад ці!.. Невясёлую ўсьмешку выклікала і шыльда на Васілёвай хаце: Філіял музэю Героя Савецкага Саюзу Лабанка Музэй-сядзіба Васіля Быкава. Вядома, хай сабе існуе музэй Лабанка, гэта таксама наша гісторыя, але спалучэньне, так бы мовіць, паяднаньне Быкава з Лабанком абсалютна ненатуральнае. Ды што зробіш, дзякуй Богу, што хоць і такі музэй Быкава ёсьць…

Акрамя радасьці ад прэзэнтацыі барадулінскай кнігі засталася радасьць ад сустрэчы з Рыгорам. Мы ня бачыліся амаль усё лета, адно перазвоньваліся па тэлефоне, а тут набыліся адзін з адным. У Вушачы ехалі, седзячы ў аўтобусе побач, і назад таксама. Нагаварыліся да стомы, але гэта тая стома, якая не стамляе. Бо, як ён сказаў:

На шчырасьці трываліцца зямля. Лягчэй казаць, што думаеш цяпер, Чым тое, што прыдумаеш пасьля.

13 верасьня

Дзясятая гадзіна вечара. Толькі што прыйшоў зь яшчэ адной прэзэнтацыі, якая адбывалася ў вялікай залі Дому літаратара, даўно ўжо ня нашага, дзе мы чужыя, дзе нам зь вялікай ласкі высокага начальства даюць на некалькі гадзін тую залю. Прэзэнтавалася кніга “Яна і Я” — анталёгія лірыкі каханьня, пачынаючы ад плачу Яраслаўны з старажытнага летапісу “Слова аб палку Ігаравым”, біблейнай “Песьні над песьнямі Салямонавай” у перакладзе Васіля Сёмухі (цікава будзе параўнаць зь перакладам Барадуліна, убачыць, як “супернічаюць” гэтыя два майстры мастацкага перакладу). Далей прадстаўлены вершы аб каханьні добрай сотні, калі ня больш, беларускіх паэтаў розных часоў і пакаленьняў, уключаючы самых маладых. Кніга выдатна выдадзеная, аформленая мэтрам беларускай кніжнай графікі Арленам Кашкурэвічам.

Як і касьцёл у Вушачах, заля была паўнюткая, ды што там — перапоўненая! Даўно ўжо ня бачыў я столькі моладзі. Месцаў у залі не хапіла, хлопцы і дзяўчаты стаялі ў праходах, сядзелі на падлозе перад сцэнай. А яшчэ з сотню чалавек не пусьціла ў будынак ахова, тых, хто крыху спазьніўся. А ў Доме літаратара цяпер паліцэйскі парадак, ахоўнікі, што цэрбэры. Ды як бы там ні было, а адбылося яшчэ адно сьвята беларускай паэзіі, з добрай музыкай, зь песьнямі Алеся Камоцкага на словы Барадуліна і Караткевіча, з аўтарскім чытаньнем вершаў. І праліваўся на залю шчодры лівень воплескаў.

Ня першы раз падумалася, што, пачынаючы недзе зь сярэдзіны 1990-х гадоў, вызначыліся, акрэсьліліся дзьве Беларусі, дзьве культуры: адна менавіта беларуская, нацыянальная, дэмакратычная, і невядома якая — ні беларуская, ні расейская, нейкі бязьлікі гібрыд, плод так званай “інтэграцыі”. З трывогай думаю: за якой Беларусяй будучыня? Ды ёсьць пэўная падстава для аптымізму, калі бачыш тую моладзь, якой патрэбная не прымітыўная папса, ня псэўдапатрыятычныя вершы бардаў цяперашняй улады, а палянэзы Агінскага, якія выконваў сьпявак Скарабагатаў, вершы лепшых нашых нацыянальных лірыкаў. Пра гэта абмяняўся думкай з мастаком Гаўрылам Вашчанкам, зь якім сядзеў побач.

15 верасьня

Учора быў на вечары памяці журналісткі Ганны Краснапёркі, якой 10 верасьня споўнілася б 80 гадоў. Вечар арганізаваў габрэйскі клюб “Тхія” (“Адраджэньне”). Ганна Давыдаўна — аўтарка шырока вядомай кніжкі “Лісты маёй памяці”, у якой яна распавяла пра менскае гета, дзе апынулася ў 1941 годзе, пра тое, што перажыла там, убачыла, зразумела, пра тое, як уцякла зь гета ў партызанскі лес, пра добрых беларускіх людзей, якія дапамаглі ўцячы, якія былі ёй братамі і сёстрамі ў партызанах. Кніжка гэтая мела шмат перавыданьняў, перакладзеная на замежныя мовы, перадусім — на нямецкую. У Нямеччыне заснаваная прэмія імя Ганны Краснапёркі, прысуджалі яе пяць разоў за найлепшыя творы на тэму галакосту.

Аня Краснапёрка была надзвычай шчырым чалавекам, непасрэдным, зь ёй было лёгка і сьветла. Само ейнае прозьвішча — Краснапёрка — выклікае ланцужок шчасьліва-шчымлівых асацыяцыяў: дзяцінства, возера, пах аеру, срэбра хуткіх, як імгненьне, краснапёрак у празрыстай вадзе, бляск сонца, адчуваньне волі, прасторы… Разам з тым яна была чалавекам мужным, адважным, калі трэба — суворым. І ўсё разам жыве ў ейнай сьціплай кніжцы, якая значыць і важыць больш, чым многія таўстыя цягамотныя тамы. Пра што я і сказаў на вечары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG