Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Юры Гумянюк


Юры Гумянюк, Горадня Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. сабістыя запісы першых дзён верасьня прадстаўляе малады паэт і публіцыст, супрацоўнік беластоцкага месячніка “Czasopis” Юры Гумянюк, які нарадзіўся і стала жыве ў Горадні.

1 верасьня, чацьвер

Люблю верасень. І ня толькі таму, што ён месяц майго нараджэньня. Проста ўжо ня так сьпякотна, але яшчэ й ня надта халадно. Праглядаючы свае дзёньнікавыя нататкі дзесяцігадовай даўніны, пераконваюся, што верасень — самы плодны на тыя запісы.

Учора зьезьдзіў у Беласток пабачыцца зь сябрамі ды абмеркаваць далейшыя пляны з рэдактарам тамтэйшага месячніка “Czasopis” Юркам Хмялеўскім. Супрацоўнічаю з “Czasopisam” ужо тры гады. Пасьля закрыцьця газэты “Пагоня” параіў там друкавацца сьвятой памяці Карлас Шэрман. Згадваюцца ягоныя словы: “Юрачка, зьвяртайцеся да Сакрата Яновіча, бо ў Горадні вам спакою не дадуць…”. Да Сакрата тады асабіста я не тэлефанаваў, бо хутка хлопцы з рэдакцыі беластоцкага месячніка самі заказалі мне артыкул пра праблемы беларускага турызму. Апошнім часам друкую ў “Czasopisie” фэльетоны і дакумэнтальную сагу “Прывід даўніх Крэсаў”.

Раней беластоцкая багема зьбіралася амаль штодня ў кавярні “Marszand”, але, паколькі тая нейкі час не працуе, дык эпіцэнтрам беластоцкіх плётак і артыстычных бяседаў сталася іншая кавярня — “Castel”. Як на мой густ, дык інтэр’ер у тым “Кастэлі” больш густоўны, чымся ў “Маршандзе”, нават крыху інтымны. Галоўная тэма ўчорашняй сяброўскай гутаркі — бэнэфіс Сакрата Яновіча, што мае адбыцца трэцяга верасьня ў кавярні “Fama”. Цэнтральная фігура беластоцкай багемы, рэдактар часопісу “Kartki” Багдан Дудко перадаў мне за куфлем піва запрашэньне на бэнэфіс Сакрата. Казалі, што на імпрэзу запрасілі самога маршалка польскага сэйму Ўладзімежа Цімашэвіча. Хочацца паехаць і прамовіць, але ці атрымаецца?

2 верасьня, пятніца

У гарадзкім доме культуры сёньня распачынаецца Тыдзень беларускай пісьменнасьці і друку. Калі верыць папярэдняй рэкляме, маюць выступіць паэт Юрка Голуб, гісторык Вячаслаў Швед, артыстка драмтэатру Алена Гайдуліс, а Гарадзенская капэла запрэзэнтуе знакаміты “Полацкі сшытак”.

Ведаючы, што такія мерапрыемствы ў нас праводзяць у добраахвотна-прымусовым парадку, прадчуваю, што зноў нагоняць у залю школьнікаў, і пачнуць сьпяваць па дзяржаўна-начальніцкіх нотах пра тое, як у Беларусі шануецца і квітнее родная мова. А скуль яна можа квітнець, калі ў Горадні не засталося ніводнай беларускай школы? Нават у раней прэстыжную школу з польскай мовай навучаньня набралі сёлета ўсяго 13 першакляшак. Чортаў тузін…

3 верасьня, субота

Халера, не выходзіць тая польская тэма з галавы. Саюз палякаў у люстры афіцыёзнай дзяржаўнай прапаганды сьвяціўся ўсю вясну і лета!..

На бэнэфіс Сакрата Яновіча сёньня ехаць не рызыкнуў. Дзьве паездкі на тыдзень — гэта для мяне ўжо занадта. Мусіць, пастарэў. Шкадую, канечне, бо тусоўкі ў той беластоцкай “Famie” заўсёды былі нефармальна цікавыя. Ці то прэзэнтацыя “Народнага альбому”, ці міжнародная паэтычная вечарына з канцэртам Зьмітра Вайцюшкевіча. Гэтым разам Зьміцер павінен быў выступіць зь беластоцкім гуртом “Сzeremszyna”…

У думках параўноўваю сёлетні “Славянскі базар” з фэстам Першай праграмы польскага тэлебачаньня ў Сопаце. Натуральна, мае сымпатыі не на баку “Славянскага базару”, хаця й прыемна ўразіў выступ украінскага гурта “Акіян Эльзы”. А ў тым Сопаце польскія тэлевізійнікі арганізавалі выдатнае шоў зорак 1980-х. Цэлая эпоха польскага року! “Lady Pank”, “Lombard”, “Perfect”, “Turbo”, “TSA” дый іншыя куміры майго шалёнага рокавага юнацтва. Поўная сатысфакцыя ад пабачанага.

У дадатак міні-канцэрты дзьвюх сусьветных зорак — Боні Тайлер і Дэбі Гары з гуртом “Блондзі”. Кабетам ужо 60 гадоў, а трымаюцца на сцэне лепш, чым тая Паліна Смолава. Дый сьпяваюць не пад фанэру-мінусавуху, а жыўцом са сваімі музыкамі! Я й ня думаў, што лідару і вакалісту польскага хэвімэталёвага гурта “ТSA” Марэку Пякарчыку 54 гады. Памятаю, як ў далёкім ужо 1989 годзе Пякарчык з “TSA” даваў канцэрт у гарадзенскім доме афіцэраў. Было супэр!

Каб спатоліць свае настальгічныя пачуцьці, я не пашкадаваў 42 злотыя на апошні альбом “TSA” “Proceder”. Праслухоўваючы першы раз, спачатку крыху засмуціўся, што выкінуў грошы, але з трэцяга разу “зайшло” і цяпер замест прыкрасьці засталася адна асалода — музычны кайф…

4 верасьня, нядзеля

Нешта не магу датэлефанавацца да беластоцкіх сяброў, каб даведацца, як прайшоў бэнэфіс Сакрата Яновіча. Толькі ўвечары слухаўку ўзяла мая даўняя знаёмая Міра Лукша. Гэта ж трэба, мінула недзе 15—16 гадоў, калі мы выпадкова сустрэліся ў рэдакцыі тады яшчэ па-перабудовачнаму прагрэсіўнай газэты “Чырвоная зьмена”. Што за мілыя часы былі: БССР, савецкі Менск і клапатлівы бацька маладых літаратараў Алесь Масарэнка! Цяпер з Горадні зручней шыбаваць у Беласток. І дарога 78 кілямэтраў абыдзецца таньней, і атмасфэра больш спрыяльная — хоць і правінцыйная, але ўсё ж эўразьвязаўская…

Міра Лукша выказала шкадаваньне, што я не прыехаў, бо бэнэфіс Сакрата Яновіча ў клюбе “Fama” выпаў няблага, цалкам прыстойна. Маршалак сэйму Ўладзімеж Цімашэвіч, праўда, не завітаў на імпрэзу, затое даслаў віншавальны ліст, які агучылі прадстаўнікі мясцовых уладаў. Міра распавяла, што вельмі файна выступіў Зьміцер Вайцюшкевіч з “Чарамшынай” і крыху экзатычны Андрэй Такінданг з гуртом “Рэха”…

5 верасьня, панядзелак

Кажуць, панядзелак — дзень цяжкі. Ну, гэта, калі нагуляесься ў выходныя. А так — самы звычайны дзень. Настрой добры, бо й надвор’е выдатнае. У сьне разглядаў нейкія эратычныя сцэны, але дакладна ня памятаю, што гэта быў за сэкс. Здаецца, кшталту “Black on Blondes”. Мажныя спацелыя мурыны ці арабы і белыя кабеты славянскай зьнешнасьці. Нібы актуальная тэма трафіку.

Пасьля я здагадаўся, што сон быў навеяны расповедам надта гаваркой гандляркі, зь якой давялося ў мінулую сераду шыбаваць на бусіку ў Беласток. Спачатку яна шпарка лічыла баксы. Пасьля пачала апісваць сваё падарожжа ў Туніс. “Вой, было так цудоўна, што не апісаць, — натхнёна распавядала яна. — Запрасілі мяне, значыць на начную дыскатэку. Сяджу сабе за столікам, гляджу на экране відэакліпы, моладзь апанавала танцпол. І раптам чую нейкія дзіўныя гукі. Ведаеце, я, канечне, глядзела розныя эратычныя фільмы, але тут, зусім побач, за суседнім столікам такое пачалося! Жывы сэкс у розных позах! Я ўжо зьбіралася сысьці, ды дзе там! Шлях перагарадзіў двухмэтровы нігер. Амбал на кіляграмаў 120! І кажа мне “Come on, baby!”, маўляў, пайшлі! А я й не разгубілася і адказваю яму “Якая я табе бэйбі, я ўжо грэндмазэ, і ў мяне ёсьць дочэ, і ў дочэ ёсьць таксама дочэ, якая гоў ту зэ скул!”. Пасьля гандлярка распавядала, як нехта з арабаў-экскурсаводаў хацеў змусіць яе выканаць перад іншымі турыстамі танец жывата. Натуральна, нашая гераіня і таго араба змусіла пачырванець. Цікава: як тая чырвань прабілася праз смуглую скуру экзотык-мэна?

Вясёлае было падарожжа, бо пасажыры-каміваяжоры не перасталі рагатаць нават падчас праверкі дакумэнтаў на беларуска-польскай мяжы. Ажно малады польскі паручнік зьдзіўлена запытаўся: “Co tak wesіolo wam juz odrana? Chyba Lukaszenko was rozweselil!”

6 верасьня, аўторак

Бацька ўжо які тыдзень дакарае мяне, што я трымаю ў ягоным пакоі акварыюм бяз рыбак. Акварыюм цалкам запоўнены, з расьлінамі і фільтрацыяй. Дык вось сёньня я вырашыў запусьціць туды рыбак. Пайшоў у бліжэйшую фірму і набыў восем суматранскіх барбусаў. Якраз зграйка паласатых мінікарпікаў будзе файна глядзецца і цешыць бацькава вока…

Атрымаў e-mail ад журналісткі беластоцкай “Нівы” Ганны Кандрацюк. Яна, гэтаксама, як і Міра Лукша, згадала пра бэнэфіс Сакрата Яновіча. Гулялі ў той кавярні “Fama” ці не да самае раніцы!

Добры настрой крыху папсавала тэлефоннае паведамленьне сястры Людмілы пра сьмерць маёй цёткі Таісіі Драздоўскай. Родная бацькава сястра памерла на 76-м годзе жыцьця. Адпяваюць заўтра ў Пакроўскім саборы. Мой бацька шкадуе, што ня можа паехаць ані ў сабор, ані на пахаваньне. У яго хворыя ногі, ён ня можа прайсьці і дзесяці мэтраў…

7 верасьня, серада

Выбіраемся з маці ў Пакроўскі сабор на адпяваньне цёткі Таісы. Што ж, людзі нараджаюцца і паміраюць, і ніхто ня зьменіць цыклічнасьці быцьця. У гэтым пераканана таксама супрацоўніца гарадзенскай абласной бібліятэкі імя Я.Карскага Ала Нікіпорчык, якая патэлефанавала ўчора і запрасіла выступіць 22 верасьня на юбілейнай вечарыне ў бібліятэцы. Апошні раз я там выступаў (у якасьці літаратара) дзесяць гадоў таму. Чытаў вершы і прэзэнтаваў газэту “Пагоня”. Газэты ўжо няма амаль чатыры гады. Затое паэзія засталася назаўжды…

8 верасьня, чацьвер

Не прывезьлі мне хлоцпы абяцаны манітор да кампутара. Грошы пратрымалі цэлы тыдзень і вярнулі. Давядзецца заўтра самому набываць гэтую 17-цалевую цацку ў іхных канкурэнтаў. Выбару ня маю. Стары чорна-белы манітор ужо даўно надакучыў, з новым, трэба спадзявацца, будзе ня праца, а песьня!
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG