Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Паўла Знаўца судовыя выканаўцы забралі тэлевізар


Уладзімер Глод, Менск Былы дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Павал Знавец застаўся без тэлевізара. Судовыя выканаўцы забралі зь ягонай кватэры тэлевізар “Гарызонт” у якасьці кампэнсацыі за штраф, які спадар Знавец адмовіўся выплаціць.

Падставай для штрафу на 2 базавыя велічыні (на сёньня гэта 51 тысяча рублёў) стала тое, што, на думку супрацоўнікаў падатковай інспэкцыі Савецкага раёну Менску, Павал Знавец са спазьненьнем паведаміў пра атрыманыя з-за мяжы 30 даляраў. Гэтую суму былы дэпутат спачатку ўключыў толькі ў дэклярацыю, якую даслаў у акруговую выбарчую камісію, калі летась спрабаваў зарэгістравацца кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. А ў падатковую інспэкцыю гэтыя зьвесткі ён перадаў пазьней — празь некалькі месяцаў.

Паводле спадара Знаўца, які мае вышэйшую юрыдычную адукацыю, ён адмовіўся выплаціць штраф, бо яго пакаралі з парушэньнямі заканадаўства:

(Знавец: ) “Дэклярацыя, якую я перадаў у выбарчую камісію, ёсьць дакумэнтам строгай справаздачнасьці. Яна застаецца ў выбарчай камісіі. Але, шукаючы любыя матывы, каб мяне не зарэгістраваць, камісія, парушыўшы Выбарчы кодэкс, накіравала дэклярацыю ў падатковую інспэкцыю Савецкага раёну. Я ж нічога ня ўтойваў. Каб сапраўды было нейкае ўтойваньне істотнай сумы... Справа выедзенага яйка ня вартая. Я спонсарам гэтага рэжыму ня буду”.

Павал Знавец наступным чынам распавядае пра канфіскацыю тэлевізара:

(Знавец: ) “Ацанілі яго на 70 тысяч рублёў. Яшчэ, праўда, прапанавалі мне яго на месцы ў сябе ж выкупіць, з улікам выдаткаў на выезд для апісваньня маёмасьці. Але я сказаў, як Астап Бэндар: “Торг здесь неуместен”, я прынцыпамі не гандлюю. Хай, можа, якая пэнсіянэрка будзе замбіравацца, а можа, ён патрапіць і прыстойнаму чалавеку. Такім чынам, мой тэлевізар цяпер знаходзіцца ў краме канфіскаваных тавараў”.

Спадар Знавец абскардзіў вынеснае рашэньне ў раённую пракуратуру, адкуль яму ўжо паведамілі, што ягоная заява перададзеная для разгляду ў пракуратуру Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG