Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два лёсы: Гарун і Cыс


Сяргей Дубавец, Вільня (Этэр 15 траўня 2005 году.) Новая перадача сэрыі "Вострая брама". Два паэтычныя лёсы: Гарун і Cыс.

“Паэт Анатоль Сыс пайшоў на неба. Шлях ягоны быў лёгкі, бо паміж Вялікаднём і Радаўніцай дарога на нябёсы адкрытыя многімі малітвамі. А калі яшчэ ўлічыць, як доўга чакаў ён гэтага моманту!.. Гадоў 15 таму ён так і адказаў мне на пытаньне “Чым цяпер будзеш займацца?” – “Цяпер засталося толькі памерці”. Ягоным вершам тут, на зямлі замінала ягоная чалавечая прысутнасьць.

У “Вострай Браме” Сыс браў удзел толькі аднойчы, у 1998-м. Перадача называлася “Маўчаньне паэтаў”, і пытаньне гучала так: “Чаму нашы паэты, якія ў другой палове 80-х, на выхадзе з камунізму, сталі ледзьве ня знакамі гэтага выхаду і нацыянальнага адраджэньня, чаму яны перасталі пісаць вершы? Адам Глёбус, Анатоль Сыс, Ігар Бабкоў, Алег Мінкін... Тады, у другой палове 80-х, іхнае лідэрства ў паэзіі было бясспрэчным і зусім не выглядала на часовае. Нацыя, маладая й сьвядомая яе частка, бачыла ў іх новых багдановічаў і купалаў, як мінімум, творцаў, пакліканьне якіх не падлягае сумневу. І раптам на пачатку 90-х яны замаўкаюць, прападаюць як паэты, ня пішуць. Чаму?” Кожны адказаў па-свойму. Сыс, на той час аўтар двух выдадзеных зборнікаў паэзіі, адказаў так: “Я хадзіў, нос задраўшы: во — Сыс, такія вершы піша! Клясык жывы!.. А высьветлілася, што пакуль быў бел-чырвона-белы сьцяг, трэба было рабіць грунт для будучыні. А шмат хто разважаў гэтаксама, як я. Празявалі — і зьявіўся Лукашэнка”.

У гісторыі Анатоля Сыса наймацней уражваюць ягоныя адносіны да паэзіі, як да сапраўды большае рэальнасьці. Большае за жыцьцё. Ягоныя вершы – гэта не салён і не стадыён, не эстэтыка і паэтыка, а замова шаптуна-улюбёнца Бога. Шаптун і выглядае дзіваком, бо жыве паміж намі і небам. І ведае цану нашай мітусьні, якой мы часьцяком за гэтай самай мітусьнёй не заўважаем. Як не заўважаем і не надаём такога абсалютнага значэньня паэзіі.

Яшчэ трэба адзначыць тое, што напэўна выпадзе з нэкралёгаў. Анатоль Сыс быў ня толькі шаманам, але дасьведчаным і адукаваным чалавекам. Вось чаму ягонае самаадмаўленьне давалася яму так цяжка – бо рабілася сьвядома. Сыс ведаў, што ўсяму свой крэс. І калі б Купала пражыў век Багдановіча – не было б Купалы. А калі б Багдановіч меў Купалавы гады – не было б і Багдановіча. Першы папросту б не дасьпеў, другі б – размазаў уласны даробак. Сыс разумеў, што сам ён адбыўся напрыканцы 80-х. І далей рабіў усё, каб не замінаць сваім уласным вершам жыць. Піў і блазнаваў, каб ня быць атаясамленым з тым вобразам паэта, які ўжо сфармаваўся ў публікі. Каб сур’ёзнасьцю свайго чалавечага аблічча не псаваць чысьціню свайго паэтычнага вобразу. Выдаваць па кніжцы ў год, езьдзіць на дачу і сядзець на нарадах, безумоўна, было прасьцей, але для ягонай паэзіі гэта быў канец. Стакроць цяжэй было зусім усьвядомлена, яшчэ жывучы, дэкляраваць сваю цялесную сьмерць альбо іншасьць. Проста быць проста вар’ятам, і зусім ня тое – самому абраць сабе гэткі шлях. Магчыма, ягоны подзьвіг якраз у гэтым – столькі гадоў не спакусіцца, не размазаць, не сапсаваць і дажыць такі да таго дня паміж Вялікаднём і Радаўніцай, калі твой шлях акажацца адкрытым.

У тыя дні, калі паэт Сыс выпраўляўся на неба, сталы аўтар нашае перадачы Зьміцер Бартосік ехаў у адведкі да іншага паэта – Алеся Гаруна, які пахаваны ў Кракаве. А атрымалася ў выніку невыпадковае супадзеньне. Бо Гарун – найбліжэйшы, калі Сысу шукаць параўнаньні ў беларускай паэзіі. Падобнае паходжаньне таленту, падобны незвычайны, выламлены лёс, падобная інтанацыя жыцьця. Затворніцкі быт, самаадмаўленьне, Паэзія па-над усім. Вобразнасьць і энэргетыка вершаў Анатоля Сыса спрэс перагукаецца з творамі Алея Гаруна. Для літаратуразнаўцы такое параўнаньне – сапраўдная раскоша. Аднак цяпер мы ня будзем нічога аналізаваць. Паслухаем падарожную справаздачу Зьмітра Бартосіка і многае стане ясна само. Заўважу толькі, што Аляксандар Прушынскі, які фігуруе ў справаздачы – гэта пашпартнае імя паэта, які абраў сабе псэданім Алесь Гарун”.

(Бартосік: ) “Бывае прыемна... Зьехаць на некалькі дзён за ўсё больш савецкую мяжу Беларусі. У Варшаве перасесьці на хуткі цягнік да Кракава. Уладкавацца ў купэ для курцоў. Адкінуцца ля вакна, за якім з хуткасьцю сто кілямэтраў на гадзіну пралятае польская раўніна. Замовіць моцнай кавы, са смакам закурыць і... Я ехаў у Кракаў на дні беларускай культуры, якія ладзіў Ягелонскі Ўнівэрсытэт. Ехаў, прыхапіўшы ў дарогу апошні нумар часопіса “Архэ”, у якім гісторык Алег Латышонак нагадваў, што наперадзе мяне чакае горад ня толькі славутых гадоў Францішка Скарыны, але і апошніх дзён паэта Алеся Гаруна.

Напэўна, для кожнага чалавека, які чытае беларускія кнігі ня толькі дзеля забаўкі, наведаньне магілы паэта – заўсёды адмысловы рытуал. На другі дзень кракаўскага побыту, ужо пасьпеўшы агледзецца ў гэтым сапраўды каралеўскім горадзе, я папрасіў спадара Алега праводзіць мяне на Ракавіцкія могілкі. Ён, які дваццаць гадоў таму адшукаў магілу Гаруна, з радасьцю пагадзіўся скласьці мне кампанію. І распавесьці пра гісторыю пошукаў”.

(Латышонак: ) Гэта доўгая гісторыя. Сакрат Яновіч мне сказаў, каб гэтую магілу адшукаць у Кракаве. Калі я ехаў сюды на працу. Ну і я падумаў, што знайду. Але аказалася, што гэта ня так проста. Бо загінула кніжка гэтай дзялянкі могілак, дзе паказаныя месцы, дзе хто ляжыць. Вядома было, што ён тут ляжыць. Бо я знайшоў запісы, што пахаваны. Але дзе канкрэтна? І я стаў пытаць у далакопаў. А могілкі вялізарныя. І ўжо мяне сталі пазнаваць супрацоўнікі могілак. Помню нават калісьці іду нейкай сьцяжынкай, а тут чую з-за кустоў нейкая пачынаецца ўжо выпіўка відавочна. Ужо галасы такія вясёлыя. І чую – эй, студэнт, бахнеш еднэго? Гэта далакопы цешыліся, што жонкі іхныя прыйшлі забраць зарплаты, каб яны не прапілі, але жонка майго знаёмага далакопа, каб ён не сумаваў занадта, купіла яму бутэльку гарэлкі. І так сядзелі над магілай на нейкай лаўцы. І я зноў стаў пытаць, ці ня бачылі гэтага? А яны ўжо памяталі, што паэт-беларус. Я беларус. І што, можа, я шукаю… Тут вельмі дарагія месцы, на гэтых могілках. Кажуць – “так, так, як знойдзеце, то перапішыце на сябе. Ведаеце, колькі гэта каштуе?” Я гавару – “Добра, добра”...

(Бартосік: ) “Раю ўсім ехаць на Ракавіцкія могілкі аўтобусам. Так лягчэй будзе адшукаць Гарунову магілу. Ад уваходнай брамы збочвайце налева. І ідзеце ўздоўж муру. Каля магілы маёра Сервацінскага павярніце направа. І праз тузін магілаў вы ўбачыце гранітны валун зь Ярылавым крыжом і надпісам. “Алесь Гарун”. Унізе цытата зь “Беларускага марша”. “ І Беларусь-Маці долю агледзіць, / Устане, як Лазар, з руін забыцьця…”

(Латышонак: ) “Але яны так ці інакш ня бачылі такой магілы. І справа была безнадзейная. Я зноў вярнуўся да навукі замест пошукаў. І пайшоў да сяброўкі, якая напісала гісторыю Ракавіцкіх могілак. І аказалася, што гэтая кніжка, якая быццам бы прапала, яна ёсьць. Толькі ня там, дзе павінна быць. І яна мне гэтую кніжку знайшла. Прыйшлі мы паводле гэтай кніжкі на месца. Тут не было нічога. Была купінка зямлі”.

(Бартосік: ) “Мы на гэтым месцы стаім?”

(Латышонак: ) “Так. Не было нават ні крыжа, ні таблічкі. Але абсалютна было адно пэўнае, што нікога тут больш не хавалі... Зь сябрамі кракаўскімі мы паставілі бярозавы крыж, таблічку. Апошнім заняўся мой бацька, бо ён знайшоў мастака, які праект зрабіў. Дарэчы, балгарына, які жыве ў Беластоку. І камень мы прывезьлі зь Беласточчыны. Ён не тутэйшы. Мы проста лічылі, што гэта такая самая беларуская добрая зямля. Ну і адкрылі вельмі ўрачыста. І тады я першы раз пабачыў бел-чырвона-белы сьцяг. На свабодзе. Хлопцы-студэнты беларускія з Варшавы прывезьлі сьцяг.

Грошы на гэта сабраў Кастусь Акула. З Таронта. Я яму напісаў, што знайшоў магілу. Сабраліся беларусы амэрыканскія і канадзкія, скінуліся...”

(Бартосік: ) "Памятаю сваё першае ўражаньне ад ягонага верша. Дакладней, ад песьні, створанай Вольгай Цярэшчанкай зь верша “На чатырохлецьце “Нашае Нівы”. “Ты мой брат, каго зваць беларусам”. Было гэта на адным з гомельскіх мітынгаў у вясёлай першай палове 90-х гадоў. Яшчэ нічога ня ведаючы пра аўтара словаў, я прасякнуўся ягоным цьвёрдым, упэўненым складам. Пераможным маршам, у якім не было месца для “дурных, як варона мужыкоў”. Я, тады зусім не абазнаны ў беларускай клясыцы, падумаў, што тэкст песьні створаны сёньня. У наш самы беларускі час".

(Бартосік: ) “Што Прушынскі рабіў у Кракаве ў 1920-м годзе?”

(Латышонак: ) “Паміраў. Ён быў членам беларускай вайсковай камісіі. У беларускіх фармаваньнях, створаных указам Пілсудзкага. І летам 1920 году, калі палякі адступалі на Ўсход, таксама нешматлікія беларусы, якія былі на іхным баку, адступалі. І Прушынскі ўжо быў даволі хворы. Сухоты. Ехалі цягніком. Але даводзілася і пешшу ісьці. І былі галодныя. І Прушынскі наеўся нейкіх сьліваў і дастаў дэзынтэрыі. А то хвароба, якая проста клала цэлыя арміі. І ўжо хворага яго ў шпіталь паклалі. Якраз шпіталь эвакуяваўся ў Кракаў, і яго сюды прывезьлі. Тут і памёр”.

(Бартосік: ) “Наведваць магілы паэтаў, а тым больш магілы за мяжой, – занятак вельмі прыемны. Менавіта так. Гэта вельмі прыемны занятак. Што на Бацькаўшчыне, што за мяжою магілы беларускіх паэтаў вылучаюцца сваёю беларускасьцю ў моры іншамоўных надмагільляў. Але прыемна пабачыць за сотні кілямэтраў ад Беларусі камень, які сваім цяжарам і масіўнасьцю сьведчыць, што нічога ў нас не губляецца. Што ёсьць яна, справядлівасьць памяці. І некім пакладзеныя кветкі на магілу – знак таго, што мы ўсе яшчэ жывыя”.

(Латышонак: ) “Магілу асьвяціў айцец Уладзіслаў Чарняўскі. Ён спэцыяльна прыехаў у Кракаў. Вельмі запомнілася, як прыехаў – у такіх ботах высокіх, вайсковых. Спытаў, дзе могілкі. Я прывёз яго на могілкі. Асьвяціў магілу. І кажа: да дому пара. Я гавару: мо засталіся б, гэта ж Кракаў!.. “Не. – кажа. – Я ўжо сваё зрабіў. Еду дахаты”.

(Бартосік: ) “Насупраць Гаруновай магілы высіцца курган з чорнай стэлаю наверсе. На стэле пяць залачоных літараў. ДОМБЕ. Працягвае Алег Латышонак”.

(Латышонак: ) “Домбе – гэта квартал Кракава, у якім у гадах 1919-1921 знаходзіўся лягер для інтэрнаваных. І тут украінцы паставілі помнік, бо шмат украінцаў у гэтым лягеры трымалі. Але таксама шмат беларусаў з Заходняй Беларусі інтэрнавалі. Настаўнікаў. Ня толькі вайсковых. Домбе – то была ў свой час вельмі вядомая сярод беларусаў. Хапала паставіць беларускую п''есу і ўжо быў ты падазроны. Тады цябе пасылалі ў Домбе. Было такіх лягераў некалькі. Так што тут розных людзей трымалі. Але гэты меў вельмі сумную славу”.

(Бартосік: ) “Прайшло амаль дваццаць гадоў з тае пары, калі адшукалася магіла Гаруна. Зь якім пачуцьцём ты азіраесься туды, чытаючы гэты надпіс на помніку. “І Беларусь-маці долю агледзіць. Устане, як Лазар, з руін забыцьця”.

(Латышонак: ) “Устала. Тады не чакаў, што гэтак хутка гэта станецца. Што Беларусь будзе. Верыў, што будзе, але не чакаў, што так хутка. Над гэтай магілай заўсёды стаю… Перш за ўсё думаю пра Гаруна. Вельмі мне яго шкада. Па чалавечы шкада. Ён паміраў у час разгрому. Калі Чырвоная Армія наступала. Магло здавацца, што ўсё прапала. Меў цяжкае жыцьцё і цяжкую сьмерць. Як над гэтай магілай, далёка ад Беларусі стаю, то заўсёды неяк робіцца сьлёзна. Успамінаю бацьку, які будаваў гэтую магілу. Якога ўжо няма. Усіх нас маладых тады яшчэ. Але як чытаю гэты надпіс, то мацуюся. Усё такі ўстала”.

(Бартосік: ) “Кракаў, напэўна, быў такім самым прыгожым і ў тыя летнія дні 1920-га. Калі ў невыносных фізычных пакутах тут паміраў Алесь Гарун. Цяжка нават уявіць сабе ягоны душэўны стан. Беларусь пад бальшавікамі. Бараніць яе няма каму. Крах усіх плянаў і надзеяў. І пасьля цябе застаюцца не сфармаваныя палкі, не міждзяржаўныя дамовы, не рухункі на працяг кампаніі. А зборнік вершаў. І гэта, як выглядае, зусім нямала”.

(Дубавец: ) “Зьміцер Бартосік разам з гісторыкам Алегам Латышонкам над кракаўскай магілай клясыка беларускай літаратуры Алеся Гаруна канстатавалі, што мара паэта, зьдзяйсьненьня якой ён не пабачыў, на наш час выглядае ажыцьцёўленай. Беларусь – незалежная краіна. А мне падумалася, што паэт Анатоль Сыс ужо ў наш час пайшоў на неба з тым самым пачуцьцём нязьдзейсьненасьці, што і калісьці Гарун. Такое самае ў тваёй краіне абложнае беспрасьвецьце, падобнае ці то на сон, ці то на сьмерць. Зьмянілася нібыта ўсё, але ўнутраны стан паэта, ягонае грамадзянскае пачуцьцё засталося тым самым. І ўсе твае клічнікі пад касым дажджом бясчасься згінаюцца ў прыкрыя і непрыгожыя пытальнікі, быццам кланяюцца камусьці...

Кажуць, калі табе лёг на душу нейкі верш, гэта значыць, што сам паэт ужо пранік у цябе і ўплывае на твае адчуваньні, думкі, паводзіны. У творчасьці Анатоля Сыса ўсё складаецца з гэтых пранікненьняў. Ён пераўвасабляецца ў Апанаса Філіповіча, Сяргея Палуяна, Язэпа Драздовіча, калі піша іхныя маналёгі і тым самым акрэсьлівае сваё, блізкае яму кола. Ён пранікае, ці то каб напоўніць іхныя вобразы сабою ці то каб празь сябе зразумець і адчуць іх. Ёсьць у яго і “Маналёг Алеся Гаруна”.

Гараць камяні ў маім вогнішчы, расьцьвеленыя агнём, нібы ваўчаняты ў логвішчы сонечным прамянём.

У твар мне шугае полымя, ды я ўсё адно бяру каменьні рукамі голымі і гэткім, як сам, дару.

Бяруць і да сэрцаў туляць: няхай нас ратуе боль і вучыць пра бліжніх думаць, пра тых, хто гібее ў золь,

пра тых, хто прамёрз да костак, хто шлях да агню згубіў, хто д’яблу чырвоным хростам Айчыну сваю пазбыў.

Дай бог, каб маё каменьне аднойчы іх апякло, прымусіла ўстаць з каленяў, пайсьці на маё сьвятлою

Я – тут! Я шугаю полымем! Праз боль я зь сябе бяру каменьні рукамі голымі і гэткім, як сам, дару.

Дый бог, каб маё каменьне Жар-птахам дайсьці змагло да тысячных пакаленьняў і сэрцы іх апякло.

Ёсьць паэты зразумелыя і ясныя, а ёсьць тыя, што застаюцца таемнымі, нават калі бачыш такога і гаворыш зь ім штодня. Сыса цягнула да такіх, і сам ён стаў урэшце вялікай загадкай. Наваліўшыся ўсім сьветам, мы больш-менш зразумелі, раскрылі таямніцу Багдановіча і таямніцу Купалы. Але якая гэта была агромністая праца цэлых пакаленьняў! Таямніца Гаруна па-ранейшаму застаецца неразгаданай у цэлай сьціжме такіх вось загадак. У літаратуру прыходзяць новыя творцы і іхнае самалюбства цьвеляць старыя, адкладзеныя на потым таямніцы. Быццам задача таямніц – забясьпечваць жывое жыцьцё культуры. Сёньня да тых неразгаданых тайнаў дадалася яшчэ адна – тайна Анатоля Сыса”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG