Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь разьлічвае уступіць ва Усясьветную гандлёвую арганізацыю (УГА) праз год пасьля Украіны і Расеі


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня ў Жэнэве праходзіла сёмае паседжаньне працоўнай групы ў справе далучэньня Беларусі да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі. Беларускую дэлегацыю ўзначальвае віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў. Адначасова беларускія экспэрты праводзяць шэраг двухбаковых перамоваў на гэты конт, у тым ліку з прадстаўнікамі Эўразьвязу, ЗША, Канады, Японіі. Калі магчымае далучэньне Беларусі да УГА і што гэтаму перашкаджае?

Сёлета Беларусь можа адзначыць своеасаблівы юбілей — дзесяць гадоў з часу падачы заяўкі на далучэньне да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі.

У МЗС Беларусі сьцьвярджаюць, што цяпер перамовы набліжаюцца да завяршальнай стадыі. У штаб-кватэры арганізацыі ў Жэнэве, у прыватнасьці, разглядаецца праект Зводнай справаздачы наконт адпаведнасьці Беларусі стандартам УГА.

Больш актыўна весьці перамовы Беларусь вымушае істотны прагрэс у аналягічных перамовах з гэтай арганізацыяй Расеі і Ўкраіны — найважнейшых гандлёвых партнэраў Беларусі. Ня выключана, што ўжо сёлета ў сьнежні падчас чарговай сэсіі УГА ў Ганконгу да арганізацыі далучыцца Ўкраіна. Расея арыентуецца на гэты ж тэрмін.

Паводле прадстаўніка Беларусі пры міжнародных арганізацыях у Жэнэве Сяргея Алейніка, Беларусь разьлічвае на ўступленьне праз год пасьля Ўкраіны і Расеі.

Былы старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч мяркуе, што за апошнія дзесяць гадоў эканамічнае заканадаўства Беларусі сапраўды наблізілася да стандартаў УГА. Але ня ўсё яшчэ зроблена дзеля таго, каб забясьпечыць аднолькавыя ўмовы для ўсіх суб’ектаў гаспадараньня, скасаваць прэфэрэнцыі і датацыі.

На думку спадара Багданкевіча, каб далучыцца да УГА, Беларусь будзе вымушаная пайсьці на паскоранае рэфармаваньне сваёй эканомікі. Альтэрнатыва — патрабаваньне УГА да Расеі аднавіць мытную мяжу зь Беларусьсю, паступовае скарачэньне зьнешніх рынкаў для беларускіх тавараў. Палітычных перашкодаў далучэньню Беларусі да УГА спадар Багданкевіч ня бачыць:

(Багданкевіч: ) “Увогуле, ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю ўваходзяць многія дыктатуры, таму я б не сказаў, што гэта галоўная перашкода. Калі б была рынкавая эканоміка, то я ня думаю, што палітыка тут была б вызначальнай перашкодай”.

Незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў таксама мяркуе, што адсутнасьць у Беларусі фармальнага статусу рынкавай эканомікі — вельмі істотны недахоп краіны на перамовах з Усясьветнай гандлёвай арганізацыяй. Такая акалічнасьць не перашкодзіла далучэньню да УГА Кітаю, што сталася выключэньнем, аднак вага Беларусі ў сьвеце нашмат меншая, каб і яе прыняць на такіх жа ўмовах, мяркуе спадар Злотнікаў. Ён ня бачыць шанцаў на хуткае далучэньне Беларусі да УГА:

(Злотнікаў: ) “Нашая эканоміка далёка ня рынкавая, і гэта будзе галоўным аргумэнтам супраць, калі будуць заключацца двухбаковыя пагадненьні, напрыклад, са Злучанымі Штатамі ці Эўразьвязам”.

Паводле Леаніда Злотнікава, адной з галоўных прэтэнзіяў да беларускай эканомікі застаецца захаваньне палітыкі дзяржаўнага пратэкцыянізму.

Усясьветная гандлёвая арганізацыя патрабуе ад Беларусі зьмены зьнешнегандлёвага заканадаўства, лібэралізацыі доступу на беларускі рынак паслугаў, зьніжэньня імпартных мытных пошлін адносна шэрагу таварных групаў, зьмяненьня мэханізмаў падтрымкі сельскай гаспадаркі, скасаваньня абмежаваньняў ў банкаўскім сэктары і страхаваньні, сувязі ды іншых галінах эканомікі.

Далучэньне да Ўсясьветнай гандлёвай арганізацыі адкрые перад Беларусьсю недыскрымінацыйны доступ да рынкаў іншых краінаў-сябраў арганізацыі, зьменшыць рызыку абмежавальных захадаў супраць беларускіх тавараў, палепшыць інвэстыцыйны клімат.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG