Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы знаёмяцца са Сьвятым Патрыкам і ірляндзкай культурай


Вячаслаў Ракіцкі, Прага 17 сакавіка адзначаецца Дзень сьвятога Патрыка – нацыянальнае ірляндзкае сьвята, якое стала папулярным ва ўсім сьвеце. Лічыцца, што кожны чалавек у гэты дзень можа стаць ганаровым ірляндцам – варта толькі гэтага захацець. Пра традыцыі сьвята расказвае наш карэспандэнт.

Гісторыі пра жыцьцё Сьвятога Патрыка – сумесь праўды і выдумкі. Вядома, што на пачатку 5-га стагодзьдзя шаснаццацігадовы Патрык быў выкрадзены піратамі і прывезены ў Ірляндыю. Праз 6 гадоў ён змог уцячы і вярнуцца дамоў у Англію. Там ён стаў спачатку звычайным сьвятаром, а пасьля эпіскапам. І ўжо пазьней на ўласнае жаданьне вярнуўся ў Ірляндыю ў якасьці місіянэра. Ірляндцы яго шануюць як сьвятога, які прынёс ім хрысьціянства. Праўда, і да яго існавалі ў Ірляндыі хрысьціянскія кляштары, але, напэўна ніхто да Патрыка ня змог дастукацца да суровых сэрцаў нашчадкаў кельтаў і друідаў.

Пра сьвятога Патрыка складзена шмат легендаў. Адна зь іх пра тое, як ён адным ударам свайго посаху выгнаў з выспы ўсіх зьмеяў, бо яны лічыліся сымбалямі зла. Расьліна шэмрак з трох лісьцікаў (накшталт беларускай канюшыны ці зайцавай капусты), якую Патрык выкарыстоўваў, каб патлумачыць канцэпцыю Тройцы, дагэтуль засталася сымбалем дня Сьвятога Патрыка.

Дзень Сьвятога Патрыка адзначаюць у зялёнай вопратцы. Зялёны колер – колер вясны, гэта і нацыянальны колер Ірляндыі. Кажуць, што нездарма ірляндзкае віскі “Джэймсан” разьліваецца ў бутэлькі зь зялёнага шкла. У гэты дзень ладзяцца фэсты, карнавалы, канцэрты, людзі весяляцца і п’юць шмат піва. Перадусім, знакамітага ірляндзкага “Гінэсу”. І найлепей яно спажываецца ў шалёнай атмасфэры ірляндзкіх пабаў, якія, як і самі ірляндцы, раскіданыя па ўсім сьвеце. І яшчэ ёсьць забабоны: каб год быў шчасьлівым, на паверхню шклянкі зь віскі трэба пакласьці гэтую расьлінку шэмрак.

У Беларусі гэтае сьвята пакуль адзначаецца ня надта шырока. Але ад 1997 году таварыства “Беларусь – Ірляндыя” арганізоўвае сьвяточныя мерапрыемствы. Сёлета нават адбудзецца фэстываль ірляндзкай культуры. У Менскім палацы моладзі 19 сакавіка будзе гучаць ірляндзкая народная музыка. У шэрагу клюбаў і рэстарацыяў таксама пад ірляндзкія мэлёдыі можна пакаштаваць ірляндзкія стравы.

Сёньня ля помніка Янку Купалы адбылася сустрэча аматараў ірляндзкай культуры. Апошнімі гадамі і на менскіх вуліцах можна ўбачыць сьвяточныя шэсьці, праўда, яны не шматлюдныя, летась у іх узялі ўдзел каля 40 чалавек.

Сьвята Сьвятога Патрыка адзначаюць і ў Полацку, дзе існуе “Таварыства аматараў ірляндзкай культуры”. Цікавасьць беларусаў да ірляндзкай культуры расьце, бо шмат падобнага можна знайсьці ў гістарычных лёсах абодвух эўрапейскіх народаў. Перадусім, у прыгнёце іхных моваў і культур цягам стагодзьдзяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG