Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску адбыўся Міжнародны фэстываль сучаснай харэаграфіі


Браніслава Станкевіч, Віцебск З 26-га па 28-га лістапада ў Віцебску праходзіў 17-ы Міжнародны фэстываль сучаснай харэаграфіі. Сёлета зь міжнароднага ён ператварыўся ва ўласна беларускі фэстываль, і, адпаведна, усе ўзнагароды дасталіся тутэйшым выступоўцам. На фэстывальных імпрэзах пабывала наша віцебская карэспандэнтка.

Спачатку колькі словаў пра гісторыю гэтага фэстывалю: у Віцебску ён праходзіў ужо 17-ы раз запар. Усяго ў Віцебску традыцыйна праходзіць каля 30-ці штогадовых фэстываляў, і фэстываль сучаснай харэаграфіі ёсьць найбольш вядомым зь іх – хіба што пасьля “Славянскага базару”. Аднак калі “Славянскі базар” заўсёды меў рэглямэнтаваны афіцыйны характар, бо яго падтрымлівалі на самым вышэйшым дзяржаўным узроўні, то харэаграфічны фэст увайшоў 17 год таму ў культурніцкае жыцьцё Віцебску выключна нефармальна.

Дырэктарка фэстывалю Марына Раманоўская распавядала, што ўсё пачалося з брэйк-дансу, які яна ўпершыню ўбачыла ў 1986-м годзе ў тагачасным Ленінградзе. Гэта незвычайнае мастацтва настолькі яе ўразіла, што яна задумала налета запрасіць у Віцебск усіх, хто працуе ў такім мастацкім накірунку.

Першы фэст адбыўся ў 1987-м годзе, і ледзьве на гэтым ягоная гісторыя не скончылася. Справа ў тым, што брэйкеры, якія зьехаліся тады з усяго Савецкага Саюзу, былі аматарамі сучаснага мастацтва ў самым шырокім сэнсе, у тым ліку й мастацтва графіці, пра якое ў Віцебску тады й ня чулі. Госьці размалявалі на свой густ ўсе вітрыны ў гатэлі, дзе іх пасялілі. І тагачасныя супрацоўнікі абкаму камсамолу, узброіўшыся швабрамі ды анучамі, усю ноч навылёт уласнаручна адмывалі ацэтонам сьцены, каб толькі гарадзкія ўлады, не забаранілі праводзіць фэст на наступны год…

Аднак усё абышлося, і на наступны год фэстываль адбыўся зноў, потым –зноў, а ў 1992-м годзе ён ужо стаўся міжнародным фэстывалем сучаснай харэаграфіі, вядомым пад назвай – IFMC. Балазе, рэспублікі былога Савецкага Саюзу тады ўжо сталіся самастойнымі, і Літва, Расея ды Эстонія прадстаўлялі сваю творчасьць як паўнавартасныя замежныя краіны. З тае пары галоўнай падзеяй фэстывалю стаўся конкурс выканаўцаў, і нават цяжка сказаць,якія краіны не прадстаўлялі тут сваіх канкурсантаў – гэта і Польшча, і Францыя, і ЗША, і Кітай, і Японія, і Ізраіль…

Але ж сёлета фэстываль стаўся выключна беларускім. Як так здарылася? Яшчэ ў 1997-м годзе абвешчана, што Міжнародны конкурс выканаўцаў будзе біеналем – толькі раз на два гады. Але ёсьць і іншая прычына, з-за якой запрашэньне замежных гасьцей увогуле можа стацца праблемай – гэта адсутнасьць сродкаў. Фэстываль афіцыйна фінансуецца гарвыканкамам, але гэта вельмі невялікая сума, і таму арганізатарам даводзіцца шукаць спонсараў.

Паводле шматгадовай традыцыі, галоўным спонсарам фэстывалю ёсьць прадпрыемства “Белвест”, сёлета знайшоўся яшчэ адзін “калектыўны мецэнат” – прадпрыемства “Ролсан”, дзякуючы якому выканаўцы атрымалі прызы – гэта тэлевізар, відэамагнітафон, мікрахвалевыя печкі, ды іншая бытавая тэхніка. Зрэшты, падтрымаць удзельнікаў матэрыяльна былі гатовыя і віцебляне: білеты на канцэрты каштавалі ад 5-ці да 10-ці тысячаў, і ў залі быў поўны аншляг.

Высновы арганізатараў фэстывалю ў часе выніковай прэсавай канфэрэнцыі былі такія: безумоўна, будзе вельмі шкада, калі фэстываль з прычынаў матэрыяльных страціць свой міжнародны статус. Але сваю ролю ў станаўленьні нацыянальнай школы сучаснага харэаграфічнага мастацтва ён усё ж адыграў. Гэта прызналі і гледачы, і Экспэртны савет, які ацэньваў выступоўцаў.

На сёлетнім фэстывалі не было выканаўцаў толькі з Магілёва ды Берасьця. Прадстаўнікі астатніх рэгіёнаў атрымалі ўзнагароды: у намінацыі “Школа” пераможцам прызнанае харэаграфічнае аддзяленьне дзіцячай мастацкай школы з Гомелю, у намінацыі “Артыст” перамагла Вольга Лабоўкіна з Горадні, узнагароду за “Прафэсійнае майстэрства” далі калектыву зь Мінскага ўнівэрсытэту культуры, а ў намінацыі “Дэбют” лепшым прызнаны калектыў з Воршы. Дзьве адмысловыя прэміі – гэтак званую традыцыйную “Безыменную” ды Прэмію імя Яўгена Панфілава таксама атрымалі віцебляне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG