Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікай канцэртнай праграмай у менскім клюбе “Рэактар” “Neuro Dubel” адзначыць сваё пятнаццацігодзьдзе


Севярын Квяткоўскі, Менск 22 кастрычніка рок-гурт “Neuro Dubel” прэзэнтуе свой першы беларускамоўны альбом, які завецца “Tanki”. “Neuro Dubel” – адзін з трох культавых беларускіх гуртоў, на роўні з NRM і “Ляпісам Трубяцкім”. Вялікай канцэртнай праграмай у менскім клюбе “Рэактар” “Neuro Dubel” плянуе адзначыць сваё пятнаццацігодзьдзе.

Альбом “Tanki” – прэцэдэнт у гісторыі беларускай рок-музыкі. Упершыню рок-кумір, які стварыў сабе імя па-расейску, пераходзіць на беларускую мову. Часьцяком бывае наадварот, калі выканаўца пераходзіць на расейскую, каб спадабацца большай колькасьці публікі. Але Аляксандар Кулінковіч мяркуе, што “Tanki” – лепшы альбом гурта за апошнія пятнаццаць гадоў.

(Кулінковіч: ) “Гэта жаданьне рабіць так, як раней не рабіў. Па-другое, гэта грамадзянская пазыцыя. Наша беларускамоўнасьць – гэта даніна павагі нашай краіне”.

Апрача цалкам новых, у альбом гурта “Neuro Dubel” увайшлі некалькі вядомых: на вершы Ўладзімера Караткевіча, таксама напісаная для праекту “Крамбамбуля” песьня “Марскі чалавек”, і стары хіт “Belarus uber alles” перакладзены Вітаўтам Мартыненкам на беларускую.

Як і папярэднія альбомы “дзюбялёў”, “Tanki” маюць кавэр-песьню. Гэта верш Аркадзя Куляшова “Камсамольскі білет”, пакладзены на мэлёдыю “Варшавянкі” й сыграны ў цяжкім стылі. Гэты твор пакуль не адобраны сваякамі Куляшова, але Аляксандар Кулінковіч спадзяецца, што да вялікага канфлікту ня дойдзе.

Ужо не адзін раз за апошнія гады, і таксама летась забараняліся рок-канцэрты. Звычайна – з прыдуманых прычын: ці то адсутнасьці электрычнасьці, ці то фальшывага замінаваньня. Часьцяком такое здаралася і ў менскім клюбе “Рэактар”: зрываліся выступы вучняў беларускага ліцэю і гурту “NRM”…

Сапраўды, выключаць падобную магчымасьць ня варта, але Аляксандар Кулінковіч глядзіць на пэрспэктыву сёньняшняй імпрэзы аптымістычна, і запрашае ўсіх ахвочых на канцэрт, які мае цягнуцца каля трох гадзінаў. У прэзэнтацыі “Танкаў” маюць узяць удзел лідэр гурту “Палац” Алег Хаменка, удзельніца праекту “Крамбамбуля” Гюнэш Абасава, а таксама Лявон Вольскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG