Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тарашкевіца, наркамаўка, “таракамаўка”, трасянка – калі ж беларусы дамовяцца пра правапіс?


Валянціна Аксак, Менск Завяршаецца праца групы адмыслоўцаў дзеля ўнармаваньня клясычнага правапісу беларускае мовы, званага тарашкевіцай — па прозьвішчы аўтара першай граматыкі Браніслава Тарашкевіча. Зьведзеныя да аднаго варыянту вынікі шматгадовых дыскусій і спрэчак моваведаў будуць пададзеныя ў новым падручніку і слоўніку. Ці паўплывае гэта на колькасьць карыстальнікаў клясычнага правапісу? І ці надзённая гэтая праца ў сытуацыі рэзкага звужэньня арэалу беларускае мовы ва ўсіх сфэрах жыцьця краіны?

Гэтыя ды іншыя пытаньні сучаснага функцыяваньня беларускае мовы і яе будучыні ў нашай менскай студыі абмяркоўваюць каардынатар групы ўнармаваньня клясычнага правапісу Зьміцер Саўка і старшыня Таварыства беларускае мовы імя Францішка Скарыны Алег Трусаў.

(Валянціна Аксак: ) “Паводле вынікаў апошняга перапісу насельніцтва, траціна беларусаў штодзённа гаворыць роднаю мовай. Спадар Саўка, колькі зь іх, на вашую думку, прамаўляе згодна асноўнага правіла беларускае мовы: як чуецца так і пішацца, гэта значыць, клясычна зьмякчае зычныя? І колькі беларускіх выданьняў цяпер выкарыстоўваюць клясычны правапіс?”

(Зьміцер Саўка: ) “Наўрад ці падасьць нехта дакладныя лічбы, і наўрад ці яны патрэбныя. Хутчэй за ўсё важна, якое месца ў беларускіх патрыётаў займае тарашкевіца. Гэта — сымбаль і тое, што атаясамляецца ў беларусаў з вольным, нязмушаным разьвіцьцём беларускае мовы. У той жа час наркамаўка атаясамляецца з савецкім пэрыядам разьвіцьця беларускае мовы. І з гэтай прычыны, відаць, вымяраць лінейкаю, вымяраць лічбамі гэта наўрад ці магчыма”.

(Аксак: ) “Спадар Трусаў, наколькі мне вядома, дакумэнты Таварыства беларускае мовы і абедзьве газэты аб’яднаньня — “Наша слова” і “Новы час” — пішуцца і друкуюцца зьмененым рэформаю 1933 году правапісам. Ці азначае гэта прынцыповы выбар ТБМ на карысьць гэтак званае наркамаўкі?”

(Алег Трусаў: ) “Па-першае, не існуе сёньняшняй тарашкевіцы. Мы колькі разоў прапаноўвалі гэтым аўтарам даць нам матэрыялы будучага падручніка ў “Наша слова” — і мы іх з задавальненьнем надрукуем для ўсеагульнага абмеркаваньня. Вінцук Вячорка абяцаў гэта зрабіць яшчэ колькі гадоў таму, але да гэтага часу мы так нічога і не атрымалі. І мы ня можам дазваляць у сваіх газэтах, каб кожны пісаў так, як хацеў. Больш таго, нашыя газэты чытаюць настаўнікі, чытаюць дзеці, і ёсьць жа нейкая сыстэма ў іх. І самае галоўнае — мы ўвесь час кантактуем з уладамі, і калі мы ўладам напішам ліст на фармальна не такім правапісе, то, па-першае, яны нам не адкажуць, па-другое, узьнікнуць складанасьці. Наша мэта — паступова ўдасканальваць наркамаўку, устаўляць у яе ўсё больш і больш спрадвечна беларускіх словаў, што мы і робім у нашых газэтах, напрыклад, мы ўсюды пішам “Менск” замест “Мінск” і г.д.”.

(Аксак: ) “Выразнае разьмежаваньне прыхільнікаў і праціўнікаў клясычнага правапісу пачалося напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагодзьдзя, у час новай хвалі беларускага адраджэньня. Але быў тады пэрыяд, калі стаў мажлівым кампраміс між імі. Была ўтвораная адмысловая дзяржаўная камісія, якая мусіла навукова выпрацаваць і заканадаўча аформіць гэты кампраміс, зрабіць з двух правапісаў нейкі сярэдні – адзіны. Аднак камісія тая сваёй місіі ня выканала. Тым часам зьявіліся выданьні, якія на сваіх старонках паядноўваюць карыстальнікаў абодвух правапісаў – “ARСHE ”, да прыкладу. А некаторыя аўтары (скажам, новага часопісу “Дзеяслоў”) самі пішуць нейкім зьмешаным варыянтам, які дасьціпнікі ўжо ахрысьцілі таракамаўкай. Пытаньне да абодвух. Як вы ставіцеся да гэтае практыкі? Ці плённая яна?”

(Саўка: ) “Дзяржаўная камісія, пра якую вы згадалі, я мяркую, выканала сваю задачу, а менавіта яна прыняла пэўныя рэкамэндацыі. І гэтыя рэкамэндацыі былі пазьней апублікаваныя Таварыствам беларускае мовы ў адмысловым зборніку. Такім чынам, лінгвістычны момант дзейнасьці гэтай камісіі быў завершаны. Іншае пытаньне, наколькі ён быў пасьпяховы. Калі бы палітычная сытуацыя не зьмянілася, як гэта адбылося ў 1994 годзе, калі камісія яшчэ дапрацоўвала свае рэкамэндацыі, мяркую, яе рэкамэндацыі былі бы прынятыя да разгляду дзяржаўнымі органамі, і вельмі мажліва, што сёньня мы мелі бы іншы правапіс. У якім замацаваліся б, прынамсі, асноўныя моманты тарашкевіцы, і несумненна — пазначэньне асымілятыўнае мяккасьці”.

(Трусаў: ) “Тут я са спадаром Саўкам цалкам згодны па першай частцы пытаньня. А да таго, што пішуць рознымі правапіснымі варыянтамі ў выданьнях, я стаўлюся вельмі добра. Справа ў тым, што я вельмі ўхваляю тое, што ў нас цяпер розныя варыянты правапісу, і не сумняюся, што як стабілізуецца палітычная сытуацыя, будзе зноў створаная новая дзяржаўная камісія і будзе прыняты новы правапіс незалежнай Беларусі, які ў сябе ўбярэ ўсё самае лепшае з усіх гэтых варыянтаў. Цяпер, дарэчы, вельмі цікавая зьява — беларуская мова ўпершыню ідзе ўшыркі. Яна разьвіваецца на ўсіх кірунках, асабліва ў інтэрнэце. І я ня згодны з тым, што ўжываньне нашай мовы ва ўсіх сфэрах дзейнасьці звужаецца. Яна звужаецца ў адных сфэрах і рэзка пашыраецца ў іншых”.

(Саўка: ) “Рэч у тым, што вельмі часта правапісныя моманты блытаюцца з момантамі лексычнымі й зьявамі іншых моўных узроўняў. Адбываецца зьліцьцё хутчэй не правапісных стандартаў, а дзьвюх традыцыяў: савецкай традыцыі й несавецкай, якая разьвівалася ў Заходняй Беларусі й пазьней на эміграцыі. І гэта, несумненна, станоўчы працэс. Плюс — існаваньне двух стандартаў, узаконенага і неўзаконенага, але альтэрнатыўнага. На сёньняшні дзень гэта неспрыяльна, але ў будучыні гэта, калі хочаце, крыніца ўдасканаленьня афіцыйнага правапісу”.

(Аксак: ) “Тым часам, не дасягнуўшы агульнага моўнага адзінства, група навукоўцаў узялася ўнармоўваць варыянты клясычнага правапісу, існаваньне якіх фармавалася ці не вакол кожнага карыстальніка. Ці азначае гэта, што вашая камісія, спадар Саўка, выключае кампрамісы з наркамаўкай і прызнае будучыню толькі за клясычным правапісам?”

(Саўка: ) “Наша задача — рэпрэзэнтаваць беларускую мову ў тым абліччы, у якім яна, на наш пагляд, будзе пазбаўленай розных скажальных уплываў, найперш русыфікацыйных, але таксама ў нейкай ступені і палянізацыйных, і г.д. Гэта пагляд на беларускую мову праз прызму яе самой, але не праз прызму іншых моваў, у тым ліку і моваў, выбачайце, нашых калянізатараў”.

(Аксак: ) “Спадар Трусаў, як на вашую думку, ці павялічыцца колькасьць прыхільнікаў і карыстальнікаў тарашкевіцы з выданьнем новага яе падручніка і слоўніка?”

(Трусаў: ) “Справа не такая простая. Ёсьць адзін варыянт наркамаўкі, і ёсьць столькі варыянтаў, колькі карыстальнікаў, тарашкевіцы. Таму я лічу, што самая галоўная задача цяпер — зрабіць сучасную тарашкевіцу. І калі яна будзе зробленая, то яшчэ невядома, ці павялічыцца колькасьць жадаючых ёю пісаць, ці тыя жадаючыя як пісалі, так і будуць пісаць так, як прывыклі”.

(Саўка: ) “Хацеў бы адразу запярэчыць спадару Трусаву. Уяўленьне пра наркамаўку як пра абсалютна адзіны, кадыфікаваны правапіс, не адпавядае рэчаіснасьці. Напрыклад, правапіс складаных словаў. Калі вы параўнаеце, як гэта зроблена ў самым вялікім артаграфічным слоўніку пад рэдакцыяй Бірылы, і як гэта рэалізавана, скажам, у Беларускай энцыкляпэдыі, вы пераканаецеся ў тым, што наркамаўка таксама дарэшты неўнармаваная. Што да тарашкевіцкага зводу, які мы рыхтуем, скажу наступнае. Мы атрымалі ад рэдактараў шэрагу выданьняў, якія практыкуюць тарашкевіцу, запэўніваньні, што як толькі звод зьявіцца, яны адразу пераходзяць на пастуляваныя ў ім артаграмы. Нашым лёзунгам у працы ёсьць наступны: старыны ня рушыць і навіны ня ўводзіць. І я думаю, што некаторыя зь яркіх, шчырых, адданых прыхільнікаў наркамаўкі і тарашкевіцы таксама пераканаюцца ў тым, што нашая пазыцыя была канструктыўнай”.

(Аксак: ) “Ці правільна я вас зразумела, што дыскусійны пэрыяд працы ўжо завершаны?”

(Саўка: ) “У агульных рысах — так. На наступным тыдні мы зьбіраемся для таго, каб падвесьці вынікі анкетаваньня. Мы разгледзім, за што прагаласаваў народ, за што прагаласавалі спэцыялісты, і прымем рашэньні. Наступны этап — гэта выгаблёўваньне фармулёвак. Адна рэч — прыйсьці да прынцыповага рашэньня, што будзе пісацца ў тым ці іншым слове, іншае пытаньне — сфармуляваць само правіла. І наступны этап — гэта рассыланьне на рэцэнзію спэцыялістам і літаратарам цэлага зводу, а ня толькі ягоных разьдзелаў. Пасьля гэтага па новай мы зьбіраемся і абмяркоўваем рэцэнзіі, уносім зьмены і перадаем у друк. Будзе выдрукавана брашура, тэкст яе будзе вывешаны ў сеціве, і, натуральна газэта, “Наша Ніва” абавязалася надрукаваць звод”.

(Трусаў: ) “Мы таксама надрукуем у “Нашым слове”. Мы даўно чакаем гэтага…”

(Саўка: ) “Спадзяемся…”

(Аксак: ) “Але надрукавана гэта будзе дзеля далейшага абмеркаваньня ці для таго, каб ваш звод прыняць за правіла?”

(Саўка: ) “Вельмі важнае пытаньне. Рэч у тым, што аб’ектам абмеркаваньня была публікацыя спадара Вячоркі ў часопісе “Спадчына” ў 1995 годзе. Яна і называлася “Спроба ўнармаваньня…” І рэагаваць можна было на яе амаль цэлае дзесяцігодзьдзе. Падсумоўваючы гэтыя рэакцыі, адной з самых важных рэакцый, дарэчы, было абмеркаваньне на Праскай канфэрэнцыі, якая ладзілася пад эгідай Радыё Свабода, і практыку ўжываньня тарашкевіцы ў апошнія 15 гадоў, мы выдаем канчатковы прадукт”.

(Аксак: ) “І праз колькі гадоў, па-вашаму, народ будзе прымаць ваш звод за правіла?”

(Саўка: ) “Пэўная частка народу не прымае ніякіх зводаў: ні наркамаўскага, ні тарашкевіцкага і слаба ўяўляе сабе, пра што ідзе гутарка. Думаю, нам варта казаць пра эліты, пра людзей, якія вызначаюць магістральныя шляхі разьвіцьця грамадзтва, у тым ліку і разьвіцьця мовы”.

(Аксак: ) “Спадар Трусаў, вашае меркаваньне на гэты конт”.

(Трусаў: ) “Калі такі правапіс зьявіцца, то тады ў нашай мове канчаткова завершыцца постсавецкі пэрыяд, і пачнецца новы пэрыяд сапраўднай, незалежнай Беларусі, дзе мова працуе зусім па іншых законах. Я бачу гэта як канец постсавецкага моўнага пэрыяду — з 1991 па 2004 год”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG