Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны арбітражны суд абавязаў менскі бровар “Крыніца” вярнуць расейскай “Балтыцы” 3,5 мільёна даляраў


Ігар Карней, Менск Расейскі бровар “Балтыка” празь Міжнародны камэрцыйны арбітражны суд пры Гандлёва-прамысловай палаце Расейскай Фэдэрацыі вынес рашэньне спагнаць зь менскага заводу “Крыніца” 3,5 мільёна даляраў. Расейцамі ў разьвіцьцё прадпрыемства было ўкладзена 10,5 мільёна даляраў. Між тым, беларускі бок катэгарычна ня згодны з прэтэнзіямі “Балтыкі”.

Канцэрн “Белдзяржхарчпрам”, у падпарадкаваньні якога знаходзіцца менскі бровар “Крыніца”, зьбіраецца абскардзіць рашэньне суду. Паводле кіраўніцтва канцэрну, “Балтыка” сама вінная беларусам 3,5 мільёна даляраў. Вось што ў адказ на гэта распавёў прадстаўнік “Балтыкі” Аляксей Кедрын:

(Кедрын: ) “Паводле расейскага заканадаўства, калі ідзе пагашэньне запазычанасьцяў, у першую чаргу гасяцца пэні й судовыя выдаткі. З улікам тых умоваў прадстаўленьня сродкаў, якія існавалі, утварылася пэўная сума: нам былі залічаныя адразу пэні й судовыя выдаткі й частка запазычанасьцяў”.

Спадар Кедрын дадае, што менавіта гэтая сума — патрабаваныя расейцамі 3,5 мільёна даляраў. І нешта аспрэчваць тут нелягічна. Дарэчы, ужо цяпер запазычанасьць “Крыніцы” перад крэдыторамі, найперш, “Прыёрбанкам” і “Беларусбанкам”, складае амаль 40 мільёнаў даляраў. Пасьля таго, як да гэтай сумы дадаліся яшчэ тры з паловай мільёна, “Крыніца” паўстала перад небясьпекай спыненьня вытворчасьці. Таму ўсялякія размовы пра сёньняшні судовы працэс адміністрацыя “Крыніцы” ўспрымае нэрвова. Вось як адрэагаваў на маё пытаньне прадстаўнік “Крыніцы” Яўген Новікаў:

(Новікаў: ) “Яны ніколі, пэўна, не супакояцца... Але ж гэта рынак, што тут зробіш?.. Нічога не магу камэнтаваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG