Быкаў згадваецца часта. Раптам перад табой раскрываецца сьвет ягоных герояў і ты сярод іх бачыш сябе самога. Гэтым разам ён згадаўся зусім не таму, што я ехаў на прэзэнтацыю ягонай кнігі і не таму нават, што дарогаю разважаў пра ягоную творчасьць. Гэта заўсёды адбываецца не таму, без фармальных прычынаў.
Каб патрапіць у Менск, у Дом літаратара, мне трэба было зь літоўскага боку пераехаць беларускую мяжу. Спакойны дзень, сонечнае надвор’е, ані чаргі перад шлягбаўмам – усё схіляе да ўдалага і ва ўсіх сэнсах нармальнага падарожжа. Што б тут магло здарыцца?.. Падыходжу да вакенка, за якім сядзіць памежнік, падаю яму пашпарт. Ён нетаропка бярэ дакумэнты і набірае нешта ў кампутары. Далей адбываецца наступнае. Быццам нехта зьверху адчыняе заслону неба, і на мяне абрынаецца тона халоднай вады. Зьліва доўжыцца літаральна хвіліну. Літаральна за хвіліну я – мокры да апошняе ніткі. Некалькі сэкундаў нечаканае і незразумелае безвыходнасьці. Што можна зрабіць? Ніякага схову ад зьлівы тут не прадугледжана... Калі памежнік гэтаксама нетаропка аддае мне дакумэнты, зноў сьвеціць сонца. Хліпаючы вадой у чаравіках, я вяртаюся ў машыну і заўважаю, што часу да пачатку прэзэнтацыі застаецца няшмат. Літаральна за хвіліну карціна сьвету зьмянілася з лагоднай на экстрэмальную. Сушыцца няма як і няма дзе, да таго ж трэба сьпяшацца, ляцець. Вы скажаце, няштатная сытуацыя. А я скажу, што гэта быкаўскі ці, калі хочаце, беларускі экзыстэнцыялізм. Менавіта ў такіх сытуацыях сам сабою, без фармальных прычынаў і згадваецца Быкаў. Ён згадваецца, калі нявыкрутка.
Нявыкрутка – слова зь беларуска-расейскага слоўніка безэквівалентнае лексыкі. Нявыкрутка – гэта сытуацыя і стан быкаўскіх герояў, што робіць Быкава безэквівалентным пісьменьнікам. Нявыкрутка на пэўных этапах – сытуацыя і стан усяго нашага грамадзтва. Васіль Быкаў – пісьменьнік беларускай нявыкруткі.
Натуральна, большасьць ягоных герояў церпіць ад немцаў, ад паліцаяў, ад партызанаў, словам, ад іншых. Але калі іншых няма, нявыкрутка нікуды не дзяецца, яна можа абрынуцца зьліваю зь неба, вырвацца з уласнага розуму або цела. Гэтая бліскавічная катастрофа да часу тоіцца ў сэрцы, як дзіцячы вусьцішны жах. Можа быць, гэта – узроставы комплекс маладое нацыі?
Паказальны ў гэтым сэнсе пэрсанаж – Пятрок з аповесьці “Знак бяды”. 1937 год. Аднавяскоўцы пасылаюць Петрака ў Менск – да Аляксандра Чарвякова з калектыўным лістом у абарону свайго старшыні калгасу. Некалі старшыня ўраду Чарвякоў заяжджаў да іх у вёску і нават пазычыў Петраку чырвонец. Таму было дзьве патрэбы – аддаць ліст і грошы.
Быкаўскі “дзядзька ў Менску” паўтарае сюжэт коласаўскага “дзядзькі ў Вільні”. Розьніца ў тым, што ў Петрака ўжо няма ані зьдзіўленьня, ані ўвогуле ніводнае пазытыўнае эмоцыі. Калі Коласаў Антось яшчэ й чарку ўзяў з новым знаёмцам ды разам злазілі на Замкавую гару – палюбавацца горадам, калі ў ягоным самапачуцьці страх перамагаецца гумарам і самаіроніяй, дык быкаўскі Пятрок – чыста загнаны зьвер, які круціцца ў лябірынце нявыкрутак. Прычым усе ягоныя нявыкруткі зыходзяць ад яго самога. Пачынаецца з вопраткі:
“Апранута на Петраку было ўсё лепшае для такога выпадку: ня новыя, але чыстыя картовыя штаны, вымытая Сьцепанідай сацінавая кашуля, трохі, праўда, залапленая ля каўняра ззаду. Але лапіка таго не было відаць, бо на плячах быў надзеты руды, даматканага сукна пінжак...”
Нагадаю, аповесьць называецца “Знак бяды”. І гэты вось лапік на каўняры – таксама знак. На сьпякотным асфальце люднага гораду нашаму герою давядзецца сплысьці не адным потам у сваім даматканым пінжаку, абы не сьвяціць латку. Аднак, каб жа толькі гэта...
“Так ён памалу клыпаў па людным пэроне сярод нязвыклай для яго людзкой гаманы і беганіны, скаланаючыся ад раптоўных паравозных гудкоў і зьнянацкага чмыханьня пары з-пад абмазучаных вагонных колаў. Галава яго была бы ў п’янога – аж гуло ў ёй і круцілася, і ён не разумеў, ці то ад бяссоннай ночы ў перапоўненым людзьмі вагоне, ці ад гэтай гарадзкой калатнечы”.
Усё гатова да катастрофы, да нявыкруткі. Быццам гэта сама ўвасобленая ў чалавечы вобраз нявыкрутка ідзе па Менску, гатовая да самага нечаканага і жахлівага разьвіцьця падзеяў. Мэта падарожжа – толькі адна з доўгага сьпісу перашкодаў. Мне падумалася пра палітыку і пра тое, што з такім самапачуцьцём, зь якім Пятрок ідзе па Менску, беларусы ідуць на выбарчыя ўчасткі. Сам працэс выбараў – толькі адзін у доўгім сьпісе патаемных страхаў. Інакш нічым і не растлумачыш, што на рэфэрэндуме людзі галасуюць за тое, каб ня ведаць, куды ідуць дзяржаўныя грошы. Так і Пятрок, ідучы да Чарвякова, насамрэч увесь час памыкаецца не патрапіць да мэты.
“Яшчэ празь невялікі час, не дайшоўшы, аднак да павароткі, дзе халопеніцкі чалавек наказваў павярнуць управа, ён адчуў, што зрабіў памылку, абуўшы ссохлыя за вясну боты, якія цяпер страшэнна мулялі пальцы, аж неяк было ісьці”.
Тым часам герой выходзіць нарэшце да Дому ўраду. Ён прыгаломшаны колькасьцю дзьвярэй і напалоханы выглядам парадна апранутага міліцыянта. Пятрок пачынае хадзіць кругамі. Ён набліжаецца да міліцыянта, пасьля ногі самі праносяць яго міма. Адыйшоўшыся, ён стараецца перамагчы ў сабе страх, ацірае пот з твару, і зноў кіруецца да запаветнага будынку...
“Пятрок зноў пашкандыбаў да будынку-гмаху, стараючыся не зьвяртаць увагі на бот, які па-ранейшаму націраў пальцы. Як на тую бяду, да яго падступілася і ўсё болей пачала турбаваць звычайная чалавечая патрэба, але цяпер было не да яе, і Пятрок трываў”.
Гэта ён сам сабе сказаў, што яму не да патрэбы і што трэба трываць. Але дзе ж там стрываеш. Зь іншага боку, на тую, першую нявыкрутку гэтая налегла апраўданьнем новае магчымасьці хоць бы на час унікнуць таго вусьцішнага візыту. Толькі ж дзе ты тут пасярод гораду справісься...
“Мала што заўважаючы навакол, ён адышоўся далёка за чырвоны касьцёл і ўжо не спыняўся. Спыніцца – значыла для яго павярнуць назад, зноў да Дому ўраду, а вяртацца ў яго ўжо не ставала сілы. Зноў жа ягоная патрэба вымагала пэўнага месца, якога ён нават ня ведаў дзе тут шукаць. Тым часам ранак, мусіць, перайшоў на дзень, над дахамі закапцелых камяніц ускацілася сьпякотнае сонца, і так прыпякло, што хоць плач. Пятрок, колькі было змогі, трываў, хоць яму было ўжо ня душна, а горача ў суконнай адзежыне. Нага балела ўсё болей, ступню ён стаўляў цяпер бокам. Не на жарт ён пачаў хвалявацца, бо ішоў час, а таго, што шукаў, нідзе не было відаць”.
Сапраўды, ані гайка якога, ані хмызоў... Блуканьне па пакутах Петрака ў Менску зусім ня менш пакутлівае, чым блуканьне Рыбака і Сотнікава, або селяніна Роўбы, якога гоніць аблава, або чарнобыльскіх сьмяротнікаў. Праўда, у іх гэтае блуканьне хоць бы матываванае вайной ці бядой. А тут, па вялікім рахунку, зусім мірная сытуацыя. Горад, лета, у парку гуляюць парачкі і гуляюцца дзеці, нехта на лаве чытае кніжку. Аднак самапачуваньне героя ад гэтага не зьмяняецца. Беручы гэтае самапачуваньне ў чыстым выглядзе, разумееш, што і ня ў тым рэч, што Пятрок – селянін, які апынаецца пасярод нязвыклага гарадзкога жыцьця. Ягоная нявыкрутка гатовая быць зразуметай як нацыянальная адметнасьць беларуса.
Спакутаваны Пятрок урэшце парываецца ў нейкі двор і ў драўляным будане прызнае прыбіральню. Жыцьцё, так сказаць, прымушае адкінуць ці на імгненьне забыць свае комплексы. Жыцьцё бярэ сваё. Таксама мэтафара нацыянальных асаблівасьцяў. Ня мы бярэм сваё жыцьцё ва ўласныя рукі, а яно ўрэшце перастае лічыцца з нашымі дзіцячымі капрызамі і распараджаецца намі як дарослымі людзьмі.
“З узноўленай горкай рашучасьцю ён патупаў па той жа сьпякотнай старане вуліцы ў процілеглым напрамку. Ужо цьвёрда наважыўся: няхай хоць што будзе, а ён падыдзе да міліцыянта і запытае. Па-ранейшаму дужа кульгаючы, дашчэнту спатнелы пад тоўстым суконным пінжаком, з кужэльнай тарбінкай у руцэ Пятрок прамінуў чырвоны касьцёл і набліжаўся да рога тае запаведнай і страхотнай будыніны”.
Перамогшы свае ўласныя нявыкруткі, Пятрок нарываецца ўжо на іншую перашкоду, ня ім створаную. “Памёр, дзядзька, Чарвякоў” – паведамле яму міліцыянт. Дакладней, скончыў жыцьцё самагубствам, бо меў сваю нявыкрутку – катастрофу беларускага нацыянал-камунізму. Але пра гэтыя дэталі Пятрок ведаць ня будзе.
Натуральна, у кнізе ёсьць мноства катастроф – і немцы, і партызаны, і паліцаі, і карнікі-калектывізатары, а нават суседзі. У аповесьці “Аблава” бацьку заганяе на сьмерць у багну родны сын-камсамолец. Творчасьць Быкава – гэта цэлая анталёгія чалавечых нявыкрутак. І калі нават няма вонкавае агрэсіі і катастрофы, нявыкрутка ўсё адно знаходзіцца ў табе самым. І тады гэта ўжо ня вынік вонкавага напору, а рыса нацыянальнага характару. Катастрафічная проза бязьлітасна адлюстроўвае катастрафічную сьвядомасьць, якая ператварылася ў катастрафічную мэнтальнасьць.
Герояў Быкава ніколі не перапаўняе радасьць жыцьця, памкненьне да творчасьці, ці хоць бы да авантуры. Іхны сьвет складаецца зь перашкодаў і страху, так падобнага на дзіцячы, бо дзіцячы страх самы страшны. Але на выхадзе такой творчасьці заўсёды ёсьць катарсіс, бо быкаўскія творы, абсалютна пэсымістычныя ў сваіх фабулах, не пакідаюць у чытача адчуваньня безвыходнасьці і пэсымізму. Растлумачыць гэта можна тым, як мы ставімся да вусьцішы дзіцяці – са спачуваньнем і суцяшэньнем.
“Гуляньне” нацыі ў самую сябе – яшчэ адна характэрная рыса дзяцінства нацыі – найлепей праглядаецца там, дзе няма прафэсіяналаў. Начальства гуляецца ў начальства, дыпляматы ўдаюць зь сябе дыпляматаў, а тэлевізійныя вядучыя гуляюцца ў тэлезорак. Яны ўсе таксама, як народ на рэфэрэндуме ці як Пятрок у Менску, нібы ўнікаюць сваёй галоўнай місіі, якая ад таго выглядае як заўсёдная нявыкрутка, а ў выніку – у згаданых сфэрах начальства, дыпляматыі ці тэлевізіі – цалкам ператвараецца ў фальш.
З аднаго боку, чалавек сапраўды загнаны ў кут. Зь іншага боку, гэта ўжо такі чалавек. Куды яго ні разьмясьці – у самыя зручныя і спрыяльныя ўмовы, ён усё адно будзе пакутаваць, прыцярпевацца да чаго-небудзь іншага, скажам, да незвычайнасьці гэтых зручных умоваў. Вось рыса, якая ўелася ў мэнтальнасьць, працяла ўсё і ўся, у тым ліку грамадзкае жыцьцё і вобраз нацыі, вобраз краіны.
Галадоўка дэпутатаў – гэта таксама нявыкрутка. Уявіць сабе такое ў нейкай іншай эўрапейскай краіне немагчыма. Але яна, галадоўка, таму і ня будзіць масы, што гэта ня іншая краіна, а Беларусь, дзе ўсе і ўвесь час рыхтуюцца не да змаганьня за лепшае жыцьцё, а да нявыкруткі і самое жыцьцё ўяўляецца такой вось нявыкруткай.
Характэрная рыса цяперашняга беларускага ладу добра пазнаецца на той самай мяжы, якую мне давялося пераяжджаць. Зь літоўскага боку вас правярае адзін чалавек. Уся працэдура займае 2-3 хвіліны, незалежна ад таго, хто выконвае гэтыя функцыі – якога характару чалавек. Зь беларускага боку вамі займаюцца людзі ў васьмі вакенках, прычым у трэцім вакенцы могуць перакусваць, у пятым глядзець футбол, а ў сёмым спаць. Гэта ўсё трэба ўлічваць, і самае галоўнае, нікуды не сьпяшацца. Інакш нявыкрутка гарантаваная.
Тыя восем чалавек у вакенках – зусім някепскія людзі, і кожны зь іх, ствараючы іншым нявыкруткі, сам увесь час жыве ў нявыкрутках, створаных яму іншымі. А тыя іншыя таксама ў нявыкрутцы ад іншых. І так – да першай асобы ў краіне, якая ад пачатку стала ўвасабленьнем нявыкруткі.
Атрымаўшы магчымасьць волевыяўленьня, першае, што мы зрабілі – гэта засумняваліся ў такой магчымасьці. Усе народы ўзялі квіток на цягнік, селі і паехалі, а мы дагэтуль стаім на пэроне і разважаем пра тое, што беларусы спазьніліся на свой цягнік, як разважаў герой быкаўскага “Кар’ера”. А калі не спазьніліся, дык можам спазьніцца, абавязкова спозьнімся... Стойце, ды вось жа ён, цягнік, чакае нас, урэшце гатовы зноў і зноў везьці нас тым маршрутам волевыяўленьня... Але мы адвыклі верыць у тое, што ўсё можам зрабіць самі. Мы – Сізіфы, мы коцім свой камень угару нават тады, калі вонкавы праклён зьняты і можна ісьці сабе роўным полем і бяз каменя. Але як зьняць той праклён унутраны? У народзе гэта называюць “боязьзю сурочыць” – спадзявайся на добрае, а рыхтуйся ўвесь час да горшага.
Герой быкаўскай прыпавесьці “Сьцяна”, зьняволены ў чатырох сьценах, калупае каменны мур. Ён можа рабіць гэта тыднямі, месяцамі, гадамі. Вось дзе воля да жыцьця! Але нарэшце пралаз у сьцяне зроблены і герой апынаецца... не на волі, а перад новай сьцяной. Сытуацыю нельга растлумачыць аўтарскім пэсымізмам або мізантропіяй, бо ні першага, ні другога чытач не вычувае. Таму тут больш складанае, чыста беларускае тлумачэньне: гэта нявольнік, калупаючы мур, так доўга засьцерагаў сябе ад суроку, што ягоныя думкі пра новую перашкоду ўрэшце матэрыялізаваліся, сталі рэальнасьцю.
Але неяк жа ўмудраюцца людзі ў іншых краёх жыць бяз гэтых нявыкрутак. Ці можа ў нашай сытуацыі гэта было б крокам супраць уласнай прыроды? Пачынаючы новую справу, ня думаць пра кепскае, не ісьці па жыцьці, а ляцець, прамінаючы тыя надуманыя перашкоды. Лягчэй глядзець на ўсё. Зьмяніць самую мэтодыку думаньня і дзеяньня. Палюбіць свабоду і незалежнасьць, арыентавацца на посьпех, на стварэньне, на радасьць, а не разграбаць завалы і думаць адно пра правалы... Трэба каб камусьці ў нечым пашанцавала – адзін раз, другі, трэці. Удача і вера ва ўдачу, у сябе, у іншых людзей – гэта мабыць і ёсьць выхад з хранічнай нявыкруткі. Калі ж гэтая вусьціш – сапраўды толькі комплекс маленства, як тая дунда, безь якой дзіця перастае ўяўляць гэтае жыцьцё магчымым, дык зь нявыкруткай трэба разьвітвацца рашуча, як з дундай. Адвыкаць.
Катастрафічная мэнтальнасьць, з гледзішча мэдыцыны, – гэта безумоўна хвароба, але такая, ад якой, нібыта, не паміраюць. Яна вельмі нагадвае радыяцыю, тое, чаго не відаць і не чуваць. Можна жыць. А калі можна жыць, дык можна звыкнуцца, як да нормы. На дзяржаўным узроўні гэта ўжо называецца нацыянальнымі асаблівасьцямі, сваім гістарычным шляхам, адметным лёсам. Маладая нацыя, якая яшчэ ня звыклася выяўляць волю самастойна, абірае такога кіраўніка, які яе недахопы і хваробы падае як нацыянальную спэцыфіку і нават перавагу над іншымі. “Мы жывем ня горш, а нават лепш за іншыя былыя рэспублікі СССР!”
На зьмену катастрафічнай мэнтальнасьці мусіць прыйсьці пазытыў. А адзіны пазытыў – гэта любоў да свайго – да людзей, зямлі, мовы, да ўласнай гісторыі і да сябе самых. Адсюль ясьней відаць і кірункі нацыянальнай літаратуры пасьля Быкава. Быкаў урэшце выкіраваўся да жанру прыпавесьці – да максымальнага абагульненьня катастрафізму ў показках і схемах. Наступны крок – гэта сатыра, жанр ачышчэньня, які так чакаецца, але ніяк не праб’ецца да жыцьця. Вось чаму сапраўдным пераемнікам справы Быкава будзе ня той, хто застанецца ў жанры катастрофы, а сатырык, які зробіць наступны крок.
Выглядае, што і сам Васіль Быкаў, каб меў яшчэ крыху жыцьцёвага запасу, прыйшоў бы менавіта да гэтага жанру, які начыста адсутнічае ў нашай сучаснай літаратуры. Адзін з самых апошніх твораў пісьменьніка – караценькі абразок “Інтэграцыя”, які надрукаваны ў апошнім нумары часопіса “Дзеяслоў” сьведчыць пра гэта.
Гэта фантасмагорыя. Камандуючы з зацятага інтэгратара ператвараецца ў заўзятага абаронцу незалежнасьці краіны. У гэтай справе пад ягонае кіраўніцтва пераходзяць усе апазыцыйныя лідэры, названыя тут амаль сваімі імёнамі. Пачынаецца вайна Беларусі і Расеі, якую Беларусь вельмі хутка прайграе. Камандуючы аддае загад свайму войску – ня дацца праціўніку жывымі. Пачынаюць страляцца. Хто сам, каму дапамагаюць іншыя, нехта робіць выгляд, што страляецца, каб пасьля ўцячы. Урэшце Камандуючы застаецца адзін. Ён апошні. І ён парушае свой уласны загад. Сядае ў машыну, дзе яго чакае асабісты кіроўца зь незвычайным на першы погляд імем Садам. Так сканчаецца гэтая кароткая фантасмагорыя, у якой зусім няцяжка разгледзець зусім рэальныя падзеі і матывацыі паводзінаў рэальных пэрсанажаў.
“Інтэграцыя” – гэта гратэск, які кліча да жыцьця сатыру, у працяг расейца Гогаля ці паляка Мрожка ці раньняга Крапівы – такую літаратуру, якая б зрабіла цуд экзарцызму, выгнала зь беларускай душы катастрофу і гэтага злога духа нацыянальнай мэнтальнасьці – нявыкрутку.