Сваю вясну 2003 году я называю “Вясна з Быкавым”. Так склалася, што ў апошнюю для Васіля Ўладзіміравіча вясну нам выпала ня раз сустракацца. Я напісаў пра гэта мэмуарнае эсэ, якое некалі апублікуецца. А ў гэтай рэпліцы для Радыё Свабода скажу пра некалькі сваіх моцных уражаньняў ад гэтага чалавека і тае вясны.
Толькі калі я пазнаёміўся зь ім блізка, я зразумеў, які гэта інтэлектуал і які гэта шляхетны і далікатны чалавек. Мяне асабіста ён увесь час зьдзіўляў – ад таго самага часу, калі 19 кастрычніка 1988 году я ўбачыў яго ў залі Чырвонага Касьцёлу на ўстаноўчым сходзе “Мартыралёгу Беларусі”. Ніколі не забуду сваё зьдзіўленьне і радасьць, калі Быкаў адштурхоўваў плячом цэкоўца Бузука ад трыбуны. Цяпер адназначна магу сьцьвярджаць, што ён быў пасьлядоўным беларускім нацыяналістам і чалавекам правых, кансэрватыўных поглядаў. Апрача таго ён быў глыбока начытаны і самаадукаваны чалавек з фэнамэнальнай памяцьцю. “Доўгую дарогу дадому” ён напісаў, не карыстаючыся ніякімі дзёньнікамі, бо дзёньнікаў, паводле яго словаў, ніколі ня вёў. Я ня раз быў сьведкам, як пры размове ён на памяць цытаваў выказваньні славутых маралістаў і філёзафаў.
Літаратурная слава Быкава зрабіла яго ў значнай ступені публічным чалавекам. Шмат розных людзей дамагаліся яго ўвагі, яму званілі, пісалі, прасілі інтэрвію – турбавалі няспынна. Такое жыцьцё навучыла Васіля Ўладзімеравіча бараніцца – ён мог быць і вельмі халодным, нават жорсткім чалавекам, мог адкрыта і цьвёрда прадэманстраваць да некага сваё незацікаўленьне. Тым больш каштоўнай была яго нязьменная ўвага да супрацоўнікаў Беларускай Службы Радыё Свабода. Думаю, што давер да мяне ў Васіля Ўладзімеравіча ўзьнік яшчэ і праз маю жонку Вольгу Краўчанка, якая паходзіць зь літаратурнай сям’і і была зь дзяцінства знаёмая з Быкавымі. І яшчэ больш дыстанцыя паміж намі скарацілася, як я адчуў, пасьля таго, як Васіль Уладзімеравіч прачытаў рукапіс маёй кнігі “EGOізмы” і напісаў да яе прадмову (кніга выйшла сёлета ў сакавіку).
Калі прадмова была гатовая, ён запрасіў мяне дадому яе забраць. Я прыехаў. Для мяне гэта была троху няёмкая сытуацыя, не хацелася турбаваць Васіля Ўладзімеравіча (да апэрацыі заставалася 9 дзён). Я хацеў прадмову і рукапіс хутчэй забраць ды зьехаць. Але Быкаў настояў, каб я зайшоў, пасядзеў у іх. Ірына Міхайлаўна згатавала кавы, Васіль Уладзімеравіч дастаў рукапіс з прадмовай, прапанаваў каб я прачытаў яе, спытаўся ці ўсё мне падабаецца, і сказаў, што калі ў мяне ёсьць пытаньні, дык можна нешта і паправіць. Якраз гэтая далікатнасьць мяне ўразіла.
Было таксама цікава назіраць вельмі далікатныя адносіны Быкава да сваёй жонкі, Ірыны Міхайлаўны, якую ён ласкава называў “Ірыся”. Ірына Міхайлаўна, дарэчы, была Быкаву ня толькі жонкай, яна была, фактычна, яго літаратурным дарадцам і сакратаром. Прынамсі, так я зразумеў адносіны паміж імі.
Уразіла мяне і яго мужнасьць. Ня думаю, што хаця б 10 са 100 чалавек зь яго дыягназам і станам могуць паводзіцца так стрымана, мужна і годна – такіх, відаць, адзінкі. Аднойчы ён нам з жонкай проста і спакойна сказаў, што ў яго стане пытаньне стаіць так – ці мае ён яшчэ хаця б некалькі месяцаў...
Неяк увосень 2002 году, калі Быкаў у адзін са сваіх прыездаў у Прагу запрасіў Алеся Лукашука, Сяргея Навумчыка і мяне з жонкай у рэстарацыю, я спытаўся, як яму жылося ў Горадні, і ён адказаў, што вельмі добра, маўляў, у яго жыцьці так было заўсёды, чым далей ён перамяшчаўся на захад, тым больш камфортна сябе пачуваў. Так было зь пераездам з Далёкага Ўсходу ў Беларусь, з Асіповічаў у Горадню, зь Беларусі ў Фінляндыю, а адтуль у Нямеччыну.
Вясна 2003 году выдалася гарачаю ў сэнсе міжнародных падзеяў: ішла вайна ў Іраку, сьвет віраваў. Быкаў адназначна быў на баку Амэрыкі і казаў, што тыранія павінна быць зьнішчана. На размовы пра ахвяры амэрыканскіх бамбардыровак ён адказваў, а колькі, маўляў, памерла людзей ад рук Хусэйна.
22 сакавіка 2003 году ў Празе адбылася ўрачыстая акадэмія з нагоды 85-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці БНР (тады быў апошні публічны выступ Быкава). Пасьля акадэміі мы з Вольгай адвозілі Васіля Ўладзімеравіча дадому. А ён нечакана запрасіў нас да сябе, і вось так сталася, што 85-я ўгодкі БНР мы адзначылі разам – я з жонкай і Быкаў зь Ірынай Міхайлаўнай. Мы пілі белае Бардо і да самага вечара шмат гаварылі. Я тады, памятаю, шмат разважаў, што 25 сакавіка 1918 году – найвялікшы дзень тысячагадовай беларускай гісторыі, галоўны ўклад беларускага народу (разам з царкоўнай Уніяй 1596 году) у гісторыю чалавецтва – бо менавіта тады мы засьведчылі ўсяму сьвету, што ёсьць такі народ, і што ён мае права на самастойнае дзяржаўнае існаваньне. Я казаў таксама, што братоў Луцкевічаў, якія ў сакавіку 1918 году прыехалі зь Вільні і згвалцілі Раду, каб яна абвесьціла незалежнасьць, трэба лічыць апосталамі беларускай нацыі. Каб не яны, што цяпер было б зь Беларусьсю?.. Васіль Уладзімеравіч з гэтым адназначна пагаджаўся.
Раніцай 24 сакавіка, у панядзелак, Алесь Лукашук адвёз Быкава на апэрацыю ў лякарню. Але ўвечары яго выпісалі, бо паднялася тэмпэратура. А 26-га, у сераду, у тую ж лякарню яго адвозіў ужо я. Мне хацелася, каб зь ім была нейкая хрысьціянская рэліквія. Спачатку я хацеў падараваць яму асабісты ружанец Язэпа Германовіча (Вінцука Адважнага), які ў мяне ёсьць. Але атрымалася інакш. Я меў у машыне маленькую драўляную іконку Багародзіцы зь Ісусам, якую мне некалі асьвяціў і падараваў уніяцкі сьвятар з Кастамлотаў у Польшчы архімандрыт Раман Пентка. Калі мы прыехалі, я ўзяў тую іконку, уклаў у руку Васіля Ўладзімеравіча і паціснуў яе. У адказ ён сьціснуў маю руку, і так мы даволі доўга трымалі адно аднаго за руку, а паміж нашымі далонямі была тая іконка. Для мяне гэта было выразам удзячнасьці, павагі і ўзаемаразуменьня. Праз пару дзён пасьля апэрацыі я прыйшоў да яго ў лякарню і убачыў тую іконку ў нагруднай кішэні піжамы, у якой ён ляжаў. Пасьля гэтую іконку ён узяў з сабой у Бараўляны, яе відаць на здымках на тумбачцы каля яго ложка. А калі Васіль Уладзімеравіч памёр, Ірына Міхайлаўна ўклала той абразок яму ў кішэню пінжака. Зь ім яго і пахавалі...
Дарэчы, у труну да Васіля Ўладзімеравіча паклалі і перададзеныя Сяргеем Навумчыкам з Прагі бел-чырвона-белую значку і ручку з быкаўскага пісьмовага стала.
Саму дату 25 сакавіка мы з Вольгай адзначалі ў Сяргея і Галі Навумчыкаў. І вось тады, абмеркаваўшы сытуацыю, мы вырашылі, што пасьля апэрацыі пастараемся па меры сваіх сілаў дапамагчы Быкавым, зьняць зь іх некаторы бытавы клопат. Справа ў тым, што Быкавы былі ў Празе ня вельмі абжытыя, амаль нічога дома не гатавалі, а мы разумелі, што пасьля апэрацыі на кішэчніку і печані чалавеку патрэбная дыета. І калі 9 красавіка Васіля Ўладзімеравіча выпісалі, Галя Навумчык і мая Вольга пачалі па чарзе гатаваць яму абеды. Навумчыкі езьдзілі да Быкавых на грамадзкім транспарце (машыны ў іх няма) пераважна ў выхадныя, а ў астатнія дні ежу адвозіў я. Даяжджаў да Быкавых з пачастункамі і Алесь Лукашук з жонкай Сьвятланай.
Калі ў канцы красавіка Сяргей Навумчык ад''ехаў на месяц у Амэрыку, да мяне перайшоў і абавязак прывозіць Быкаву сьвежую прэсу – мы раздрукоўвалі яе зь інтэрнэту. Дагэтуль я адвозіў яму толькі “Нашу Ніву”, якая прыходзіла ў Прагу на маё імя з пазнакай у дужках “Для Васіля Быкава”. Зь беларускіх газэтаў мы раздрукоўвалі яму яшчэ “Народную Волю”, якую ён з ахвотай чытаў. Наогул, паколькі газэты раздрукоўваліся зь інтэрнэту, дык артыкулы пераважна былі на мой густ, які не абмяжоўваўся толькі палітычнымі ці літаратурнымі навінамі. А ён заўсёды дзякаваў, казаў, што вельмі цікава, бо яго якраз і займае “жыцьцё ва ўсіх яго праявах”. Ён, дарэчы, практычна не чытаў мастацкай літаратуры, казаў, што стаміўся і страціў да яе інтарэс. А жыцьцём “ва ўсіх яго праявах” цікавіўся жвава і з ахвотай. Так працягвалася, зь невялікім перапынкам у канцы красавіка (калі я быў у Беларусі), да самага ад''езду Быкавых у Менск 23 траўня. Мае візыты былі даволі кароткія – ня больш за гадзіну. Але за тыя размовы, за быкаўскую прадмову да "EGOізмаў" і іх высокую ацэнку, за дабрыню і ўвагу Быкавых я буду заўсёды ўдзячны лёсу. Падрабязна пра ўсё гэта напісана ў маім мэмуарным эсэ.
А зараз, што датычыць ад''езду Быкавых у Менск. Цяпер шмат спрачаюцца, ці прыехаў ён сьвядома паміраць на Бацькаўшчыну, ці вярнуўся ў Беларусь назаўсёды? Вось як гэта выглядала з Прагі. Пра саму паездку ў Менск Васіль Уладзімеравіч гаварыў шмат, мяняліся і даты – то гэта была восень 2003 году, то канец лета, то ліпень. Яны моцна сумавалі па Менску і па Беларусі, асабліва жалілася Ірына Міхайлаўна. Нечакана, недзе ў другой дэкадзе траўня, Быкавы пачалі цікавіцца коштам чыгуначных і авіяцыйных білетаў. І вось аднойчы ў мой прыезд (цяпер ужо ня памятаю даты) Васіль Уладзімеравіч рашуча сказаў, што едзе. 22-га траўня, за дзень да адлёту мы з Вольгай былі ў Быкавых, і яны раіліся з намі, як вырашыць такую вось праблему. Васіль Уладзімеравіч браў вельмі дарагія і рэдкія лекі ў межах курсу хіміятэрапіі – каб чэская страхавая кампанія іх аплаціла, клініка адмыслова зьвярталася да міністра аховы здароўя па дазвол на выкарыстаньне. На 6 чэрвеня быў прызначаны кантрольны аналіз крыві. І якраз на 6-га чэрвеня, пятніцу, былі зваротныя білеты Быкавых. Яны не пасьпявалі здаць той кантрольны аналіз, бо аналізы, як вядома бяруцца да 10-й раніцы. Мы параілі ім дамовіцца зь лекаркай, каб аналіз узялі 7-га, у суботу – я ведаў, што так робіцца. Так і пастанавілі. Мы разьвітваліся на два тыдні. Ніякіх размоваў пра канчатковае вяртаньне не было, Быкавы нават шукалі ў Празе новую кватэру. Іншая справа, што недзе падсьвядома, ведаючы свой дыягназ і адчуваючы свой стан, Васіль Уладзімеравіч мог нешта прадчуваць і канчаткова адчуў гэта дома... У кожным выпадку, паводле прагнозу праскіх лекараў з той швайцарскай вельмі далікатнай хіміятэрапіяй Васіль Уладзімеравіч павінен быў пражыць яшчэ прынамсі год-паўтара... А што адбылося ў Менску, усе мы ведаем.
Цяпер мне ўсё роўна, ці зьбіраўся Васіль Уладзімеравіч дадому назаўсёды, ці не. Усё адбылося так, як адбылося. І ў сьмерці гэтага вялікага чалавека была яго апошняя ахвяра роднай Беларусі, якую ён любіў бязьмежна, якой жыў і дыхаў, якая прынесла яму столькі радасьці, болю і расчараваньня. Сьмерць Быкава стала яго апошняй перамогай над уладай, якая яго зьневажала, над той несправядлівасьцю, якая пануе цяпер на нашай Бацькаўшчыне, над чалавечай слабасьцю і подласьцю, над стукацкім саслоўем, якое, паводле яго словаў, заўсёды было побач зь ім. Яго сьмерць і паховіны сталіся сымбалічнымі і знакавымі, яны паказалі зьняверанаму народу і яго разьяднанай эліце, што мы яшчэ “ня ўмёрлі...” Вялікі пэсыміст пакінуў нам надзею.
“...Паводле прагнозу праскіх лекараў Васіль Уладзімеравіч павінен быў пражыць яшчэ прынамсі год-паўтара...”
Самае папулярнае
1