Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты АГП разьбілі палатачны лягер у двары дома, дзе жыве дэпутат Фралоў, дваіх зь іх затрымала міліцыя


Альгерд Невяроўскі, Менск Некалькі актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі далучыліся да галадоўкі, якую абвясьцілі дэпутаты групы “Рэспубліка” Фралоў, Скрабец і Парфяновіч. Раніцай у суботу, 5 чэрвеня, сябры АГП Марына Багдановіч і Генадзь Ананьеў разьбілі палатачны лягер у двары дома, дзе жыве дэпутат Фралоў. Яны былі затрыманыя міліцыяй і цяпер іх чакае суд. Тым часам іншыя апазыцыянэры гатовыя працягнуць гэтую акцыю пратэсту.

Днём у суботу ў даволі бязьлюдным двары дому, дзе жыве Валер Фралоў сабралася нямала актывістаў апазыцыі, журналістаў, міліцыянтаў і супрацоўнікаў спэцслужбаў.

Прычынай стала затрыманьне актывістаў АГП Марыны Багдановіч і Генадзя Ананьнева, якія далучыліся да галадоўкі дэпутатаў групы “Рэспубліка” і паставілі ў двары 4 намёты.

Спадарыню Багдановіч і спадара Ананьева з пастарунку выпусьцілі празь некалькі гадзінаў. Вось, што распавяла Марына Багдановіч у інтэрвію беларускай службе Радыё Свабода:

(Багдановіч: ) “Учора ўвечары я прыехала сюды да спадара Фралова. Потым сюды а палове другой ночы прыехаў і Гена Ананьеў. Дэпутаты трэці дзень галадаюць, мы другі. Ноч паспалі потым схадзілі на гадзінны шпацыр. Прыйшлі са шпацыру, паставілі намёты, селі на спальныя мяхі і ўсе пачалі чытаць “Народную волю”. Фралоў у гэты час адчуў сябе дрэнна і пайшоў у кватэру.

Спачатку я заўважыла, што пад’ехалі чырвоныя “Жыгулі” з зацемненымі шыбамі, адтуль выйшлі і пачалі здымаць. Потым пад’ехала яшчэ адна машына. Потым пад’ехаў мініаўтобус, адтуль выйшла 8 амонаўцаў, сказалі паказаць дакумэнты. Скрабец паказаў, Гена паказаў. Мне сказалі: “прайдзёмце ў гэты мінібус”. Я кажу, што ня пойду, бо нічога не парушала. Тут не пікет, ні мітынг, ніякіх лёзунгаў і плякатаў мы не трымаем. Тады падышлі два маладых чалавека і мяне падштурхнулі ў гэтую машыну”.

Распавяла галадоўшчыца Марына Багдановіч. Яе і Генадзя Ананьева завезьлі ў Ленінскі райаддзел міліцыі, склалі пратаколы за арганізацыю несанкцыянаванага пікету, выдалі позвы ў суд і празь некалькі гадзінаў адпусьцілі.

Генадзь Ананьеў і Марына Багдановіч перакананыя, што зрабілі слушны крок далучыўшыся да галадоўкі дэпутатаў. Гаворыць Генадзь Ананьеў:

(Ананьеў: ) “Прынцыпова гэта было для мяне зрабіць каб было бачна, што ў краіне хоць нешта нехта робіць. Таму мы вырашылі падтрымаць дэпутатаў. І заявіць, што мы, у АГП, не баімся і будзем іх падтрымліваць да самага канца”.

Пра свой удзел у галадоўцы паведамілі таксама актывісты АГП з Горадні Уладзімер Чырвоненка і Юры Істомін.

Падтрымаць галадоўшчыкаў прыйшлі кіраўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, актывісты Маладога Фронту на чале з Паўлам Севярынцам, лідэр Партыі Свабоды Сяргей Высоцкі, Вячаслаў Сіўчык ды іншыя актывісты апазыцыі.

Падтрымаць галадоўшчыкаў прыйшла й жонка зьніклага вядомага палітыка Віктара Ганчара, Зінаіда:

(Зінаіда Ганчар: ) “Я цалкам салідарная з гэтымі хлопцамі й рада, што нарэшце прачынаюцца нейкія сілы. Яны такім чынам вырашылі выказаць свой пратэст. Пратэст супраць таго, што іх ня хочуць чуць”.

Актывісты апазыцыі хочуць аднавіць палатачны лягер, а на балконе кватэры дэпутата Фралова вывесіць транспарант з надпісам: “Не – трэцяму тэрміну! Свабодныя выбары! Свабоду – Міхаілу Марынічу!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG