Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Веру ў чалавечую дабрыню”


Ганна Соўсь, Прага На гэтым тыдні слухачы і госьці “Свабоды” адказвалі на пытаньне “У што я веру”.

Госьця ”Начной Свабоды” сябра сойму партыі БНФ Валянціна Сьвяцкая гэтак акрэсьлівае сваю веру.

(Сьвяцкая: ) "Я веру, што ў Беларусі ўсё ж будуць найлепшыя часы. Я веру, што Беларусь насамрэч будзе ня толькі геаграфічна краінай у цэнтры Эўропы, але яна стане насамрэч эўрапейскай краінай. Я веру ў тое, што гэтая навала, якая зараз пануе ў Беларусі, сыйдзе ў нікуды, і прыйдуць лепшыя часы".

Слухач Юры Кутузаў са Смаргоні даслаў на Свабоду свае разважаньні пра веру.

Усім знаёмы выраз: “Прыгажосьць выратуе сьвет”. Не спрачаюся, бо сам люблю ўсё прыгожае. Але ж раней я б дадаў, што ў першую чаргу сьвет здольная выратаваць дабрыня. Менавіта ў яе, у чалавечую дабрыню, я веру, піша Юры Кутузаў.

Я веру, што кожны чалавек нараджаецца абсалютна добрым. Я веру, што ў сілах кожнага чалавека не адказваць нахабствам на нахабства, не лаяцца ў адказ на лаянку, не абразіць чалавека, які вольна ці нявольна абразіў цябе, не радавацца непрыемнасьцям чалавека, які нечым не дагадзіў цябе, не зайздросьціць набыткам больш пасьпяховага за цябе суседа, не захінуць шчыльней фіранкі на вокнах, калі пачуеш з вуліцы крык аб дапамозе, не плюнуць у бок чалавека, які апынуўся за рысай агульна прынятага жыцьця, не шукаць вінаватых ў тваіх асабістых бедах, не пхнуць нагой выкінутага кімсьці сабаку ці кацяня, і далей, і далей...

Юры Кутузаў працягвае: “Уявіце сабе, каб кожны, які жыве побач з Вамі, Вы самі, Вашы блізкія і знаёмыя знайшлі ў сабе жаданьне і волю прытрымлівацца гэтых зусім нескладаных умоваў суіснаваньня – наколькі адразу ж зьмяніўся б навакольны сьвет. Мы б ветліва ўсьміхаліся адзін аднаму, сусед дапамагаў бы суседу, прасьцей вырашаліся б пытаньні розных узроўняў, мы пазьбеглі б розных непаразуменьняў, зьніклі б варожасьць і здрада, і шмат чаго зьмянілася б у лепшы бок. Каб кожны кіраваўся ў жыцьці прынцыпам, дарэчы прапісаным у Бібліі, што трэба да іншых ставіцца так, як ты хочаш, каб адносіліся да цябе, то ўсё грамадзтва і сьвет сталі б іншымі. І галоўнае, піша Юры Кутузаў, нашы дзеці, гледзячы, як мы зьмяніліся, ужо б не гублялі дадзенай ім Богам пры нараджэньні дабрыні. І я веру, што, калі ня ў поўнай ступені, але з большага так некалі і будзе, перакананы Юры Кутузаў са Смаргоні.

А зараз пра тое, у што верыць намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” Аляксей Кароль. На гэтым тыдні ён быў госьцем Начной Свабоды.

(Кароль: ) "Я веру ў лепшае ў чалавеку, у лепшае ў людзях. Чалавек -- складаная істота, складаная натура, і ў ім спалучаецца і лепшае, і горшае, і добрае, і злое. І ўсё ж, наколькі мне давялося спазнаць за сваё жыцьцё, верх бярэ ў большасьці выпадкаў добрае, як у адносінах да іншых людзей, так і ў адносінах адзін да аднаго, і нават у адносінах да апанэнтаў і праціўнікаў. Я спадзяюся, што гэта будзе яшчэ адным складнікам нашых пераменаў, бо дэградацыя грамадзтва ва ўмовах таталітарнага рэжыму, гэта ўжо факт, засьведчаны і жыцьцямі людзей, і кнігамі дасьледчыкаў". У чымсьці пераклікаецца з меркаваньнем Аляксея Караля адказ на пытаньне “У што я веру” журналісткі “Камсамольскай праўды ў Беларусі” Вольгі Шастаковай.

(Шастакова: ) Я веру ў людзей. Вось такая у мяне звычайная вера. Веру, што амаль у кожным чалавеку больш плюсоў, чым мінусаў. Кожны больш станоўчы чым адмоўны. Я ў гэта веру. Больш чым у чалавека, напэўна, нельга ў нешта верыць. У Бога? Таксама веру, але гэта іншае пытаньне. У сябе? Так, веру, можа, менш чым трэба было б час ад часу. Але таксама веру".

Ці верыце Вы ў нешта? Што дапамагае Вам жыць? Як і чаму Вы прыйшлі да сваіх перакананьняў? Вашы каштоўнасьці і прынцыпы могуць натхніць іншых, сёньня і ў будучыні, у Беларусі і за мяжой. Раскажыце, ў што верыце Вы!

Пішыце на адрас у Беларусі: П/С 111 Менск 220005, у Чэхіі: П/С 44 Vinohradska 1, Praha 110 00

E-Mail: svaboda@rferl.org

Тэлефон-аўтаадказьнік у Менску: 266 39 52
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG