Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Зьмітрок Астапенка 27.11.1910, в. Сяргееўка (цяпер Шумяцкі раён) Смаленшчына — кастрычнік 1944 (?), Славаччына (?)


Уладзімер Арлоў, Менск Думаючы пра 1930-я, я почасту нібыта “прымяраю” сябе да іх або іх да сябе, пытаючыся, як бы сам паводзіўся ў тым бязьлітасным часе. Адказы неадназначныя, хоць арышт і зьняволеньне ў тыя гады выглядаюць непазьбежнымі. Якраз у такім чаканьні, відаць, і жылі тады нашыя папярэднікі — беларускія літаратары, зь якіх празь некалькі гадоў на волі засталіся адзінкі...

У 1929-м, быццам у адказ на распачатыя ў Менску арышты, Зьмітраку Астапенку прысьнілася лунаньне над Домам ураду бел-чырвона-белага сьцягу. Паэту заставалася яшчэ чатыры гады волі.

Ён быў неардынарнай асобаю, якая прываблівала і сяброў, і, вядома, байцоў нябачнага фронту: вывучаў нямецкую й польскую мовы; чытаў у арыгінале Гейнэ й Міцкевіча; чамусьці цікавіўся фізыкай, тлумачачы гэта працаю над фантастычным раманам (які пад назовам “Вызваленьне сіл” сапраўды быў напісаны і стаў адным зь першых у нашай літаратуры навукова-фантастычных твораў). З аднаго боку ён лічыў сябе пралетарскім пісьменьнікам і ўдзельнічаў у іхніх сходах і зьездах, з другога — казаў калегам пра намер уцячы ў Заходнюю Беларусь, каб “пісаць, што яму хочацца, а не выконваць сацыяльны заказ партыі”. Апрача таго ў “ворганы” прыходзілі сыгналы, што Зьмітрок з прыяцелямі слухае на сваёй кватэры варожыя радыёгаласы.

У 1933-м ён быў засуджаны на тры гады высылкі. Пісьменьнік Ян Скрыган, які адбываў разам з Астапенкам пакараньне ў Сіблягу, пісаў пра ягоныя дзіўныя паводзіны, у прыватнасьці, пра пытаньні, ці ня хоча ён, Скрыган, пабываць у Нямеччыне. Усё гэта мела пад сабою нейкія падставы, бо Астапенку вызвалілі датэрмінова, дазволіўшы працаваць у Маскве.

Але замест Нямеччыны ў 1936-м ён зноў апынуўся ў кіпцюрах ГПУ. Толькі пасьля шасьці месяцаў бясконцых допытаў-“канвэераў” і катаваньняў Зьмітрок “узгадаў”, што “зь дзяцінства атручаны ядам нацыянал-фашыстоўскіх ідэяў” і што ў сваёй контаррэвалюцыйнай арганізацыі яны абмяркоўвалі жыцьцё ў вольнай капіталістычнай Беларусі, а ён прыдумаў штрафаваць там за карыстаньне расейскай мовай.

Такія злачынствы “заважылі” на восем гадоў пазбаўленьня волі. У часе вайны паэта, нягледзячы на ягоныя ўцёкі зь лягеру (праўда, тайга й маразы змусілі туды вярнуцца) зноў вызваляюць з дазволам жыць у Маскве.

Паклянёмся любіць наш край! Паклянёмся, што ў нашыя сэрцы Не ўкрадзецца ні страх, ні адчай, Ні спалох немінучае сьмерці,—

пісаў Астапенка ў 1943-м.

Праз год у складзе групы выведнікаў ён быў перакінуты ў Чэхаславаччыну і, паводле афіцыйнае вэрсіі, там загінуў. Але былы аднакурсьнік і сябра Аркадзь Куляшоў сьцьвярджаў, што бачыў яго пасьля вайны жывым і здаровым у маскоўскім натоўпе... Калі так, то паэт меў шанец дажыць да таго часу, калі ягоны сон пра бел-чырвона-белы сьцяг над Домам ураду стаўся яваю, а магчыма, і датуль, калі гэта зноў пачало нам толькі сьніцца.

P.S. Дату і месца нараджэньня Зьмітрака Астапенкі ўдакладніў Леанід Маракоў. У ранейшых выданьнях (Беларуская Энцыкляпэдыя; Біябібліяграфічны даведнік “Беларускія пісьменьнікі” ды інш.) яны падаюцца недакладна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG