Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У “Доме літаратара” Алесь Чобат, Андрэй Хадановіч, Юры Выдронак


Радыё Свабода Новая перадача сэрыі “Дом літаратара” (эфір 8 ліпеня) Аўтары: Валянціна Аксак, Дзьмітры Падбярэзкі, Міхась Скобла. Рэдактар і вядучы: Сяргей Абламейка.

АЎТАР І ТВОР

АЛЕСЬ ЧОБАТ: “У БЕЛАРУСЬ ПРЫЙДЗЕ НЕМЕЦ, АЛЕ НЯ З ГУМАЙ, А З ГРАШЫМА”

Алесь Чобат — аўтар трох паэтычных зборнікаў і кнігі эсэ з найноўшай беларускай гісторыі “Зямля сьвятога Лукі”. Доўгі час жыў у Горадні, дзе працаваў у Літаратурным музэі Максіма Багдановіча ды актыўнічаў у мясцовай суполцы Беларускага Народнага Фронту. Апошнім часам расчараваўся ў палітыцы і зьехаў на сталае жыхарства ў свой родны Скідзель. Паэт мае свой погляд на будучыню Беларусі, якім і падзяліўся ў гутарцы зь Міхасём Скоблам.

(Міхась Скобла: ) “Алесь, у адным са сваіх, даўніх ужо, вершаў, ты пісаў, што горш за ўсё “абыякавасьць родных мястэчак”. Але ня можа чалавек быць да ўсяго абыякавым. Чым сёньня жыве твой родны Скідзель?”

(Алесь Чобат: ) “Няма ўжо тых мясэчак — памерлі. Таго Скідзеля, у якім я некалі жыў, няма. Сёньняшнія скідзельцы галасуюць за Лукашэнку, бо яны яго шкадуюць, бо ён іхні. Бо калі не яны, то хто за яго прагаласуе? Дарэчы, мала хто ведае этымалёгію слова “Скідзель”. Скідзель азначае “скудзель”, скудзель — гэта сьметнік, куды выкідалі незакапаных нябожчыкаў. Так было з правага берагу Нёмна, там, дзе сёньня Скідзель, і з левага берагу — там, дзе сёньня Адэльск. Адэльск — гэта той самы Скідзель, толькі апалячаны й перакручаны назад”.

(Скобла: ) “У якім стагодзьдзі такое чынілася?”

(Чобат: ) “Даўно гэта было, яшчэ за часоў князя Міндоўга, які быў жорсткім і шмат крыві праліў. Які Сталін зь ім зраўняецца?! А цяпер Вольга Іпатава піша, што Міндоўг — заснавальнік беларускай дзяржавы. Якой дзяржавы? Тады ўсе граблі пад сябе”.

(Скобла: ) “Сталін зьнішчыў дзясяткі мільёнаў людзей — за Міндоўгам на ўсёй зямлі столькі не жыло. Але ня будзем паглыбляцца ў даўніну. У сваёй кнізе “Зямля сьвятога Лукі” ты пішаш: “Пры арганізаванай культурнай экспансіі абшар ад Бугу да Дняпра вельмі хутка парасьце другой культурай, але такой экспансіі няма — Расея ня можа ад слабасьці, а Польшча ня хоча ад страху”. Паводле цябе, пазначаны абшар — пустка суцэльная, на якім нічога беларускага не зьяўляецца. Але й чужаземнае пустазельле тут не расьце. Значыць — месца занятае”.

(Чобат: ) “У Менску, можа быць, нешта беларускае й паяўляецца. Але Беларусь — плошча зямлі шэсьцьсот на шэсьцьсот кілямэтраў. І ў правінцыі не паўяўляецца нічога. Полацак, Мазыр, Горадня, Магілёў, Жлобін — паўсюль стаяць нямецкія машыны. Мы цяпер жывем дзякуючы нямецкім машынам. Мой прагноз — у Беларусь прыйдуць немцы, не палякі й не расейцы. Палякі цяпер едуць не да нас, а ў Эўропу. А расейцы баяцца кітайцаў, баяцца, што іх на Далёкім Усходзе падсунуць. Так што ні палякаў, ні расейцаў больш на Беларусі ня будзе. Прыйдзе немец, але ня з гумай, а з грашыма. І яго самога тут ня будзе, будзе яго аканом. Вось што нас чакае”.

(Скобла: ) “Дык што, на тваю думку, Беларусь можа зрабіцца нямецкай калёніяй?”

(Чобат: ) “Усё можа быць. Мы ня станем калёніяй, калі будзем жыць сваім розумам. У Менску ёсьць хітрая акадэмія, якая за маім савецкім часам называлася Інстытут замежных моваў. Мы застанемся самі сабе гаспадарамі, калі з гэтай акадэміі ў Горадню прыедзе дзяўчына з добрай сям’і, і бацькі начальнікі. Яна навучылася ў Менску гаварыць па-ангельску, па-нямецку, па-швэцку ці яшчэ па-якому. А потым падумала: ці ж я дурніца гэткая? Па-ўсялякаму навучылася, а па-беларуску ня ўмею?! І загаворыць па-беларуску. Не з мужыка і ня зь вёскі Беларусь адродзіцца. Вёска беларуская памірае. Беларусь адродзіцца з разумнай моладзі, што паканчае акадэміі і ўнівэрсытэты. А таксама зь бізнэсу. Сёньня, я абсалютна перакананы, Менск — самае важнае месца ў Беларусі”.

(Скобла: ) “Беларусь спазьняецца за Эўропай гадоў на 200”, — гэта таксама твае словы. Дык за дзьвесьце гадоў можна й дзікуноў цывілізаваць. У чым Эўропа для нас такая недасягальная?”

(Чобат: ) “Што значыць — недасягальная? Існуе розная культура побыту, культура — па-нашаму “спосаб”. Цяпер настаў такі час, што ўсё недаробленае будзе даробленае. Сёньня пад багатай Горадняй зьявіліся беспрацоўныя камбайнэры і даяркі. А хутка зьявяцца “Джон Дзір” і фэрмы з галяндзкімі каровамі. Сёньня чалавек, які мае працу, будзе адчуваць сябе шчасьлівым. Бо дзевяць зь дзесяці будуць лішнімі. Той сьвет вясковы, які мы памятаем, яго ня будзе, ён канчаецца. І таму Лукашэнка плаціць яму пэнсію, бо ён сам баіцца ягонага скону. Бо бяз гэтага сьвету ён стане непатрэбным, яго зьмятуць. Цяпер не з таго канца трэба адраджаць мову. Цяпер Пазьняк і Вячорка са сваімі ідэямі і мяккімі знакамі могуць спакойна ісьці на пэнсію. Цяпер усё кампутарам пішацца. А яму бяз розьніцы — зь мяккімі знакамі ці бязь іх пісаць”.

(Скобла: ) “Ты перакладаў двух нобэлеўскіх ляўрэатаў — Чэслава Мілаша і Іосіфа Бродзкага. Пасьля іх хто паэт № 1 у польска-беларуска-расейскім абсягу?”

(Чобат: ) “Ня ведаю нават. Цяперашнія паэты ня горшыя за ранейшых. Прыкладам, назаву двух — Тамаша Агатоўскага і Тамару Болдак-Яноўскую з Польшчы. Цяперашнія паэты проста ставяць перад сабой другія задачы. Мы сёньня ня можам ведаць, каторы з нас большы. Набілянты, якіх я перакладаў, — і Іосіф Бродзкі, і Чэслаў Мілаш, і Пабла Нэруда, хоць ён і быў камуністам, — яны праявіліся ў глыбокай старасьці. Павінен прайсьці час. І час сам нас адмеле, як пясок у моры”.

АЛЕСЬ ЧОБАТ. З НОВЫХ ВЕРШАЎ

ІНСТАЛЯЦЫЯ

Лёг туман, як сон, на хаты, прысады. Не відаць, дзе Скідзель тут, дзе — Паставы. У кустах патруль міліцэйскай засады, Ды нават дарога сягоньня пустая.

У такім запусьценьні свабодна думам: Што яшчэ і як зрабіць для народу? Ехаць быле дзе, ці стаць тут пад дулам? Вось і ўся палітыка і свабода.

На традыцыі грунтуецца вера. Гаспадарка і побыт — на самагонцы. Як анафэма — за вёскаю фэрма, Потым — горка і могілкі на той горцы.

Пераходны час. Ні зіма, ні восень. Тэлесэрыял “Тутэйшая сага”. Едзе гною воз. Сьпіць мужык на возе. Зьверху вілы тырчаць Безь ніякага сьцяга.

СЬВЕТЛАЯ ЛЬЕЦЦА НІЦЬ

Прабачце нам, хто за намі. Ня біце ў нас перунамі. Мы спаленыя ў марозы. Прабачце мне, хто за мною — Ня лёг вам сьцежкай зямною, Але не заняў дарогі.

Прабачце нам, хто бязь вестак, І тым, хто на нашых месцах, І станьце за іх, за нас. Прабачце мне сьлед пражыты, Кароткі, але спавіты У лёс, у подых, у час.

Тых не забудзьце вершы, Хто быў сярод самых першых. Не забывайце жыць. Сьвеціць сьвятло над сьветам, Сьвеціць над тым, над гэтым — Сьветлая льецца ніць.

МАЛІТВА ДА МАЦІ БОЖАЙ ВАСТРАБРАМСКАЙ

Маці Божая, сьветлыя вочы Твае Узіраюцца ў чорную ноч, У завулак той цесны, стары. Цёмныя шыбы старасьвецкіх будынкаў. Ціша тут. Зачынілі ўсе вокны, Згасілі вагні. Варта вулкай прайшла, І ня сьпім мы адны.

Маці Божая, сьветлыя словы Твае — Так жанчына плача, дзіця пяе. Вецер дыхае навальніцай. Сьвечка ноччу мгліць на Грамніцы. Завіруха спаць не дае. Сьпёка морыць, як сон. Маці Божая, брама Твая — як схрон Па дарозе зь Вільні на неба. Маці Божая, нам жа нічога ня трэба. Мы стаміліся жыць І з дарогі ляцім пад адхон.

Маці Божая, мы стаміліся, бо жывыя. Адзін Воўк Жалезны завые, А кругом чорны час маўчыць, А кругом нават д’ябал ня сьвішча, Галавешкі і папялішчы. Сьмерць адна ў сьвятой прастаце, Ты адна ў сваім Вострым Куце.

Маці Божая, сьветлыя рукі Твае Зь невідочнаю праўдай працягнуты ў сьвет, Які жыць не дае Сам сабе, як брат брату. Хто за кожнаю стратай маленькай Забыў пра вялікую страту, І пра тое, хто большы з суседзяў — Ім адно ў галаве.

Маці Божая, сьветлы Твой ранак. Зараз прыйдзе Твой хлопчык і сядзе на ганак, Свой адкрые альбом І змалюе гару Гедыміна дазваньня, Як штодзённае практыкаваньне. Так праходзіць зямное жыцьцё… Маці Божая, дзякуй за ўсё.

ЛІТПРАЦЭС

АНДРЭЙ ХАДАНОВІЧ: “КАЛІ МЫ БУДЗЕМ ЗАЙМАЦЦА НАЦЫЯНАЛЬНЫМ ЧЫСТАПЛЮЙСТВАМ, ТО ЗАСТАНЕМСЯ НА СЬМЕТНІКУ КУЛЬТУРЫ”

“Вялікае княства паэзіі” — так у перакладзе з лаціны называецца новы культурніцкі праект, які нарадзіўся высілкамі інтэлектуальных спадкаемцаў народаў, што ў сярэднявеччы былі жыхарамі Вялікага Княства Літоўскага. Сцэнаю для першага фэсту “Вялікага княства паэзіі” стаўся 5 ліпеня ўнутраны дворык амбасады Літоўскай Рэспублікі ў Менску. З адным зь ягоных арганізатараў паэтам Андрэем Хадановічам сустрэлася нашая карэспандэнтка Валянціна Аксак.

(Валянціна Аксак: ) “Magnus Ducatus Poesis” — як нарадзіўся гэты незвычайны праект?”

(Андрэй Хадановіч: ) “Праект нарадзіўся падчас гаворкі ў Літоўскай амбасадзе паміж амбасадарам Пятрасам Вайцекюнасам — выкшталцоным аматарам тувімскіх гарлавых сьпеваў між іншага, сымпатычным паэтам і перакладчыкам Ўладасам Бразюнасам, які прыехаў сюды зь Вільні, і мною, грэшным. Скончылася гаворка тым, што мы нясьціпла пахваліліся, што перакладаем адзін аднаго, і пачыталі крышачку прыкладаў гэтых перакладаў. Амбасадара гэта вельмі зацікавіла і мы разам мэтадам мазгавога штурму прыдумалі гэты праект. Пакуль што яго ўдалося зрэалізаваць у Менску ў амбасадзе Літвы, бо ўсе іншыя месцы тут былі прызнаныя падазронымі што да арганізацыі падобных фэстываляў. Самае галоўнае: ёсьць надзея, што гэта будзе штогадовы паэтычны фэст”.

(Аксак:) “Я назірала гэты паэтычны спэктакль, знаходзячыся ў цэнтры публікі, і зразумела, што яна не падрыхтаваная ўспрымаць падобныя відовішчы і слухаць паэзію ў такім фармаце. Гэта — выпадковая публіка. Скажыце, вас не бянтэжыла тое, што вы марна стараліся для генэралаў бундэсвэру, амэрыканскага генэрала, палітолягаў, іншых такіх людзей, якія прыйшлі на дыпляматычны прыём, а не на паэтычную вечарыну?”

(Хадановіч: ) “Кожны дурань можа прачытаць вершы ў коле падрыхтаванай публікі. Яго не закідаюць тухлымі яйкамі і памідорамі, яму нецэнзурна ня скажуць усё, што думаюць з нагоды ягонай паэзіі. Я калісьці выбраў для сябе стратэгію хадзіць у такія месцы, сустракацца па мажлівасьці з такімі чытачамі, якія інакш ня мелі б, напэўна, шанцаў сустрэцца з такой паэзіяй тут і цяпер. Ёсьць спецыяльна абвучаныя і падрыхтаваныя людзі, якія штогоду арганізоўваюць паэтычныя дэ жавю. Мне цікавей у таварыстве неадназначнага Зьмітра Вішнёва прыйсьці ў якую-небудзь школку, дзе ніколі і ні пры якіх абставінах, магчыма, раней ня чулі беларускую паэзію. Мне падабаецца сустракацца з расейскамоўнымі інтэлектуаламі, якім дагэтуль ні на якую халеру не была патрэбная беларускамоўная паэзія, бо яны мелі нейкія стэрэатыпы, а тут — раз, і аказваецца, што гэта можа быць цікавым і сучасным. Чаму ж не давесьці бундэсвэраўскім вэтэранам, амэрыканскім генэралам і проста аматарам на халяву выпіць і паесьці ў Літоўскай амбасадзе, што паэзія — гэта нешта моднае. Выбачайце — гэта сацыяльны прэстыж і інстытуалізацыя паэзіі як віду дзейнасьці, таго, што раней лічылася абсалютна маргінальным, дзесьці там да ўзроўню бамжоў зьведзенага. Я буду змагацца за сацыяльнае прызнаньне паэзіі”.

(Аксак: ) “Добра, калі не абражаны гэткім чынам ваш паэтычны гонар, то тады пытаньне пра нацыянальны гонар. Сьвята гэтае прымеркаванае да чарговых угодкаў каранацыі караля Міндоўга. Але на імпрэзе ўвесь час гаварылася пра тое, што гэта літоўскі кароль, і ні разу не згадалася, што гэта быў кароль шматнацыянальнае краіны, у якой пераважала беларускае насельніцтва і на дзяржаўным узроўні гучала беларуская мова. Гэта вас, як беларуса, не бянтэжыла?”

(Хадановіч: ) “Давайце пераадрасуем пытаньне. Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка, вельмі шаноўны беларускі прэзыдэнт, вас не бянтэжыць, што Міндаўгас — гэта літоўскі герой, а нашыя беларускія героі пачынаюцца з партызанаў? І Лукашэнка ў гэтым не адзіны. Вельмі шаноўныя беларускія бізнэсоўцы, вас не бянтэжыць, што летувісы башляюць за “свайго Міндаўгаса”, а вы ня хочаце стварыць ім канкурэнцыю, падтрымліваючы міжнародны фэстываль паэзіі? Вельмі лёгка займацца, выбачайце, такім нацыянальным чыстаплюйствам. Калі мы будзем ім займацца, мы застанемся там, дзе засталіся бамжы. Мы застанемся на памыйцы гісторыі, мы застанемся на сьметніку культуры. Нацыя, якая не належыць да трох-пяці самых вялікіх у сьвеце, мусіць выкарыстоўваць кожную аказію для сваёй прамоцыі. Сёньня гэтыя летувісы дазналіся пра існаваньне беларускай паэзіі, дакладней, пазаўчора дазналіся, учора яны пачалі рабіць зь яе пераклады. А раней, ведаеце, на гэтых фэстывалях міжнародных удзельнічалі палякі, удзельнічалі літоўцы, удзельнічалі латышы, расіяне, украінцы, хто заўгодна, толькі не беларусы. Сёньня яны ўжо зьяўляюцца на нейкіх міжнародных форумах. Для мяне гэта запарука таго, што заўтра пачнуць лічыцца з намі. Магчыма, калі Міндаўгас і ня згубіць свой канчатак, то, прынамсі, гэты канчатак набудзе сарамлівыя дужкі ў напісаньні, ці штосьці такое шматмоўнае і шматнацыянальнае. Сёньня беларускія чытаньні ў гонар Міндаўгаса — шанец для пашырэньня папулярнасьці Міндоўга”.

(Аксак: ) “А ці плянуецца выданьне кнігі паэзіі на мовах народаў Вялікага Княства?”

(Хадановіч: ) “Уласна з гэтага і пачыналіся нашыя мілыя і шматабяцальныя размовы ў амбасадзе, і я спадзяюся, што ніхто ад гэтых абяцаньняў не адмаўляецца. Прынамсі, цяпер напрацоўваецца сам масіў гэтых перакладаў, назапашваньне чатырох, а магчыма, і пяцімоўных вэрсіяў, і думаю, што цягам колькіх месяцаў, у найгоршым выпадку да наступнага фэсту, гэтая кніга выйдзе”.

НОТНЫ СШЫТАК

Юрыя Выдронка можна сьмела называць тым музыкантам, дзякуючы якому сучаснае ўвасабленьне музычнага фальклёру на пачатку 90-х набыло адметныя, нават дзёрзкія рысы. Пасьля працяглай адсутнасьці ён вярнуўся на радзіму, дзе пабачыў сьвет новы альбом ягонай групы “Ur’ja”. З Юрыем Выдронкам сустрэўся і гутарыў наш карэспандэнт Дзьмітры Падбярэзкі.

(Падбярэзкі: ) “Калі слухаеш новыя запісы, зробленыя Юрыем Выдронкам, складаецца ўражаньне нейкага хаосу, хісткага балянсаваньня на мяжы густу і нават такту. Але з часам, калі ўважліва й неаднакроць услухаешся ў зробленае, пачынаеш пераконвацца: не, зусім не такі просты Выдронак. Тое, што ён стварае, бадай, знаходзіцца на крок далей ад сёньняшняй музычнай рэчаіснасьці. Ягоныя музычныя экспэрымэнты зрабіліся для яго нормай і яўна апярэджваюць час, хоць і маюць пад нагамі звыштрывалую базу. У гэтым я пераканаўся яшчэ раз, пагутарыўшы днямі з Юрыем.

(Дзьмітры Падбярэзкі: ) “Ці змянілася агульная музычная канцэпцыя групы “Ur’ja” з часоў першага альбому?”

(Юры Выдронак: ) “Не зьмянілася. І мяняцца ня будзе. Можа быць, толькі крышачку фарбы могуць зьмяніцца. У другім альбоме мяне больш на драйв такі, на рок-н-рол пацягнула, я там і блюз паспрабаваў зрабіць, крышку такая настальгія па Вудстаку. А аснова тая самая: беларускія архаічныя сьпевы, рытміка і музыка. Традыцыі, якім тысячагодзьдзі, на іх падмурку, па іх формулах будуецца база, а астатняе — гэта ўжо толькі расфарбоўка. Архаічны рытм ніхто не адмяняў. Проста многія лічаць, што ў старажытных сьпевах такога рытму не было. На самой справе ёсьць свае рытмічныя законы, і калі браць параўнаньне з рок-музыкай, рок-н-ролам ці з блюзам, нават больш складаныя, дужа камбінаваных памераў. Як спалучаем? Я думаю, што рок-культура, якая далучаецца да старых рытмічных фарбаў, зноў-такі гэта — толькі афарбоўка”.

(Падбярэзкі: ) “Але ў цэлым тое, што робіць “Ur’ja”, ці можна называць такім глябальным ф’южн, ці ўсё-такі вы застаецеся ў тым рэчышчы, якое ты некалі разам з “Палацам” прыдумаў і які ўмоўна называецца фольк-мадэрн?”

(Выдронак: ) “Тады, калі мяне спыталіся, у якім стылі мы працуем, я проста пажартаваў і адказаў, што граем мы фольк-мадэрн. На самой справе я лічу, што ў чалавека ёсьць найвышэйшая інтуіцыя, калі ён адчувае паміж культурамі нейкія скрыжаваньні. Потым ужо, калі пачынаеш капаць, думаеш, а чаму ты менавіта так адчуў? Але нічога дзіўнага няма. Чуеш музыку, генэтыка працуе, і калі ты маеш інтуіцыю, ты адчуеш, як гэта спалучыць. Гэта ўжо потым можна разьбірацца, што да чаго. Я ніколі не баяўся, што памылюся, ніколі не баяўся, што будзе эклектыка. Гэта проста прыходзіць нейкае натхненьне. Я гэта адчуваю культурна-інтуітыўна, на нейкім найвышэйшым узроўні”.

(Падбярэзкі: ) “У новым альбоме прыстунічаюць тыя песьні, якія выконваліся яшчэ на пачатку існаваньня “Палаца”. Чым было выклікана тое, што ты зноў вярнуўся да таго, што некалі ўжо гучала ў іншым выглядзе?”

(Выдронак: ) “Там толькі адна даўняя песьня — “Русалкі”. Мінае час, і па-новаму адчуваеш гэтую энэргію. Ды й з часам набываеш больш прафэсійных магчымасьцяў, і жыцьцёвы досьвед, і мастацкі падказваюць, як данесьці гэтую ідэю “Русалак” ужо да сёньняшніх слухачоў. Як я вярнуўся з Варшавы, дык вырашыў, што будзем пісацца пераважна на беларускай зямлі, бо тутэйшая энэргетыка спрыяе. Шчыра кажучы, у Варшаве я ня мог нічога добрага запісаць, бо я запісваў, але мне гэта не падабалася, пакуль я не прыехаў сюды на прыроду. Адчуваю сябе вельмі добра, вельмі добра мне тут пішацца”.

(Падбярэзкі: ) “Усё ж такі чаму ты быў зьехаў зь Беларусі? Ты шукаў нейкія новыя прасторы для творчага самавыяўленьня?”

(Выдронак: ) “Польшча ўвайшла ў Эўразьвяз. З аднаго боку, там ёсьць нейкая пэўная свабода, але там іншыя праблемы, больш страшныя. Там глябалізм усё паджырае пад сябе. У гэтых умовах глябалізму ты мусіш рабіць так, як дыктуе сыстэма. Бо ў гэтай сыстэме ты павінен выглядаць так, і так, і так, хадзіць і рабіць, і гаварыць так, так і так. Калі ты будзеш гэтак рабіць, яны табе дадуць булку з маслам. А калі ты будзеш навязваць свае ўмовы, булкі з маслам ня будзе, а будуць праблемы”.

(Падбярэзкі: ) “А тут табе на булку з маслам хапае?”

(Выдронак: ) “Я думаю, што я не прападу нідзе. Але — як Бог дае, я ў гэтым сэнсе чалавек крыху рэлігійны. Калі якія пакуты ёсьць, то больш-менш лічу, што, можа, так і трэба. Адзінае, што б я хацеў у Беларусі зрабіць, на што буду шукаць сродкі і мажлівасьці, — гэта захаваць апошняе, што яшчэ засталося ад сьпеваў у Беларусі, зрабіць па Беларусі вялікія экспэдыцыйныя туры, каб захаваць астатнія кавалачкі таго, што засталося. Бо таго, што я запісваў у экспэдыцыях пятнаццаць гадоў таму, яго ўжо няма”.

(Падбярэзкі: ) “А якія падставы ў цябе ёсьць для творчага аптымізму?”

(Выдронак: ) “Аптымізм я адчувае ва ўласнай энэргетыцы. У мяне яшчэ стае энэргіі, каб выдаць яшчэ некалькі альбомаў. Ёсьць энэргія працаваць, ёсьць патрэба такая…”

(Падбярэзкі: ) “Спалучэньне несумяшчальнага: блюз і абрадавая песьня. Паказальна, што наведвальнікі гіт-параду на сайце “Тузіну гітоў” яўна не зразумелі складанае творчае дзёрзкасьці гурту “Ur’ja”, чыя песьня “На Вялікадню” не пратрымалася ў гіт-парадзе больш за адзін тур. Але, на маю думку, зроблена гэта было надзвычай нетрадыцыйна і цікава”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG