Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы Швэцыі заклікаюць лідэраў ня ехаць у Пецярбург


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Беларусы Швэцыі накіравалі лісты ў амбасады ў Стакгольме краінаў вялікай васьмёркі, чые кіраўнікі маюць намер сустрэцца ў Пецярбурзе ў ліпені сёлета з заклікам адмовіцца ад удзелу ў сустрэчы. Увогуле беларусы, што жывуць у краінах Эўразьвязу заплянавалі шэраг акцыяў супраць саміту.

“Мы, грамадзяне Беларусі, абураныя намерам кіраўнікоў вашых краінаў узяць удзел у саміце краінаў вялікай васьмёркі на тэрыторыі Расеі – краіны, якая падтрымлівае апошні дыктатарскі рэжым ў Эўропе, парушаючы міжнародныя стандарты” – гаворыцца ў лісьце Зьвязу беларусаў Швэцыі.

Гаворыць старшыня гэтай арганізацыі Алесь Ліцьвінчык:

(Ліцьвінчык: ) “Мы хацелі прыцягнуць увагу грамадзкасьці, амбасадараў гэтых краінаў да таго, што гэты саміт можа мець вырашальнае значэньне для лёсу Беларусі. Калі ўдзельнікі сустрэчы дадуць станоўчую ацэнку Пуціну, яго палітыцы, гэта можа азначаць “дабро” на ўключэньне Беларусі ў склад Расеі, што для беларускага народа – вялізная трагедыя”.

Таму беларусы Швэцыі лічаць, што кіраўнікі заходніх краінаў, што ўваходзяць у склад “вялікай васьмёркі” “ня маюць маральнага права браць удзел у саміце на расейскай тэрыторыі, пакуль Масква не адмовіцца ад палітыкі шантажу, правакацыяў і тэрытарыяльнай экспансіі”.

Між тым у іншых краінах Эўрапейскага зьвязу таксама плянуецца шэраг акцыяў у ліпені. У Брусэлі адбудзецца пікет каля амбасады ЗША, падобныя да швэдзкага звароты таксама ўжо падрыхтаваныя да перадачы ў дыпляматычныя прадстаўніцтвы краінаў вялікай васьмёркі. Старшыня Беларускай уніі Зьміцер Піменаў.

(Піменаў: ) “Будзем перадаваць зварот перадусім да Джорджа Буша, у якім гаворыцца, што цывілізаваныя краіны не павінны ехаць туды і сядаць за адзін стол з галоўнымі тэрарыстамі сьвету”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG