Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалася падрыхтоўка да форуму палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў


Алесь Дашчынскі, Менск Лідэр аб’яднанай апазыцыі Аляксандар Мілінкевіч працягвае паездкі па рэгіёнах Беларусі. Сёньня ў Магілёве ён пачаў сустрэчы з грамадзкімі актывістамі, якія сабраліся з многіх гарадоў краіны.

На сустрэчах у Магілёве Аляксандар Мілінкевіч абмяркоўвае плян сумесных дзеяньняў. На бліжэйшы час прапануюцца інфармацыйная, кампанія салідарнасьці з ахвярамі рэпрэсій і кампаніі сацыяльныя, якімі апазыцыя не заўсёды займаецца. Спадар Мілінкевіч раіцца з актывістамі, што можна зрабіць у рэгіёнах і як скаардынаваць працу. Ён заявіў, што грамадзянская супольнасьць у Беларусі высока разьвіта і дзейнічае ў рэгіёнах як мінімум 10 гадоў. Ад яе многае залежыць ў палітычных і грамадзкіх кампаніях.

(Мілінкевіч: ) “Я аднойчы сказаў, што ёсьць крызіс у апазыцыі, і крызіс ня ў тым, што ёсьць розныя погляды. Гэта натуральна: ідзе спрэчка, ідзе дыскусія. А крызіс у тым, што мы марудна гэта робім. І я за тое, каб як мага хутчэй распачаць актыўную дзейнасьць. Гэтага патрабуюць людзі, асабліва ў рэгіёнах. Яны проста хочуць працаваць. І мы зробім усё, каб ў найбліжэйшы час канкрэтная дзейнасьць пачалася”.

Спадар Мілінкевіч азнаёміць актывістаў з плянам дзеяньняў, які распрацоўвала палітычная кааліцыя. Грамадзкія актывісты абяруць тое, што яны змогуць рабіць у рэгіёнах.

(Мілінкевіч: ) “Дзейнасьць дэмакратычнай супольнасьці падзяляецца на дзьве часткі: адна гэта палітычная, а другая грамадзкая. І вось гэтая грамадзкая частка будзе абмяркоўвацца. Яны не процістаяць адна другой, але ўсё ж такі яны адрозьніваюцца. І ёсьць розныя накірункі дзейнасьці. Вельмі важна іх скаардынаваць і зрабіць, каб яны дзейнічалі супольна, мелі агульную мэту і агульную стратэгію, але кожны робіць сваю працу”.

Па рашэньні палітычнай кааліцыі пачалася падрыхтоўка да форуму палітыкаў і грамадзкіх дзеячоў, на якім будзе абмеркавана супольная стратэгія. Старшыняваць на ім будзе Аляксандар Мілінкевіч.

(Мілінкевіч: ) “Грамадзкія ініцыятывы – гэта ня партыі з такой вэртыкальнай дысцыплінай – прынялі рашэньне, выканалі. А гэта незалежныя структуры. Трэба вельмі ўважна зь імі супрацоўнічаць, не падпарадкоўваць, а паводле прынцыпу кансэнсусу, узаемнай дамоўленасьці дзейнічаць. Я думаю, што ў нас усё атрымаецца”.

Спадар Мілінкевіч заявіў, што самая пасьпяховая справа, якая цяпер ажыцьцяўляецца – гэта праграма салідарнасьці з рэпрэсаванымі, тымі, хто з палітычных матываў згубіў месца вучобы ці працы. Менавіта гэтая салідарнасьць паспрыяе пазбаўленьню людзей ад страху.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG