Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усевалад Ігнатоўскі


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

75 гадоў таму 4 лютага 1931 году, абарвалася жыцьцё гісторыка й палітыка Усевалада Ігнатоўскага.

Ягонае імя я ўпершыню пачуў у свае студэнцкія 1970-я. На лекцыі з гісторыі БССР тагачасны загадчык катэдры гэтае дысцыпліны, аўтар убогага і наскрозь фальсыфікатарскага школьнага падручніка прафэсар Абэцэдарскі палымяна выкрываў палітыку “беларусізацыі” і аднаго зь яе кіраўнікоў – Ігнатоўскага.

Той, маўляў, разам з паплечнікамі, прымушаў беларусаў казаць і пісаць “секунцы”, а не “катлеты” і “макраступы” заміж спрадвечных беларускіх “галёшаў, а потым канчаткова здрадзіў генэральнай лініі партыі і ці то пад страхам заслужанага пакараньня, ці то ў хвіліну раскаяньня застрэліўся.

Вось і ўсё, што трэба было ведаць будучым гісторыкам пра знакамітага вучонага, які займаўся распрацоўкай канцэпцыі нацыянальнай гісторыі паводле прынцыпу дзяржаўнасьці і нацыянальнай самастойнасьці беларусаў. Пра аўтара першага ў айчыннай гістарыяграфіі грунтоўнага дасьледаваньня паўстаньня 1863 году. Пра наркама асьветы, пры якім быў адчынены Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Пра першага прэзыдэнта Беларускай Акадэміі навук, стварэньне якой можна лічыць вяршыняю “беларусізацыі”...

Перасьлед і цкаваньне Ўсевалада Ігнатоўскага пачаліся ў 1929-м. Яму прыгадалі і паходжаньне зь сям’і сьвятара – “клясава варожага пралетарыяту асяродзьдзя”, і эсэраўскае мінулае, і прыкрыцьцё “нацдэмаў”, што зьвілі сваё “асінае кубло” ў Акадэміі навук. Выклікі ў ОГПУ рабіліся ўсё часьцейшымі. У “навуковых” дыскусіях”, якія вяліся зь Ігнатоўскім у тым доме, выкарыстоўваліся спэцаргумэнты з традыцыйнага арсэналу “майстроў заплечных справаў”. Вярнуўшыся пасьля аднаго з допытаў дадому, Ігнатоўскі дастаў з шуфляды пісталет...

Яго пахавалі похапкам, употай ад сяброў і калегаў, зусім не паводле славянскай традыцыі, а раніцой. Нейкім дзівам захаваўся на Вайсковых могілках у Менску ягоны апошні зямны прыстанак.

Улада працягвала помсьціць Ігнатоўскаму і пасьля сьмерці. У 1937-м была “як член сям’і здрадніка” засуджаная на восем гадоў лягераў жонка, расстраляныя сыны Юры і Валянцін.

Сёлета – 125 гадоў зь дня яго народзінаў.

Ці ўзгадаюць пра гэта ў Міністэрстве адукацыі? Наўрад. Бо замест дэвізу наркама асьветы Ігнатоўскага – “Вучыць беларуса на беларускай мове!” – у міністэрстве вісяць цяпер партрэты чалавека, які публічна сьцьвярджаў, што на гэтай мове анічога значнага ні стварыць, ні выказаць немагчыма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG