Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаўленьне да геяў у посткамуністычных краінах мяняецца спакваля


Вячаслаў Ракіцкі, Прага Юрыдычны статус гомасэксуалістаў у сьвеце розны. У той час, як у адных краінах гомасэксуалістаў караюць сьмерцю, у іншых ім дазваляюць заключаць афіцыйныя зьвязы з тымі ж правамі, як і ў звычайных шлюбах. Мяняецца статус гомасэксуалістаў і ў посткамуністычных краінах.

Найбольш лібэральнае заканадаўства ў Харватыі, дзе ў 2003 годзе дазволілі гомасэксуальныя зьвязы і забаранілі дыскрымінацыю паводле сэксуальнай арыентацыі. Аднак увесьці лібэральныя законы аказалася лягчэй, чым зьмяніць псыхалёгію людзей. Гаворыць кіраўнік харвацкага праваабарончага гей-аб’яднаньня “Крок наперад” Крыстыян Грдан:

(Грдан: ) “У нас ёсьць юрыдычная абароненасьць. Але калі вы выходзіце на вуліцу са сваім партнэрам і ведаеце, што вас могуць пабіць, наўрад ці будзеце адчуваць сябе ў бясьпецы. Часьцей мы сустракаемся з гвалтам у выглядзе пагрозаў, запужваньня”.

Калі, прыкладам, у Малдове геі і лесьбіянкі могуць змагацца за свае правы, нават лабіраваць прыняцьце закону аб адказнасьці за дыскрымінацыю, дык у іншых краінах яны сутыкаюцца з пагрозамі або грамадзкімі ці рэлігійнымі табу. Гаварыў кіраўнік бюро ў правах чалавека Казахстану Яўгеній Жовціс:

(Жовціс: ) “Канстытуцыя Казахстану прадугледжвае вельмі дакладную забарону дыскрымінацыі паводле любой прыкметы. Гэта ж тычыцца і забароны дыскрымінацыі сэксуальных мяншыняў. Канстытуцыя падводзіць базу пад адпаведнае заканадаўства. Іншае пытаньне – гэта практыка, ці, больш дакладна, маральнае стаўленьне грамадзтва. Зразумела, што ў пераважнай частцы грамадзтва стаўленьне да сэксуальных мяншыняў вельмі нэгатыўнае”.

Казахскія геі кажуць, што былі выпадкі, калі з прычыны нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі людзей звальнялі з працы. Аднак у вялікіх гарадох Казахстану сытуацыя мяняецца да лепшага. У Алматы існуюць гей-клюбы, працуюць вэб-сайты, але яшчэ далёка да заключэньня шлюбаў ці ўсынаўленьня дзяцей гомасэксуальнымі парамі. Як кажуць самі геі, запатрабуецца ня меней як 20 гадоў, каб на ўсходзе, дзе пануе іслам, які забараняе гомасэксуалізм, зламаць стэрэатыпы.

Так, у Іране гомасэксуалізм караецца сьмерцю. У мінулым лістападзе былі пакараныя сьмерцю два мужчыны, што выклікала шырокае асуджэньне міжнародных праваабарончых групаў. Гомасэксуалізм усё яшчэ лічыцца злачынствам і ў Аўганістане, хоць там ужо няма такіх жорсткіх пакараньняў, як пры Талібане. Карэспандэнты кажуць, што сэкс паміж мужчынамі, асабліва паміж старэйшым і маладзейшым, ёсьць там амаль звычайнай зьявай, хоць асуджаецца і не выстаўляецца напаказ.

Бальшыня краінаў былога СССР перагледзелі сваё заканадаўства, і за гомасэксуалізм ужо не саджаюць у турмы. Выключэньне – Туркмэністан і Ўзбэкістан, дзе геі могуць атрымаць адпаведна 2 і 3 гады зьняволеньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG