Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юшчанка: Расея не дае дасьледаваць справу аб атручваньні


Валер Каліноўскі, Прага Расея адрэагавала на заявы прэзыдэнта Ўкраіны аб тым, што дыяксін, якім ён быў атручаны 3 гады таму, хутчэй за ўсё паходзіць з Расеі, і што расейскае кіраўніцтва перашкаджае поўнаму правядзеньню сьледзтва ў гэтай справе.

Твар Віктара Юшчанкі, зьнявечаны дыяксінам, за апошнія 3 гады істотна паправіўся. Толькі некалькі месяцаў таму прэзыдэнт Украіны спыніў прымаць антыбіётыкі і болепатольныя сродкі. Пра гэта ён учора паведаміў журналістам:

"Ацэньваючы гэтыя тры апошнія гады, я ніколі вам не казаў, колькі мне каштуе проста раніцай ўстаць, увогуле, што я заплаціў, каб застацца на гэтым сьвеце".

Паводле Віктара Юшчанкі, замах на ягонае жыцьцё напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2004 году насіў не прыватны характар, за ім стаяла дзяржава. А дыяксін, якім яго атруцілі, выраблены ў расейскай лябараторыі, такую выснову Юшчанка ён зрабіў мэтадам выключэньня:

"Зроблены аналіз дыяксіну з усіх лабараторыяў сьвету, акрамя расейскай... Тыя людзі, 3 чалавекі, якія найбольш сёньня патрэбныя для сьледзтва, знаходзяцца ў Расеі. На запыт Генэральнай пракуратуры, у тым ліку і сьнежаньскі, які я асабіста перадаў, і папрасіў прэзыдэнта Расеі У.Пуціна надаць усялякую дапамогу, каб гэтыя людзі паўсталі перад украінскім сьледзтвам, адказу пакуль што няма",– заявіў Віктар Юшчанка ў інтэрвію заходнім СМІ.

Як устанавілі сьледчыя, Віктар Юшчанка быў атручаны пасьля супольнай вячэры з былым кіраўніком Службы бясьпекі Ўкраіны Ігарам Сьмяшком і ягоным намесьнікам Уладзімерам Сацюком 5 верасьня 2004 году. Абодва цяпер хаваюцца ў Расеі.

У Маскве стрымана адрэагавалі на заявы прэзыдэнта Юшчанкі. Генэральная пракуратура РФ паведаміла, што такі запыт ёсьць, і што ўкраінскі бок атрымае адказ "у вызначаны тэрмін". А амбасадар Расеі ў Кіеве Віктар Чарнамырдзін сказаў, што ён "ніякага паняцьця не мае" наконт сутнасьці гэтых абвінавачваньняў. Расейскі палітоляг, блізкі да Крамля, Сяргей Маркаў у адказ на словы Юшчанкі назваў яго русафобам:

"Юшчанка паводле сваіх поглядаў – русафоб, ён ненавідзіць Расею і расейцаў. Ён спрабуе знайсьці падставу, каб абвінаваціць у нечым Расею".

Сяргей Маркаў мяркуе, што Юшчанка хоча выкарыстаць апошнія абвінавачваньні на адрас расейскага кіраўніцтва з боку Вялікабрытаніі, якая марна дамагаецца ад Масквы выдачы бізнэсоўца Андрэя Лугавога, асноўнага падазраванага ў атручваньні былога супрацоўніка расейскай ФСБ Аляксандра Літвіненкі, які меў прытулак у Англіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG