Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яйка разладу: паэт і мастак супраць МТС


Ігар Карней, Менск Вярхоўны Суд Беларусі прыняў да разгляду справу аб парушэньні апэратарам мабільнай сувязі “Мабільныя тэлесыстэмы” аўтарскіх правоў паэта Алеся Разанава і мастака Віктара Маркаўца. Творцы настойваюць, што расейскі апэратар больш за год выкарыстоўвае ў якасьці брэнду МТС так званыя яйкаквадраты — выявы яйка ў рознакаляровых квадратах, прыдуманыя і ўвасобленыя творчым тандэмам у аднайменным мастацка-канцэптуальным праекце пачатку 1990-х. Пры гэтым у Беларусі, апроч выдадзенай кнігі, яйкаквадраты як знак ці сымбаль не зарэгістраваныя.

Грамадзянская справа аб абароне аўтарскіх правоў паэта Алеся Разанава і мастака Віктара Маркаўца пачатая ў судовай калегіі ў справах інтэлектуальнай уласнасьці Вярхоўнага Суду. Адказьнікам праходзіць сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасьцю “Мабільныя тэлесыстэмы”.

МТС: прагрэсу ў спрэчцы няма

Шэсьць мастацка-канцэптуальных яйкаквадратаў паэта Алеся Разанава і мастака Віктара Маркаўца зьявіліся ў Беларусі пятнаццаць гадоў таму, у 1992 годзе.

Аднак, паводле спадара Маркаўца, летась увесну іх праект “Яйкаквадраты” стаў выкарыстоўвацца ў выяве таварнага знаку апэратара мабільнай сувязі МТС.

Інтарэсы апэратара мабільнай сувязі МТС прадстаўляе супрацоўнік кампаніі Дзьмітры Ходас. Ён кажа, што на гэты момант кожны з бакоў застаецца на сваіх пазыцыях, ад якіх адступацца не зьбіраецца:

“Калі гаварыць зь юрыдычнага гледзішча, то сёньня была чарговая гутарка, і ніякага прасоўваньня ў гэтым кірунку няма.

Пакуль наступная гутарка заплянаваная на пятніцу, але магчымыя карэктывы. То бок, само паседжаньне яшчэ не прызначанае, ідзе падрыхтоўка да працэсу. Іншымі словамі, яшчэ не высьвятляецца прадмет спрэчкі й не дасьледуюцца доказы. Словам, ад канца мінулага году абсалютна ніякага прасоўваньня”.

Беларускія творцы заяўляюць, што некалькі разоў афіцыйна папярэджвалі кампанію “Сыстэма Тэлекам”, а таксама кіраўніцтва “Мабільных тэлесыстэмаў”, што ўваходзіць у яе склад, пра аўтарскія правы на сымбаль і пра адказнасьць МТС.

Аднак, нягледзячы на папярэджаньні, МТС афіцыйна зарэгістраваў свой брэнд на тэрыторыі Беларусі 10 ліпеня 2007 году.

Ab ovo: чые яйкі зьявіліся першымі?

Паэт Алесь Разанаў апошнія гады жыве ў Нямеччыне. Аднак пільна сочыць за разьвіцьцём падзеяў вакол спрэчных яйкаквадратаў:

“Усё тое самае, па ўсіх фактурах: форма, колер і назва. Адзінае, што яны зрабілі, трошкі “зьлізалі” верх яйка. Ну, відаць, ім яйка гэтае падалося салодкім ці смачным, ці “цукровым”, але верх у яйка, якое яны выкарыстоўваюць у сваім знаку, у параўнаньні з нашымі яйкаквадратамі, трошкі аблізаны. І ўсё”.

Карэспандэнт: “Але канцэпцыя, па-вашаму, захаваная?”

“Яны ж нават не адзін знак узялі, не адзін яйкаквадрат, а самыя відовішчныя, прыгожыя. Асабліва там, дзе белае і чырвонае спалучаюцца. Яны гавораць, што ў іх няма канцэпцыі. Але яны ня могуць растлумачыць, чаму ў квадрат умясьцілася яйка. Нічога ня могуць растлумачыць. Ім гэта нехта падсунуў, і яны гэта выкарыстоўваюць”.

Пазоўнікі заяўляюць, што патрабуюць ад МТС надрукаваць у шэрагу дзяржаўных і незалежных выданьняў інфармацыю пра парушэньне аўтарскіх правоў што тычыцца яйкаквадратаў.

Ці кіруюцца пры гэтым Разанаў і Маркавец і матэрыяльнымі мэтамі?

“На гэтай стадыі мы проста апэлюем да судовай інстанцыі. І справа нават ня ў нас, а ў самой зьяве. Таму што занадта такое супярэчаньне прыйшло — тое, што яны паказваюць, і яйкаквадраты, якія ўжо сталі, скажам так, зьявай культуры. І калі нават я выдаваў свае кнігі, дзе на вокладцы чатыры яйкаквадраты, то пераплётчыкі, іншыя людзі казалі: вы што, са знакам МТС ідзяце?

Нават нехта рэцэнзію пісаў, таксама тлумачыў: не, Алесь Разанаў не прапагандуе эмтээсаўскі знак, гэта яны стварылі з Маркаўцом і вынайшлі яшчэ гады і гады таму назад. І таму сама зьява проста патрабуе рашэньня”, — кажа Алесь Разанаў.

У МТС падкрэсьліваюць: таварны знак кампаніі зарэгістраваны і выкарыстоўваецца на законных падставах, што пацьвярджаецца адпаведнымі дакумэнтамі. А распрацоўнікам карпаратыўнага стылю МТС зь яйкам у квадраце зьяўляецца брытанскае брэндынгавае агенцтва “Wolff Olins”.

• Як у Беларусі ахоўваюць інтэлектуальную ўласнасьць?, 31.01.2007 • Аляксей Дудараў спыніў змаганьне за сваю інтэлектуальную ўласнасьць — назву “Белыя Росы”, 16.12.2004
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG