Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юбілей Адамовіча афіцыйнымі мерапрыемствамі не адзначаецца


Валянціна Аксак, Менск Ніякіх урачыстасьцяў з нагоды 80-годзьдзя пісьменьніка, кінасцэнарыста і грамадзкага дзеяча на сёньня не заплянавана. Ня выдадзена ў дзяржаўных выдавецтвах новых кніг Алеся Адамовіча, не ўшанаванае імя пісьменьніка ў назвах ніводнай вуліцы ў мясьцінах, зьвязаных зь ягоным жыцьцём, па-ранейшаму чакае музэйнай экспазыцыі яго родная хата ў вёсцы Глуша, што на Бабруйшчыне. Хоць пісьменьнік пайшоў з жыцьця ўжо трынаццаць гадоў таму.

Трэба адразу агаварыцца, што сёньняшняя дата афіцыйная, замацаваная ў даведніках і энцыкляпэдыях. Яна была і ў пашпарце пісьменьніка, але насамрэч Алесь Адамовіч нарадзіўся ў іншы дзень і год, сказала дачка Натальля:

“Ён з 1926 году. Мы ў мінулым годзе самі для сябе сям’ёй адзначылі 80-годзьдзе. А яшчэ і месяц іншы – не 3 верасьня, а 3 жніўня дата нараджэньня”.

Блытаніна з годам, кажа спадарыня Натальля, зробленая маці будучага пісьменьніка наўмысна, каб непаўналетняга не пагналі немцы падчас вайны на прымусовыя працы ў Нямеччыну. А зь месяцам – невядома чаму так. Спадарыня Натальля прыгадвае, што дома заўжды адзначалі дзень народзінаў Алеся Адамовіча 3 жніўня:

“Усё жыцьцё мы сьвяткавалі дома 3 жніўня. А 3 верасьня – гэта ўжо афіцыйнае было сьвяткаваньне. На 60 гадоў, памятаю, у Глушу езьдзілі, там адсьвяткавалі тады шырока – у клюбе, у школе было сьвята, ёсьць фотаздымкі, фільмы адтуль”.
”Мяне папрасілі, каб я наняла мясцовых жыхароў і пафарбавалі хату, каб зрабілі зьнешні добры выгляд”
Да 80-годзьдзя ніякіх урачыстасьцяў у Глушы ня будзе, хоць мясцовае начальства з году ў год абяцае стварыць там музэй знакамітага земляка-пісьменьніка. Даходзіць, распавядае спадарыня Натальля, да анэкдотаў:

“У мінулым годзе, калі дажынкі ладзіліся ў Бабруйску, то начальства пабаялася, што іх удзельнікі будуць ехаць праз Глушу. І мяне папрасілі, каб я наняла спонсарамі мясцовых жыхароў і пафарбавалі хату, каб зрабілі, так бы мовіць, зьнешні добры выгляд”.

Цяпер пафарбаваная хата стаіць зачыненая. Спадарыня Натальля зьвярнулася да магілёўскіх абласных уладаў з просьбаю паскорыць стварэньне ў Глушы музэю Алеся Адамовіча.

“Яны і не адмаўляюцца: кажуць, што можа ў наступным годзе яны закладуць грошы пад гэта ў бюджэт”.

На расейскім тэлеканале “Культура” сёньня будзе паказаны новы дакумэнтальны фільм паводле апошніх нататнікаў Алеся Адамовіча “Падарожжа зь Менску ў Маскву і назад”, які зьняла вядомая беларуская кінадакумэнталістка Галіна Адамовіч. А на беларускім тэлеканале “Лад” анансаваны на сёньня фільм Сяргея Агеенкі “Адкрыцьцё”, паводле апошняй кнігі Адамовіча пра Чарнобыль “Імя гэтай зорцы палын...”

Літаратурная прэмія імя Алеся Адамовіча, якую штогод у гэты дзень уручае Беларускі ПЭН-цэнтар, сёлета ўручаная яшчэ ў студзені. Яе ляўрэатам стаў Павал Севярынец за кнігу “Лісты зь лесу”, якая тады яшчэ існавала толькі ў “нашаніўскім” газэтным варыянце, а яе аўтар адбываў пакараньне на прымусовых працах на лесапавале.

• Алесь Адамовіч: “Гэты развал — вялікае шчасьце…”, 2.08.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG