Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>За апошні год бэнзін даражэе пяты раз


Ігар Карней, Менск Ад сёньняшняга дня чарговы раз падвышаны кошты на паліва, якое рэалізуецца праз аўтазалівачныя станцыі (АЗС) канцэрну “Белнафтахім”. Гэта трэцяе падаражэньне ад пачатку 2007 году і пятае за апошні год. Кожны раз цэны ў сярэднім падвышаліся на 5%. То бок, толькі сёлета кошты падрасьлі прыкладна на 15%. Чым выклікана імклівае падвышэньне коштаў на нафтапрадукты?

У афіцыйным тлумачэньні гаворыцца, што зроблена гэта ў зьвязку з “падвышэньнем ставак мытаў, ростам коштаў на нафту і ў мэтах забесьпячэньня прыцягальнасьці працы на ўнутраным рынку ў Беларусі”.

Начныя сюрпрызы “Белнафтахіму”

Традыцыйна кошты падвышаюцца ўначы. Як паведамілі на станцыі “Беларуснафта”, цэны на асобныя гатункі паліва вырасьлі ад 70 да 110 рублёў за літар:

«АІ-95 цяпер у нас каштуе 2310 рублёў, АІ-92 – 2020 рублёў, 80-ы -- 1600 рублёў, салярка – 1610 рублёў».

Карэспандэнт: «Іншымі словамі, Беларусь імкліва набліжаецца да Эўропы?»

«Дык гэта паўсюдна так. Канцэрн уздымае кошты, а мы толькі падпарадкоўваемся. Ні ніжэй, ні вышэй за гэтыя кошты ня скочыш. Таму ў гэтым сэнсе мы ўжо даўно ў Эўропе. І яшчэ ў адным месцы...»

У коштах на паліва Беларусь даўно ў Эўропе

Ранішнія наведнікі АЗС не хавалі абурэньня ўбачанымі цэньнікамі:

“Колькі б гэта яшчэ ні доўжылася, але мы ніякім абяцаньням ужо ня верым. І, папраўдзе, верыць ня хочацца. Чаму? Таму што ўзяць кошты на тыя ж бэнзін, прадукты ды іншае… Дык па тэлевізары гавораць адно, а насамрэч адбываецца зусім інашае. Заробак не расьце, а кошты ўсё вышэйшыя. Жывём усё горш. Вось і ўсё, што можна сказаць”.

“На сваёй машыне ўжо лішні раз задумаесься – як і куды паехаць. Бо проста нерэальна зьезьдзіць куды-небудзь на рыбалку ці выбрацца зь Менску зь сям’ёй, выехаць за 100 км на выходныя. Сто туды, сто назад. Груба кажучы, 20 літраў – 40 тысяч рублёў трэба забраць ад сям’і. Навошта тады мець сваю машыну? Каб паставіць яе пад плот?”

Упершыню камэрцыйныя АЗС ня сталі падвышаць коштаў разам з залівачнымі станцыямі «Белнафтахіму». На адной з АЗС “ЛукОЙЛ” пацьвердзілі: кошты пакуль захоўваюцца старыя. Колькі яны пратрымаюцца?

«АЗС «ЛукОЙЛ»... Не, у нас нічога не падаражэла. Наконт астатніх ня ведаю. Як доўга будзем прадаваць па ранейшых коштах, гэтаксама сказаць не магу».

Са слоў эканаміста Тацяны Манёнак, чарговае падвышэньне коштаў на паліва ня ёсьць для канцэрну “Белнафтахім” выратавальным:

“Існуюць пэўныя правілы гульні для канцэрнаў і міністэрстваў. Гэта магчыма толькі ў рамках нейкіх інфляцыйных момантаў, наколькі можа аргумэнтаваць той жа канцэрн “Белнафтахім” такі крок. Улады сочаць вельмі пільна, каб радыкальнага падвышэньня не адбылося. Таму што ў нас агульная палітыка – у Беларусі не павінна быць інфляцыі. Бо, канечне, рост коштаў на нафтапрадукты – гэта пэўны віток інфляцыі. Вы ж бачыце, што нават адносна тарыфаў на жыльлёва-камунальныя паслугі гэтаксама гучаць намёкі: чыноўнікі разумеюць, што неабходна яшчэ нейкае падвышэньне рабіць. Але ж было вельмі жорстка сказана: усё, ліміт ужо вычарпаны”.

А дзесьці бэнзін – як вада

Паводле дадзеных на канец ліпеня, у ЗША сярэдні кошт аўтамабільнага паліва дасягнуў самага высокага паказьніка ад сярэдзіны мінулага году -- 2,8 даляра за галон (76 цэнтаў за літар). Аднак нават гэтая лічба істотна саступае беларускім коштам.

У суседняй Расеі, нягледзячы на ўсясьветную тэндэнцыю падвышэньня коштаў на нафтапрадукты, у шэрагу суб’ектаў Фэдэрацыі цэны на паліва нават зьмяншаліся. У сярэднім літар АІ-92 каштаваў 18,5 расейскага рубля, што ў беларускіх коштах -- 1500 рублёў.

Ува Ўкраіне літар бэнзіну АІ-92 каштуе ў сярэднім 4,2 грыўні за літар, альбо блізу 1800 беларускіх рублёў.

Што да краін-нафтадонараў (Савудаўская Арабія, Кувэйт, Іран, Вэнэсуэла і г.д.), то кошт паліва там у шэрагу выпадкаў меншы за кошт літра вады, а заправіцца можна з прынцыпу “поўны бак -- за даляр”.

• Літар бэнзіну — больш як даляр , 14.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG