Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літар бэнзіну — больш як даляр


Ігар Карней На распараджэньне канцэрну “Белнафтахім” ад сёньня на 5% павялічыліся цэны на ўсе гатункі бэнзіну й дызэльнага паліва. Пры гэтым бэнзін маркі А-95 упершыню перакрочыў гістарычную рысу й стаў каштаваць у эквіваленце болей як даляр за літар — 2200 рублёў. Чым выкліканае чарговае падвышэньне?

Наведнікаў аўтазалівачных станцыяў навіна пра падаражэньне бэнзіну напаткала раніцай 14 траўня, хоць напярэдадні некаторыя агенцыі паведамлялі, што гэта адбудзецца 15-га:

“Я гляджу, што тыдзень зусім дрэнна пачынаецца. Прыяжджаеш на запраўку — бац, непрыемны сюрпрыз. Падвышэньне істотнае, адчуваецца, вядома ж. Бо езьдзім шмат, дзяцей у школу трэба адвозіць, забіраць. Кожны дзень за рулём, і бэнзінавыя выдаткі істотна на сямейны бюджэт кладуцца. І наагул ужо дасталі гэтыя падвышэньні нечаканыя. Нічога ад гэтай дзяржавы ўжо і не чакаеш прыемнага, толькі непрыемныя сюрпрызы”.

Супрацоўнікі АЗС кажуць: каб не было абурэньняў, кіроўцаў апошнім часам проста ставяць перад фактам, а лічбы коштаў на шыльдах мяняюць уначы:

“Паліва падаражэла ўначы, а дванаццатай. У нас гэта, дарэчы, заўсёды цяпер уначы адбываецца. Мы самі гэтак жа не задаволеныя, як і вы. Прычым, абсалютна. Бо 95-ты цяпер каштуе ўжо 2200 рублёў, 92-гі — 1930, дызэль — 1540, 80-ты — 1530”, — кажа супрацоўнік АЗС.

Прадстаўнік канцэрну “Белнафтахім” Віктар Азараў нічога не сказаў пра характар падвышэньня коштаў на паліва — плянавая карэктыва ці вымушаная:

“Увогуле, канцэрн не даваў інфармацыі, што падвышэньне будзе менавіта 15-га. Адкуль такія зьвесткі — ня ведаю. Але будзе прэс-канфэрэнцыя кіраўніцтва канцэрну ў пятніцу з нагоды Дня хіміка. Вось там і будзеце задаваць усе свае пытаньні”.

Пазьней на сайце канцэрну зьявілася тлумачэньне: рост абумоўлены падвышэньнем коштаў на пастаўкі расейскай нафты пасьля падпісаньня беларуска-расейскага пагадненьня аб супрацоўніцтве ў нафтавай сфэры.

Дарэчы, у студзені, пасьля падпісаньня пагадненьня, гуртовыя і розьнічныя кошты ўжо падвышаліся на 5%. Як кажа эканаміст Тацяна Манёнак, ад красавіка ў зьвязку з падвышэньнем акцызаў на ўнутраным рынку, яшчэ больш зьнізілася рэнтабэльнасьць паставак нафтапрадуктаў і 5-працэнтнае падвышэньне не кампэнсуе стратнасьці паставак.

Цяпер беларускія НПЗ нясуць страты каля 100 даляраў на кожнай тоне паліва і ў новай сытуацыі проста мінус будзе ня 100 даляраў, а якіхсьці 80.

“Імкненьні падвысіць кошт нафтапрадуктаў на ўнутраным рынку будуць залежаць ад таго, як будзе фармавацца ўсясьветны кошт на нафту, як адаб’юцца мытныя пошліны на нафтапрадукты. А таксама — як будзе працаваць эканоміка, як будзе разьвівацца. Пакуль страты вельмі вялікія ў НПЗ, яны лабіююць, наколькі могуць, такія падвышэньні.

Спэцыялісты канцэрну “Белнафтахім”, якія распрацоўваюць правілы гульні, таксама бачаць: штосьці трэба рабіць у гэтай сытуацыі. Ня могуць заводы працаваць з такой рэнтабэльнасьцю (відавочна вельмі нізкай), бо гэта адбіваецца на магчымасьці прыцягненьня крэдытных рэсурсаў. А прыцягваюць усё новыя і тым ліку і замежныя банкі, а гэта дадатковыя страты, больш сур’ёзныя фінансавыя рэсурсы адцягваюцца ад нашых НПЗ. Такі крок, на жаль, прынцыпова сытуацыі ня зьменіць для перапрацоўчых заводаў”.

Кошт на паліва ў Беларусі перавышае цэны ў суседзяў.

Міністэрства паліва і энэргетыкі Ўкраіны агучыла аналітычную даведку аб стане рынку нафтапрадуктаў у траўні: з улікам наяўнасьці на рынку вялікіх запасаў паліва, гуртовыя кошты на бэнзін ва Ўкраіне ніжэйшыя за ўсясьветныя на 600 грыўняў за тону. Так, літар бэнзіну А-92 каштуе ў сярэднім 3,60 грыўні за літар — блізу 1600 беларускіх рублёў.

Паводле зьвестак Расейскага статыстычнага агенцтва, у красавіку літар А-92 каштаваў у Расеі 18,5 рубля, што ў беларускіх коштах — 1500 рублёў.

Для параўнаньня: у ЗША літар бэнзіну ў розьніцу каштуе 70 цэнтаў. А ў краінах-нафтадонарах — Саудаўскай Арабіі, Іране, Кувэйце ды іншых — паліва таньнейшае за ваду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG