Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нямеччыне дзеяньні “Газпрому” разглядаюць у кантэксьце даверу да Расеі


Радыё Свабода

Каардынатар у пытаньнях энэргетычнай палітыкі ад фракцыі свабодных дэмакратаў у нямецкім Бундэстагу Гудрун Коп заявіла, што новыя падыходы “Газпрому” да Беларусі трэба разглядаць і ў кантэксьце далейшага даверу Нямеччыны і Эўрапейскага Зьвязу да Расеі як да эканамічнага партнэра.

Паводле Гудрун Коп, “раптам тэма надзейнасьці расейскіх паліўных даставак ізноў стала на парадку дня”, а гэта, заявіла дэпутат, “сьведчыць пра пэўную недзеяздольнасьць канцлера Ангелы Мэркель”.

"Бундэскацлер мусіць клапаціцца пра тое, каб эканоміка, надзейнасьць паставак і экалягічная бясьпека разглядаліся як аднолькава важныя кампанэнты энэргетычнай палітыкі”, – лічыць Гудрун Коп.

Напярэдадні адказны прадстаўнік нямецкага ўраду ў эканамічных пытаньнях дзяржсакратар Ёахім Вюрмэлінг выказаў заклапочанасьць Бэрліну ў сувязі з пагрозамі “Газпрому” скараціць пастаўкі газу ў Беларусь. Дзяржсакратар заклікаў абодва бакі – краіну-дастаўцу ды транзытную краіну – да адказнасьці.

Тым часам дзяржміністар нямецкага МЗС Гернат Эрлер у сёньняшнім інтэрвію "Berliner Zeitung" заявіў, што чарговы паліўны канфлікт паміж Масквой і Менскам не пагражаў пастаўкам расейскага газу ў Нямеччыну, паколькі ў часе нямецкага прэзыдэнцтва ў Эўрапейскім Зьвязе было падпісанае адпаведнае пагадненьне з Масквой.

На пытаньне, наколькі сур’ёзна трэба ставіцца да сыгналаў Лукашэнкі пра збліжэньне з Захадам у часе расейска-беларускіх канфліктаў, Гернат Эрлер адказаў:

“Ізаляцыя Беларусі залежыць ад палітыкі беларускага рэжыму. Мы вельмі дакладна сочым за зьменамі. Аднак дагэтуль усё адбывалася, як кажуць, на словах. Вырашальным жа ёсьць тое, што адбываецца насамрэч. Як і раней, ёсьць вельмі сур’ёзныя праблемы, напрыклад, з апазыцыяй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG