Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінюст адмовіў у рэгістрацыі Руху “За свабоду”


Алесь Дашчынскі, Менск Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі рэспубліканскага праваабарончага грамадзкага аб’яднаньня Рух “За свабоду”. Сёньня афіцыйны адказ мінюсту атрымалі яго сузаснавальнікі.

Паводле актывіста Аляксея Кавальца, няма ніякіх падставаў для таго, каб не рэгістраваць аб’яднаньне. Улады чапляюцца да фармулёвак статуту, маўляў, нейкія словы пастаўленыя не ў такой пасьлядоўнасьці і гэтак далей. Таксама мінюст цьвердзіць, што не туды заплацілі дзяржаўнае мыта за рэгістрацыю.

Ліст мінюсту накіраваны 19 ліпеня, хаця дакумэнты на рэгістрацыю падаваліся 18 чэрвеня.

Устаноўчы сход Руху “За свабоду” прайшоў 20 траўня ў Горадні. Яго кіраўніком абраны Аляксандар Мілінкевіч. Намесьнікамі кіраўніка сталі Віктар Карняенка і Юрась Губарэвіч. Удзельнікі ўстаноўчага сходу абралі Раду з прадстаўнікоў усіх рэгіёнаў Беларусі.

Юрыдычны адрас Руху знаходзіцца ў Горадні.

Мэтамі Руху ёсьць пабудова грамадзянскай супольнасьці, забесьпячэньне незалежнасьці краіны і правядзеньне ў Беларусі свабодных выбараў.

Дзейнасьць уключае распаўсюд інфармацыі, палітычныя кампаніі, абарону рэпрэсаваных, ціск на ўладу і міжнародныя кантакты.

Віктар Карняенка пракамэнтаваў адмову ўладаў у рэгістрацыі Руху "За Свабоду”:

“Ніякіх нечаканасьцяў тут няма. Мы ж мелі некалькі задачаў, калі падавалі дакумэнты на рэгістрацыю. Першая: гэта прадэманстраваць наколькі ўлада сёньняшняя зьмянілася і стала больш дэмакратычнай і канструктыўнай. Другое: мы хацелі і будзем рабіць гэта надалей – сходы заснавальнікаў вельмі карысныя і мы будзем і далей іх праводзіць, нягледзячы на тое, што будуць перашкоды ўлады.

Гэта рашэньне ў агульным рэчышчы здушэньня рознай грамадзянскай актыўнасьці і спыненьня дзейнасьці ўсіх легальных структур у краіне, акрамя тых, якія падкантрольныя ўладзе. Будзем працягваць далей як рэгістрацыю так і нашу дзейнасьць, якую мы не зьвязваем з фактам рэгістрацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG