Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Алексіевіч: “Кубай у Эўропе ўжо нельга быць”


Юры Дракахруст, Прага Што будзе пасьля Лукашэнкі? Ці можна збудаваць нацыю на каштоўнасьцях, супольных зь іншай нацыяй? Ці ёсьць у Беларусі супольныя грамадзкія інстытуты, на якіх можна будаваць грамадзянскую нацыю? Прапануем вам адказы пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч на пытаньні “Праскага акцэнту”.

Дракахруст: “Сёлета Беларусь у 11 раз сьвяткавала Дзень незалежнасьці 3 ліпеня. Гэтая дата – нагода паразмаўляць пра ў чымсьці дзіўную прыроду той дзяржаўнай, а можа нават і нацыянальнай ідэалёгіі, якую прышчапляе беларусам дзейная ўлада. Справа тут ня толькі ў тым, правільная яна ці не, а ў тым, чаму яна нагул працуе.

Звычайна нацыянальная ідэнтычнасьць, – нешта паводле вызначэньня унікальнае і асобнае, – будуецца на такіх жа унікальных, асобных ад іншых каштоўнасьцях, гістарычных і культурных падзеях: французы сьвяткуюць гадавіну сваёй францускай рэвалюцыі, амэрыканцы – абвяшчэньня сваёй незалежнасьці ад Брытанскай імпэрыі й гэтак далей. У той жа час, паводле афіцыйнай вэрсіі, гістарычны і культурны падмурак цяперашняй беларускай нацыянальнай незалежнасьці – не асобны беларускі, а супольны зь іншымі народамі, у першую чаргу расейскім. Савецкая ўлада? Дык яна і была ўладай супольнай дзяржавы. Вялікая Айчынная вайна? Дык Айчынай тады быў Савецкі Саюз.

Ці можна пабудаваць трывалую нацыянальную ідэнтычнасьць на такім падмурку? У выпадку канфліктаў з той жа Расеяй, і гэтай зімой мы такі канфлікт і назіралі, – як можна забясьпечыць нацыянальную мабілізацыю на каштоўнасьцях, якія якраз супольныя з расейскімі?

Пры гэтым ды іншых канфліктах расейцы разважаюць: беларусы ж – такія як мы, у іх і ідэалёгія трымаецца на тым, што ў нас супольнае. Прыкрыем кранік, і будуць яны нашымі. І кожны раз расейцы з гэтымі размовамі гараць “сінім полымем”. Чаму?”

“Улада не задзейнічала інтэлектуальны патэнцыял нацыі”

Алексіевіч: “Я ня думаю, што расейскія палітыкі і культуролягі ня маюць рацыі ў гэтых сваіх развагах. У іх будзе шанец, і няма тут, у краіне, унутранага супрацьстаяньня. Я не прыхільніца Лукашэнкі, але Беларусь, як тое ня дзіўна, трымаецца на ім ды яшчэ на ілюзіях і спадзяваньнях моладзі.

Але нашая ўлада збудаваная на старой савецкай, славянскай харызматычнасьці лідэра. Ён мала сымпатычны нам, інтэлігенцыі, але ён акумулюе сялянскую боязь прагрэсу, перамен, і ў той жа час такую сялянскую цьвярозасьць.

Улада малакультурная, а сёньня нават на інтуіцыі моцнага лідэра нельга доўга ўтрымацца. Працэсы глябалізацыі, рэлігійнага супрацьстаяньня нарастаюць, і Беларусь павінна да чагосьці далучыцца. Кубай у Эўропе ўжо нельга быць.

Але наша ўлада не гатовая да новага часу. Ідзе вульгарны пэрыяд: людзі наядаюцца, робяць эўрарэмонт, падарожнічаюць, і сьпяшаюцца гэта рабіць, як былыя галодныя дзікуны, у якіх у мазгах сядзіць, што гэта хутка можа скончыцца. І вось гэты жывёльны пэрыяд трэба неяк ідэалягічна прыкрыць. Чым? Улада ж не задзейнічала інтэлектуальны патэнцыял нацыі. Калі даць свабоду дыскусіі, свабоду ідэалягічную, нешта б сасьпела ў грамадзтве. Нічога гэтага ня робіцца, а замест пачынаецца старое савецкае клікунства: вось у нас была вайна.
“Што гэта за ідэалёгія – давайце накормім і напоім людзей? Прабачце, але гэта ж не жывёлагадоўчая фэрма”.
Зараз я шмат ежджу па Расеі і па Беларусі. Мяжа ёсьць, але ўлада – савецкая, народ – савецкі, і ўсе атрыбуты савецкага мысьленьня. Гэта працуе і з расейскага, і зь беларускага боку. Проста там інтэлектуальны патэнцыял іншы і грошы іншыя. Пакуль гэта крыху прыхавана: там нафтадалярамі, тут – калгаснай хітрасьцю. Але за гэта давядзецца адказваць. Доўга гэты прамежкавы стан не пратрымаецца . І ня будзе беларускай дзяржавы. Што гэта за ідэалёгія – давайце накормім і напоім людзей? Прабачце, але гэта ж не жывёлагадоўчая фэрма”.

“Нацыю нівэлявалі да вульгарнага ўзроўню спажываньня”

Дракахруст: “Ці не складаецца ўражаньне, што адзіным інстытутам – падмуркам цяперашняй мадэлі нацыятварэньня, абранай беларускімі ўладамі, зьяўляецца кіраўнік Беларусі? Прычым не інстытут, не пасада прэзыдэнта, а канкрэтная асоба, якая гэтую пасаду займае – Аляксандар Лукашэнка. У пэўным сэнсе, улада будуе беларускі народ як народ Лукашэнкі, і пакуль гэтая мадэль неяк працуе. А потым? Ці будзе ня тое што сыстэма, – ці будзе нацыянальнае адзінства працаваць тады, калі зьнікне стрыжань гэтага адзінства?”

Алексіевіч: “Фэномэн Лукашэнкі трымаецца ня толькі на ягоных асабістых якасьцях. Апазыцыя ў нас кволая і кепска вучыцца, яна не жыве ў сьвеце сучасных выклікаў. Трэба аддаць належнае Лукашэнку, што ён вучыцца хутка, ён – тое, што называецца палітычнай жывёлай. І тут мы ўсе атрымалі паразу. Ён інтуіцыяй спаралізаваў уласны народ, накінуў яму ніжэйшы ўзровень, узровень спажываньня. Нацыю нівэлявалі да вульгарнага ўзроўню спажываньня, таго, наконт чаго ўвесь сьвет крыкам крычыць, што гэта шлях у пустату. А ў нас гэта яшчэ называецца прагрэсам.

Лукашэнка зьмікшаваў пераход у гэтую новую, незразумелую, страшную прастору і ягоныя асабістыя якасьці супалі з часам. Ён даў адчуваньне, што нічога ў сьвеце не памянялася. Магчыма, справядліва, што гэта было за чужы кошт, але савецкасьць у ім – гэта тое, на чым трымаецца і сам ён, і ілюзіі народу.

У мяне ёсьць дом у вёсцы, каб жыць сярод нармальных людзей, а не на пісьменьніцкіх лецішчах. І там адзін селянін мне сказаў: "А вось сыдзе Лукашэнка, і будзе ж жахліва, будзе ж хаос". І я ўбачыла, чаго баяцца людзі, чаго баіцца намэнклятура, якая, магчыма, і ненавідзіць яго, паколькі ён прыніжае яе і трымае ў страху, чаго баяцца сяляне, якія атрымліваюць мізэрныя заробкі, але ж хочаш – дзьве каровы трымай, хочаш – дзесяць. Яны баяцца, яны адчуваюць той хаос, які прыйдзе. Бо падаўленая ўсялякая сіла супраціву, сіла ідэі, сіла альтэрнатывы.
“Сёньня расейскае антызаходніцтва трымаецца на крыўдзе – падмануў Захад, не падтрымаў, не прыняў на роўных. На чым трымаецца адчуваньне, што мы беларусы? На крыўдзе на расейцаў, яны багатыя, а мы...”
Застаецца тое, што ёсьць у моладзі. Нават прадстаўнікі беларускай улады кажуць, што людзі, асабліва моладзь, адчуваюць сябе ў асобнай дзяржаве, што мы тут – беларусы, а там – расейцы. Гэта як у Расеі. На чым трымаецца сёньня расейскае антызаходніцтва, асабліва сярод моладзі? На крыўдзе – падмануў Захад, не падтрымаў, не прыняў на роўных.

На чым трымаецца адчуваньне, што мы беларусы? На крыўдзе на расейцаў, яны багатыя, а мы... Крыўда – гэта кепскі падмурак. Няздольнасьць мяняцца спараджае ахвяру, а гэта вельмі агрэсіўная істота. І я думаю, што нас чакаюць вельмі цяжкія часы. І яны будуць”.

“Сумесь турмы і дзіцячага садку”

Дракахруст: “Напрыканцы – пра пасткі, якія, магчыма, мае мадэль дзяржава- і нацыятварэньня, абраная беларускай уладай. Шмат эканамістаў гавораць зараз пра сапраўдны спажывецкі бум, які назіраецца ў Беларусі, сьведчаньне чаму – значны рост пакупак аўтамашын і неверагодны рост цэнаў на нерухомасьць, асабліва ў сталіцы. І гэта пры тым, што як раз ўлада пасьля беларуска-расейскай нафтагазавай вайны крыкам крычыць пра тое, што трэба рыхтавацца да горшых часоў, зацягваць паясы, сьведчаньнем чаго, напрыклад, дэкрэт Лукашэнкі пра эканомію. А народ нібыта ня чуе, нібыта сам сабе гаворыць: “Нічога, наш бацька ўсё роўна неяк выкруціцца”. І працягвае купляць, купляць, купляць. Ці не стварае гэта сапраўды псыхалягічную пастку і для ўлады, і для народу? І чым гэтая пастка можа скончыцца?”

Алексіевіч: “Я мяркую, што мы – не асобныя людзі, і ня ўсё тут залежыць ад мясцовых умоваў. Сёньня толькі ў краінах ісламу яшчэ працуе энэргія рэлігіі. А ў астатнім сьвеце скончыўся час вялікай гісторыі. Людзі расчараваліся ва ўсіх ідэях і ў містычных сэнсах. І беларусы – нацыя, якая спазьнілася, зь недабудаванай дзяржавай, – сыходзяць зь вялікай гісторыі ў сваю маленькую гісторыю і кажуць: "Чума на абодва вашы дамы! Ёсьць сёньня і цяпер, і я хачу жыць сёньня".

Гэта мы, наіўныя шасьцідзясятнікі, думалі, што разваліцца ўсё гэта – і людзі кінуцца каяцца, будаваць дзяржаву, вучыцца свабодзе, а яны кінуліся вучыцца жыць. Яны, як дзеці, усё спрабуюць. Мне даводзілася спатыкацца з расейскімі алігархамі – Беразоўскім і Абрамовічам. І здавалася б – людзі ўсё маюць, але нават яны выхваляюцца тым, што набылі. А людзі, што менш багатыя, выхваляюцца меншымі яхтамі.

Мы, беларусы, яшчэ такое недафармаванае цела, а цябе выкідаюць у дарослае жыцьцё. На пэўны час аўтарытарны лідэр нібыта абараніў грамадзтва, зрабіў такую сумесь турмы і дзіцячага садку. Але ва ўсім сьвеце адбываецца – а ў нас, на непадрыхтаванай глебе, хутчэй і больш жахліва – дыктатура маленькага чалавека, які хоча смачна есьці і мала працаваць.

У сваім доме я паспрабавала памяняць газавую пліту. Дык гэта два дні трэба сядзець на тэлефоне, 10 дзяўчат адказваюць вам, але ніхто ні за што не адказвае. І, можа, празь месяц да вас хтосьці прыедзе. Яны атрымліваюць новыя заробкі, пэўна, ужо езьдзяць на нейкіх патрыманых машынах з Захаду, але ўменьне працаваць – усё тое ж. Іх навучылі толькі хацець.
“ Лідэр сам не падазрае, якая небясьпека – дыктатура маленькага чалавека, дыктатура яго любові. Але калі ён будзе расчараваны, калі гэта ўсё яму не дадуць, а ён толькі ўвайшоў у смак – якой страшнай будзе яго нянавісьць?”
Лідэр сам не падазрае, якая небясьпека, перш за ўсё для яго, і для народу – дыктатура маленькага чалавека, дыктатура яго любові. Але калі ён будзе расчараваны, калі гэта ўсё яму не дадуць, а ён толькі ўвайшоў у смак – якой страшнай будзе яго нянавісьць? І няма чаго замілоўвацца гэтым дзіцячым садком, які хоча жыць. Мы – як дзеці, і гэта вельмі страшна для ўсіх нас”.

Сьвятлана Алексіевіч: “Я не расейская пісьменьніца”, 31.05.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG