Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрабачаньне-2007: Азаронка зноў ударылі


Любоў Лунёва, Менск На сёлетнім Эўрабачаньні ў Хэльсінкі беларускую дэлегацыю ўзначальвае намесьнік старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі Юры Азаронак. Гэты чалавек стаў вядомы ў 1995 годзе як аўтар фільму “Нянавісьць. Дзеці хлусьні”. Тады палітык Мікола Статкевіч ударыў аўтара фільма. 5-га траўня прадусар Дзьмітрыя Калдуна Філіп Кіркораў таксама ўдарыў Азаронка ў твар.

Фільм, у якім Юры Азаронак апаганьваў нацыянальны беларускі сьцяг і герб, а таксама абразьліва выказваўся ў бок тагачаснага лідэра БНФ Зянона Пазьняка і прадстаўнікоў дэмакратычнай інтэлігенцыі, тройчы паказалі па тэлебачаньні напярэдадні рэфэрэндуму. Пасьля рэфэрэндуму нацыянальную сымболіку замянілі на абноўленыя сымбалі БССР.

Пазьней беларускаму грамадзтву дэманстравалі фільм Юрыя Азаронка “Закуліса”, у якім ён палохаў насельніцтва “таемнымі мэханізмамі” у стане беларускай апазыцыі. У 2001 годзе выйшаў сэрыял “Таемныя спружыны палітыкі”, у якім таксама ўдзельнічаў Азаронак.

У 2002 годзе Юрыя Азаронка звольнілі з працы. Праз год яго ўзялі на працу ў генэральную пракуратуру кіраўніком аддзела прававога забесьпячэньня, інфармацыі і грамадзкіх сувязяў - беспрэцэдэнтны выпадак, калі на такую пасаду ўзялі чалавека без юрыдычнай адукацыі. Азаронак казаў тады журналістам, што вучыцца завочна на юрыдычным факультэце. У 2005 годзе за аўтарскую праграму “Канспіралёгія” Азаронка ўзнагародзілі прэміяй “За духоўнае адраджэньне”.

5 траўня кіраўніка беларускай дэлегацыі Юрыя Азаронка ўдарыў па твары прадусар Дзьмітрыя Калдуна Філіп Кіркораў. Азаронак патлумачыў журналістам, што гэта звычайны працоўны момант, маўляў, моцныя асобы прыціраліся адна да адной.

Гэта ня першы выпадак, калі Азаронак атрымаў па твары ад вядомай асобы. Першы раз – у 1995 годзе за фільм “Нянавісьць. Дзеці ілжы”. Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч выклікаў Азаронка на лесьвічную пляцоўку і даў яму поўху. Суд ацаніў тады поўху Азаронку ў 5 даляраў. Статкевіч прыгадаў “Свабодзе” як гэта было:

“Ён пасьля гэтага ў газэце “Знамя Юности» надрукаваў матэрыял, дзе ён мяне выклікаў на дуэль на шаблях. Пісаў, паглядзім, як на наш выклік адкажа гэты афіцэр. Ну, я напісаў ім, што паходжу са старога шляхетнага роду і, што я афіцэр. А ў нашым родзе з такой, як кажуць, поганьню на дуэлі ня б’юцца, а б’юць яе па твары. А я гэта ўжо зрабіў. Тады ён падаў у суд. Кажуць, доўга хадзіў, але зьняў зь левай шчакі пабой, і мяне выклікалі ў суд. Безумоўна, я ад нічога не адмаўляўся. Расказаў як усё было. Судзьдзя, здаецца, закрыўшыся томам справы, ціха рагатала. А, што? Вы б як зрабілі? У мяне дзеда забілі паліцаі, бацька падлеткам тады на каня ўскочыў, ледзь уратаваўся... Стралялі ў яго. А гэты з паліцаем параўноўвае, гадзёныш...”.

Любоў Лунёва, Менск
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG