Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Ціхановіч: Стараемся на "Эўрабачаньні" на славу Божую


Ігар Карней, Менск У 22.00 паводле менскага часу ў сталіцы Фінляндыі Хэльсынкі пачаўся паўфінал сьпеўнага конкурсу “Эўрабачаньне-2007”. У адборачным туры ўдзельнічаюць прадстаўнікі 28 краінаў. Галасаваньнем гледачы павінны адабраць 10 фіналістаў. Фінал адбудзецца 12 траўня. Беларусь на сёлетнім “Эўрабачаньні” прадстаўляе Дзьмітры Калдун. Ён выступае пад чацьвёртым нумарам.

Сёньня кіраўнік праекту “Эўрафэст”, нацыянальнага адборачнага туру, Аляксандр Ціхановіч па тэлефоне з Хэльсынкі распавёў:

“Настрой бадзёры, нармальны. Хачу сказаць, што ён [Дз.Калдун. - РС] карыстаецца тут вялікай папулярнасьцю ў журналістаў, у жыхароў Фінляндыі. Таму што на кожным рагу ягоныя афішы, яго актыўна рэклямуюць і газэты, і тэлебачаньне. Хацелася б, каб ён апраўдаў спадзяваньні. Натуральна, мы зрабілі ўсё магчымае, каб ён выступіў пасьпяхова. На ўсіх рэпэтыцыях, якія былі, усё пакуль пасьпяхова, хоць не хачу казаць штосьці наперад. Ёсьць, канечне, і нейкія маленькія недапрацоўкі, якія істотна не ўплываюць, але мы ведаем пра іх, і ён імкнецца іх выправіць. Адным словам, усе мы стараліся і стараемся не сабе ў кішэню, а на славу Божую і на славу нашай дзяржавы. Таму хацелася б, каб усё гэта адбылося менавіта так, як мы таго жадаем”.



Міжнародная букмэкерская кантора WillamHILL шанцы Калдуна на перамогу ацэньвае як “высокія” -- другое месца ў паўфінале і трэцяе – у фінале “Эўрабачаньня”. А вось беларусы ў стаўках конкурс фактычна ігнаруюць. Вось што распавёў прадстаўнік менскай канторы “Статус-кво”:

“Гэта вельмі складана зрабіць – адсартаваць тыя стаўкі, якія робяцца на “Эўрабачаньне”. Гэта ўвогуле амаль нерэальна. Ставяць крыху, так. Але справа ў тым, што ў нас пэўны кантынгент гульцоў, якія пастаянна заходзяць у букмэкерскія канторы. Гэта пераважна мужчыны ўзросту 40 “з хвосьцікам”, і іх гэта папросту не цікавіць. Перадусім стаўкі на спорт. Да вечара, пэўна, мы маглі б нейкую статыстыку сабраць, але ня факт. Гэта вельмі складана”.

Дарэчы, сёлета арганізатары “Эўрабачаньня” зьмянілі правілы галасаваньня. Галасаваньне будзе доўжыцца 15 хвілінаў. Дазволена ня болей за 20 тэлефанаваньняў з аднаго нумару.

Паводле прадстаўніцы Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Сьвятланы Краскоўскай, паўфінал і фінал сьпеўнага конкурсу будуць трансьлявацца ня толькі па тэлеканалах, але і на самым вялікім ва Ўсходняй Эўропе плязмавым экране, які ўсталяваны ля Палацу спорту ў Менску:

“Але наша справа толькі арганізаваць паказ, а як там ужо Калдун засьпявае, натуральна, за гэта не адказваем. Бо мы ж ня можам засьпяваць за яго. Так што няхай там яму ўжо Бядросавіч [Філіп Кіркороў. – РС] дапамагае. Але будзем глядзець і падтрымліваць Калдуна. Можа хоць адзін раз ужо дойдзем да фіналу”.

У студзені Дзьмітры Калдун перамог у нацыянальным адборачным туры “Эўрафэст”. Ён абышоў расейскую сьпявачку Дыяну Гурцкую і беларускі гурт “The Project”.

Тады музычныя крытыкі казалі, што значную ролю ў перамозе Калдуна адыграў расейскі сьпявак Філіп Кіркораў. Ён зьяўляецца прадусарам маладога выканаўцы, а таксама аўтарам музыкі кампазыцыі “Work Your Magic”. Гэтую песьню Дзьмітры Калдун выконвае на сёлетнім конкурсе.

Аднак кампазытара Кіркорава западозрылі ў плягіяце – прыпеў песьні аказаўся падобны на хіт каманды “Modern Talking” - “Last Exit to Brooklyn”. Аднак тэма вычарпала сябе, калі Томас Андэрс, былы саліст гэтага гурту, заявіў: пэрсанальна прэтэнзій да Кіркорава ня мае.

Арганізатары “Эўрабачаньня-2007” абяцаюць: сёлета гледачамі конкурсу будзе блізу мільярду чалавек у Эўропе, Азіі і Паўночнай Амэрыцы.

Якія шанцы ў беларускага выканаўцы на Эўрабачаньні?

Афіцыйны сайт "Эўрабачаньня"

Летась Эўрабачаньне адзначыла 50 гадоў.

Лепшым за ўсю гісторыю конкурсу музычныя экспэрты прызналі швэдзкі квартэт ABBA з кампазыцыяй "Waterloo".

Беларусь дэбютавала на конкурсе “Эўрабачаньне” ў 2004 годзе ў Стамбуле. Там выступаў дуэт “Аляксандра і Канстанцін”. Тады беларускія выканаўцы ў паўфінале фінішавалі аднымі з апошніх.

У 2005 годзе ў Кіеве Беларусь прадстаўляла Анжаліка Агурбаш. Яе прадусаваў Філіп Кіркораў і фінансавую дапамогу аказваў муж-мільянэр Мікалай Агурбаш. Агурбаш не прайшла ў фінал.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG