Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перавяла 120 рублёў на зьнічы і кветкі». Беларускія палітуцекачы расказваюць, як сёлета адзначаць Дзяды


Ілюстрацыйнае фота. Могілкі Росы ў ноч перад Дзядамі, Дзяды, Вільня, Літва
Ілюстрацыйнае фота. Могілкі Росы ў ноч перад Дзядамі, Дзяды, Вільня, Літва

Сотні тысяч беларусаў раскідана па сьвеце пасьля 2020 году. Празь небясьпеку перасьледу яны ня могуць наведаць магілы продкаў на Дзяды.

Магілы знакамітых землякоў за мяжой

Кацярына (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы зь меркаваньняў бясьпекі. — РС) трэці год жыве ў польскім Кракаве. За гэты час у Беларусі ў яе памерлі бабуля і дзядзька. Кацярына не змагла паехаць на разьвітаньне зь імі празь небясьпеку перасьледу. Кажа, што ёй гэта баліць.

«Але нічога не паробіш», — зазначае ўцякачка.

1 лістапада ў многіх буйных гарадах Польшчы пройдуць набажэнствы на беларускай мове, у каталіцкай традыцыі гэта дзень Усіх сьвятых. Сьвятары будуць маліцца і за памерлых продкаў.

«Я таксама пайду ў касьцёл на беларускую імшу. 3 лістапада са сьвятаром мы ідзём маліцца на Ракавіцкія могілкі ў Кракаве. Яны знакамітыя тым, што там і выбітныя беларусы пахаваныя. Напрыклад, Алесь Гарун», — кажа Кацярына.

Суразмоўца дадала, што ў Беларусі ў яе засталіся яшчэ не старыя бацькі, таму яны самі будуць прыбіраць могілкі продкаў.

Максім (імя зьмененае на просьбу суразмоўцы зь меркаваньняў бясьпекі. — РС) жыве ў Варшаве. Ён кажа, што ўжо традыцыйна на Дзяды наведае варшаўскія могілкі, дзе пахаваныя славутыя беларусы. Напрыклад, у Варшаве пахаваныя Юры Туронак, Ян Жамойцін, Вінцэсь Каратынскі, Станіслаў Булак-Балаховіч.

У Варшаве 2 лістапада пройдзе беларускі марш «Дзяды». Максім кажа, што абавязкова наведае яго, каб пабачыцца з суайчыньнікамі. Магіламі продкаў на радзіме апякуюцца ягоныя сваякі.

«У каталіцкай традыцыі лічыцца, што ў гэтыя дні трэба наведаць могілкі. Калі мы тут ня маем сваіх магілаў, то можна, я лічу, на любыя могілкі схадзіць. Прыбраць занядбаную магілу ці паставіць зьнічы каму-небудзь», — дадаў Максім.

Праваслаўны сьвятар Георгі Рой напісаў на сваёй старонцы ў Facebook, што 1 лістапада, на Дзяды, у беларускай царкве ў Вільні пройдзе літургія і паніхіда, на якой будуць памінаць усіх памерлых.

«Многія з нас ня маюць магчымасьці наведаць магілкі нашых родных, але мы можам сустрэцца зь імі ў малітве да Нябеснага Айца. Бо ў Бога няма мёртвых», — мяркуе сьвятар.

Памінальная працэсія на менскай Кальварыі, 2017 год
Памінальная працэсія на менскай Кальварыі, 2017 год

360 рублёў за поўную прыборку

Марыя (імя суразмоўцы зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) расказала Свабодзе, што прыбраць магілы дзядулі, бабулі, цёткі і бацькі ў Беларусі прасіла дзядзьку. Сама яна паехаць на радзіму ня можа праз магчымы арышт.

«Маці хворая і жыве далёка. Дзядзька стары, але больш прасіць няма каго. Разумею, што ўсё каштуе грошай, таму праз розныя маніпуляцыі перавяла дзядзьку 120 рублёў на зьнічы і кветкі. Ён ня мае банкаўскай карткі, то давялося дамаўляцца з ланцугом людзей, каб яму пераслалі грошы па пошце», — падзялілася Марыя.

Яна турбуецца, што калі пераменаў у Беларусі ня будзе, то ёй неўзабаве ня будзе каго прасіць прыбраць магілы.

Паслугу прыборкі пахаваньняў можна замаўляць у адмысловых фірмах. Там абяцаюць, што ўсё зробяць і дашлюць справаздачу з фота. Але можа ўзьнікнуць пытаньне зь пераводам грошай на беларускі рахунак з-за мяжы.

Напрыклад, за аднаразовую прыборку магілы (прыбраць сьмецьце, памыць помнік, памаляваць агароджу і іншае) адна зь фірмаў просіць 360 рублёў. За прыборку магілы раз на год яны ж просяць 150 рублёў, гэта без маляваньня агароджы.

Габрэйская супольнасьць сыстэматызавала многія пахаваньні ў Беларусі. Іх можна знайсьці на адмысловым сайце. У іх таксама можна замовіць прыборку магілы. За прыборку і маляваньне агароджы просяць 95 даляраў (без маляваньня — 85 даляраў), за гадавую прыборку — 245 даляраў, малітва — 10 даляраў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG