Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На памежным пераходзе “Брузгі – Кузьніца Беластоцкая” зноў вялікія чэргі


Радыё Свабода Сёньня другі дзень, як Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі ўвёў мытнае афармленьне аўтамабільнага паліва, што вывозіцца фізычнымі асобамі ў баках аўтамабіляў. Плянавалася, што пасьля гэтага паменшаюць чэргі на мяжы. Аднак чэргі павялічыліся ў некалькі разоў.

Такія вялізныя аўтамабільныя чэргі на гэтым памежным пераходзе апошні раз былі перад Новым годам. Усе чакалі, што з увядзеньнем мытнага афармленьня на аўтамабільнае паліва яны зусім зьнікнуць. Аднак пакуль вынік адваротны.

Некаторыя кіроўцы стаяць ад восьмай гадзіны вечара ўчорашняга дня; адчуваецца, што атмасфэра напружаная.

Спадарыня: “Дрэнна стала, зусім дрэнна, і мы не задаволеныя, стаім хіба зь пятай раніцы”.

Спадар: “Ад пятай раніцы, і ніводнага разу ніхто не пад’ехаў”.

Спадар: “Не пускаюць зусім, і ўчора так было”.

Карэспандэнт: “А якая прычына, што так адбываецца?”

Другі спадар: “Добра ніхто нічога ня ведае: адныя кажуць, дэкляраваць патрэбна паліва, другія казалі, што нічога не дэкляравалі”.

Знайшоўся чалавек, які ўжо ўчора спрабаваў пераехаць мяжу, але яго вярнулі. Пытаюся ў яго пра зьмены:

Спадар: “Трэба запаўняць дэклярацыю, і патрабуюць даверанасьць на машыну, калі аформлена на каго іншага. Гэта нягледзячы на тое, што паводле закону яны адмененыя”.

Карэспандэнт: “А як спраўджваюць, колькі везяце паліва?”

Спадар: “Ну як — на вока. З заўтрашняга дня забараняюць браць паліва ў каністру. Гэта азначае, калі я еду недзе ў Шчэцін, то на сваім паліве не даеду. А чаго мы туды езьдзім — каб зарабіць трохі й свае праблемы вырашыць”.

Асабліва людзей абурае тое, што няма ніякай інфармацыі. Дзяржаўныя СМІ кажуць зусім пра іншае. Нядаўна гарадзенскае радыё паведаміла, што чэргаў на мяжы няма наагул, а ва ўчорашнім рэпартажы на БТ распавядалі пра “вялікія заробкі” перавозчыкаў паліва.

Спадарыня: “Сем даляраў зарабляюць на салярцы на ста літрах, а яны расказваюць, што мы з гэтага маем сто даляраў. Як жа гэта абсурдна”.

Каля нас праяжджае аўтазак. Не пасьпяваем заўважыць, ці сядзяць у машыне амапаўцы, але машына разьвярнулася й стаіць побач з шлягбаўмам. Пад’ехалі яшчэ некалькі машын ДАІ.

Машыны дзяжураць тут ужо некалькі гадзінаў.

Пытаюся ў людзей на разьвітаньне — чым будуць займацца, калі на перавозцы паліва зарабіць ня ўдасца?

Галасы: “Ня ведаю, давядзецца ісьці рабаваць. А што рабіць?.. А ў мяне трохпакаёвая кватэра — як заплаціць? І дзеці… А ў мяне жонка й двое малых дзетак, жонка ў дэкрэтным… А маім чатырнаццаць і трынаццаць… Шэсьцьдзесят тысяч даюць дэкрэтных — пражыві. Ды ня хопіць нават на пялюшкі...”





Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG