Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паганяйла пра «дзяржаўны пераварот»: «З хворай галавы на здаровую»


Міністэрства ўнутраных спраў абвясьціла пра заканчэньне папярэдняга расьсьледаваньня крымінальнай справы аб падзеях у Менску 19 сьнежня 2010 году. Паводле заключэньня сьледзтва, «атрыманыя вычарпальныя доказы аб спробе зьмены канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь па папярэдняй змове з прадстаўнікамі замежных дзяржаў і арганізацый, якія па сутнасьці ставілі канчатковай мэтай ажыцьцяўленьне дзяржаўнага перавароту».

Ацаніць гэтую заяву МУС мы папрасілі аднаго зь фігурантаў гэтай справы, а таксама беларускіх і замежных экспэртаў.

Віталь Рымашэўскі
Экс-кандыдат на прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі, абвінавачаны за падзеі 19 сьнежня, цяпер знаёміцца зь дзясяткамі тамоў крымінальнай справы супраць сябе і некалькіх сваіх «саўдзельнікаў»:

«Я ня бачу юрыдычных падставаў для такой заявы. Ня ведаю, каб увогуле каму-небудзь зь фігурантаў справы 19 сьнежня было прад’яўленае абвінавачваньне, агучанае МУС — наконт перавароту, сувязі з замежнымі спэцслужбамі і г.д. Таму гэтыя заявы абсалютна нелягічныя».

19 сьнежня мінулага году ў дэманстрантаў не было жаданьня рабіць нейкі пераварот, кажа спадар Рымашэўскі:

«Я ня бачыў такіх людзей і ня меў стасункаў з такімі людзьмі. Ніхто з былых кандыдатаў ці іх камандаў не выказваўся пра магчымасьць, пра пляны дзяржаўнага перавароту. Тым больш, каб асноўным дзеяньнем такога перавароту было біцьцё шкла ў Доме ўраду — гэта выглядае проста сьмешна».

Віталь Рымашэўскі мяркуе, што грамадзтву варта чакаць новых «выкрыцьцяў» і скандальных матэрыялаў з боку МУС, КДБ і пракуратуры, у тым ліку на наступных судовых працэсах.

Гары Паганяйла
Юрыст Гары Паганяйла зазначае, што артыкул 357 Крымінальнага кодэксу «Змова альбо іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады», сапраўды не прад’яўлены нікому з арыштаваных пасьля 19 сьнежня. Разам з тым, паводле спадара Паганяйлы, пункт 2 гэтага артыкула — «Захоп або ўтрыманьне ўлады неканстытуцыйным шляхам» — можна прад’явіць дзейнаму кіраўніку Беларусі. Менавіта такім чынам спадар Паганяйла трактуе рэфэрэндумы 1996 і 2004 гадоў, зьнікненьне апанэнтаў рэжыму, несумленныя выбарчыя кампаніі 2001, 2006 і 2010 гадоў:

«Гэта ўсё зьвёны аднаго і таго ж злачынства па ўтрыманьні дзяржаўнай улады, захопленай неканстытуцыйным шляхам. І, відаць, хворае ўяўленьне ды чарговыя спробы застацца пры ўладзе прывялі да таго, што з хворай галавы пачалі валіць на здаровую — што, маўляў, апазыцыя спрабавала захапіць дзяржаўную ўладу неканстытуцыйным шляхам, гвалтам, інтэрпрэтуючы падзеі на Плошчы як спробу захопу ўлады».

Паводле Гары Паганяйлы, ніякіх доказаў «спробы перавароту» няма, як няма доказаў і масавых беспарадкаў 19 сьнежня, нягледзячы на тое, што суды сьцьвярджаюць адваротнае і ўжо неправамерна пакаралі некалькі чалавек:

«Такіх доказаў у прыродзе няма. Ні ў кога ў галаве не было ніякіх задумак па захопе ўлады. Ішла звычайная палітычная барацьба, прычым няроўная, таму што ва ўмовах цяперашняй улады выкарыстоўваць такі дэмакратычны інструмэнт, як выбары, практычна немагчыма. Немагчыма зьмяніць цяперашнюю ўладу шляхам выбараў».

Аляксандар Класкоўскі
Бацька аднаго з абвінавачаных, палітоляг Аляксандар Класкоўскі згадвае, што першыя заявы пра ўяўную спробу перавароту прагучалі з самага верху ўладнай піраміды, і цяпер МУС паўтарае гэты тэзіс:

«Гэтая страшылка закліканая апраўдаць усе брутальныя дзеяньні, рэпрэсіі, жорсткія прысуды і адначасна схаваць у цень пытаньне, ад чаго ж людзі выйшлі на вуліцу, то бок пра несправядлівасьць саміх выбараў. Сёньня мы маем сытуацыю, калі самі ўлады заблыталіся і прапагандысцкі аспэкт ужо не супадае зь юрыдычным аспэктам».

Спадар Класкоўскі мяркуе, што ўлады тут працягваюць сваю прапаганду, а тым часам пачалі пакрысе «адкручваць» сытуацыю назад, пра што сьведчыць зьмякчэньне абвінавачваньняў дзесяці падсьледным.

Каміль Клысінскі
Экспэрт Цэнтру ўсходніх дасьледаваньняў Каміль Клысінскі з Варшавы таксама лічыць заяву МУС Беларусі прапагандай:

«Гэта клясычнае прапагандысцкае дзеяньне беларускіх уладаў, якое мы ўжо ня раз назіралі. Рэжым павінен знайсьці пэўны аб’ект атакі, вінаватых у тым, што мела месца ў сьнежні. Вядома, што сам сябе ён не абвінаваціць, хоць усё паказвае, што галоўным чынам беларускія ўлады арганізавалі і зрэжысавалі тыя падзеі».

Абвінавачваньне МУС Беларусі на адрас замежных краін спадар Клысіньскі таксама лічыць нічым не абгрунтаваным:

«Тэорыя наконт падрыхтаванага пляну, нейкіх грошай з-за мяжы, працы спэцслужбаў Польшчы і Нямеччыны — абсалютна высмактаная з пальца. І гэта цяжка давесьці, бо цяжка даказаць тое, чаго няма. Гэтая тэорыя дзейнічае як пэўны лёзунг, ідэалягічная канструкцыя».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG