Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бакіеў: У Менску 19 сьнежня мог паўтарыцца кіргіскі сцэнар


Экс-прэзыдэнт Кіргізстану Курманбек Бакіеў бачыць у падзеях 19 сьнежня ў Менску спробу рэалізаваць сцэнар падзей, якія мелі месца ў Кіргізстане год таму.

Пра гэта ён заявіў у інтэрвію Інтэрфаксу.

"Думаю, тое, што адбылося ў Кіргізстане, больш чым красамоўна кажа пра тое, што пагражала Рэспубліцы Беларусь. І кіраўніцтва Беларусі выбрала з двух няшчасьцяў меншае, з-за чаго і зазнала санкцыі з боку Захаду", — заявіў Бакіеў.

"Але дзіўна, чаму Захад не ўжывае аналягічныя санкцыі да тых дзяржаваў, дзе бушавалі і надалей бушуюць жарсьці, дзе жорстка душацца дэманстрацыі, зьяўляюцца чалавечыя ахвяры. Гэта яшчэ раз кажа пра падвойныя стандарты", — сказаў экс-прэзыдэнт.

"Ізноў жа да леташняй сытуацыі на поўдні Кіргізстану: чамусьці ні АБСЭ, ні ЗША не адрэагавалі на міжнацыянальны канфлікт, нягледзячы на гібель сотняў людзей", — дадаў ён.

На пытаньне, ці ня бачыць ён у падзеях у Менску паўтор кіргіскага сцэнару, Бакіеў сказаў:

"Цалкам. Мяркуючы па тым, як усё было арганізавана, якія вялікія сродкі былі затрачаныя на гэта".

Курманбек Бакіеў таксама паведаміў, што пакуль ня бачыць для сябе магчымасьці вярнуцца на радзіму, асьцерагаючыся за бясьпеку блізкіх.

"Калі адновіцца законнасьць, парадак, магчыма, можна будзе гаварыць пра вяртаньне. Але цяпер гэта немагчыма", — адзначыў экс-прэзыдэнт.

Курманбек Бакіеў лічыць слушным прынятае год таму рашэньне пакінуць Кіргізстан. Ён зьняпраўджвае паведамленьні пра тое, што прыбыцьцё ў Беларусь каштавала яму 200 мільёнаў даляраў.

Бакіеў сказаў, што аплачвае сваё знаходжаньне ў Беларусі са сваіх асабістых ашчаджэньняў.

"Як і ўсе грамадзяне Беларусі, я плачу столькі, колькі належыць, за арандаваныя памяшканьні, аплачваю камунальныя паслугі".

Ён паведаміў, што пакуль не працаўладкаваўся.

Бакіеў заявіў, што ў Беларусі, адчувае сябе "сапраўды вольна і ў поўнай бясьпецы".

Зрынуты прэзыдэнт Кыргызстана зь неафіцыйнай жонкай і двума дзецьмі прыбыў у Беларусь 19 красавіка 2010 года па запрашэньні Аляксандра Лукашэнкі.

Новыя ўлады Кыргызстана двойчы зьвярталіся ў Генэральную пракуратуру Беларусі з просьбай аб выдачы Бакіева і двойчы атрымалі адмову. Беларускі бок заявіў, што прававых падставаў для задавальненьня просьбы аб выдачы Бакіева няма.

Прадстаўнікі МУС Беларусі адмовіліся паведаміць, ці зьвяртаўся Бакіеў з просьбай аб атрыманьні статусу ўцекача, спасылаючыся на тое, што беларуская Канстытуцыя гарантуе неразгалошваньне зьвестак аб асобах, якія шукаюць прыстанішча або часовай абароны.

У чэрвені мінулага года Бакіеў правёў у Менску дзьве прэсавыя канфэрэнцыі.

У сябе на радзіме Бакіеў абвінавачваецца ў службовых злачынствах і саўдзеле ў масавых забойствах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG