Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іван Лагвіновіч


Іван Лагвіновіч
Іван Лагвіновіч

29 сакавіка памёр адзін з самых вядомых баранавіцкіх паэтаў Іван Лагвіновіч. Пахавалі яго 31 сакавіка ў ягонай роднай вёсцы Малькавічы Ганцавіцкага раёну. Пра Івана Лагвіновіча згадваюць ягоныя сябры і калегі.

Яшчэ юнаком Іван Лагвіновіч паехаў у Данбас, дзе да пэнсіі рабіў шахцёрам. У 1991 годзе ён вярнуўся на радзіму, некалькі месяцаў жыў у Паставах. У траўні 1992-га году пераехаў у Баранавічы. Іван Лагвіновіч выступаў рэдактарам баранавіцкага літаратурнага альманаху "Сьвятліца", быў сябрам Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Яго творы друкаваліся на старонках агульнабеларускіх газэтаў і часопісаў, уваходзілі ў зборнікі паэзіі "Агледзіны", "Дзядзінец", баранавіцкі літаратурны альманах "Сьвятліца". Паэт стаў ляўрэатам прэміі імя Ўладзімера Калесьніка. Рэдагаваў выданьні творчага згуртаваньня "Сьвятліца", кажа паэт Алесь Бакач:
Іван Лагвіновіч

"Ён быў шчырым і незаменным дарадцам пры выданьні кніг, альманахаў мясцовых аўтараў. Цяжка будзе камусьці надалей выконваць гэтую ролю. На любую тэму ў яго знойдуцца вершы, годныя звацца клясыкай".

Усе яго кнігі вышлі дзякуючы грамадзкім арганізацыям. Перад сьмерцю паэт рыхтаваў яшчэ адзін свой зборнік, але не пасьпеў яго выдаць. Алесь Белы, сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, кажа, што гэты зборнік абавязкова будзе выдадзены:

"Мы зробім усё, каб гэтая кніга пабачыла сьвет. Ён перажываў за гэты зборнік. Нават калі ўжо знаходзіўся ў ложку, калі цяжка хварэў, рыхтаваў кнігу і спадзяваўся, што пасьпее яе выдаць. Наагул Іван Лагвіновіч пісаў цудоўныя вершы. Мала таго, што ён лірык, глыбокі, сур'ёзны, ён яшчэ і гумарыст".

Паэт прымаў актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці гораду. Быў шчырым вернікам грэка-каталіцкай царквы. Гаворыць старшыня баранавіцкай філіі Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны Віктар Сырыца:

"Пісаць вершы па-беларуску ён пачаў ужо ў сталым узросьце. Стварыў пяць зборнікаў вершаў. Акрамя гэтага ён заўсёды быў актыўны ў грамадзкім жыцьці нашага гораду. Іван Лагвіновіч быў вернікам грэка-каталіцкай царквы. У парафіі яго добра ведаюць, бо падчас набажэнстваў ён заўсёды чытаў мудрасьці зь Бібліі. Шкада, што ён так заўчасна адышоў ад нас".

Алесь Белы згадвае гумарыстычныя творы паэта напамяць:

"У касьцюме й паліце сватаўся да Манькі,
А пасьля дамоў ляцеў у трусах бяз майкі.
Маньчын муж упрочках быў, швэндаўся за рэхам,
Язву страўніка здабыў і дамоў прыехаў.
Я змагаўся за любоў, біцца давялося,
З дваццаці васьмі зубоў дзевяць засталося".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG