Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адвакат Івашкевіча: «Хуліганства відавочна не было»


Віктара Івашкевіча выводзяць з суду.
Віктара Івашкевіча выводзяць з суду.
Судзьдзя Савецкага суду Менску Аксана Рэлява пакарала 10 суткамі адміністрацыйнага арышту вядомага палітыка Віктара Івашкевіча, якога затрымалі на Дзень Волі.

Віктара Івашкевіча прывезьлі ў Савецкі суд пасьля ізалятара на Акрэсьціна. Няголенага, стомленага. На момант пачатку адміністрацыйнага працэсу ўжо было вядома пра прысуд актывістцы БХД Ірыне Губскай — яе пакаралі трыма суткамі адміністрацыйнага арышту. Аднак спадзяваньні сяброў Івашкевіча, якія прыйшлі ў суд яго падтрымаць, што судзьдзя Аксана Рэлява таксама абмяжуецца мінімальным тэрмінам, ня спраўдзіліся. Івашкевіча суд прызнаў вінаватым у хуліганстве, якое нібыта выявілася ў брыдкаслоўі на вуліцы, і пакараў 10 суткамі арышту.

Віктар Івашкевіч сваёй віны не прызнаў і абвяргаў паказаньні сьведак, міліцыянтаў Бірулі і Бязьлюдава, якія ў суд нават не зьявіліся. Спадар Івашкевіч настойваў, каб сьведак выклікалі, але судзьдзя задаволілася тым, што зачытала іх пісьмовыя паказаньні, паводле якіх Івашкевіч нібыта ня толькі брыдкасловіў, а яшчэ і не адрэагаваў на заўвагу.

Стэфановіч: "Матам Івашкевіч ня лаяўся"
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:22 0:00
Наўпроставы лінк


Паводле сьведак з боку Івашкевіча, ніякіх заўвагаў яму ніхто не рабіў.

Сьведка Кацярына: «Гэта адбылося імгненна. Наляцелі ззаду, схапілі і зацягнулі ў міліцэйскі аўтамабіль. Гэта было непадалёк ад Галерэі сучаснага мастацтва, недзе каля 20 хвілін на сёмую».

Тое ж казала і сьведка Ада Чалей.

Паводле адваката Марыны Кавалеўскай, віна Віктара Івашкевіча не была даказаная:

«Лічу неабходным адзначыць, што ня быў даказаны сам факт адміністрацыйнага парушэньня, а сьведкі, якія там былі, паказалі, што насамрэч нічога, пра што казалі сьведкі-міліцыянты, не адбывалася. Таму прашу вызваліць Івашкевіча ад адміністрацыйнай адказнасьці і спыніць вытворчасьць паводле ягонай справы».

Судзьдзя Аксана Рэлява, аднак, вырашыла інакш. Паказаньні сьведак-міліцыянтаў судзьдзя палічыла вартымі даверу, а вось паказаньням сьведак з боку Івашкевіча не паверыла.
І яшчэ з 19 сьнежня назіраецца цікавая тэндэнцыя, што нават сьведак-міліцыянтаў у суды не выклікаюць.

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч адзначыў пэўную асаблівасьць у адміністрацыйных працэсах апошняга часу адносна актывістаў апазыцыі:

«Відавочна, што быў загад затрымліваць мэтанакіравана Івашкевіча. Яны яго выканалі, а потым пачалі думаць, пад што яго падвесьці. І тады вырашылі, што нібыта брыдкасловіў. Такім чынам, зноў выкарыстоўваюць адміністрацыйны артыкул пра хуліганства ў палітычных мэтах. Пачалі масава ў 2006 годзе, зараз зноў аднавілі. І яшчэ з 19 сьнежня назіраецца цікавая тэндэнцыя, што нават сьведак-міліцыянтаў у суды не выклікаюць. Некалькі разоў Івашкевіч прасіў суд паклікаць гэтых сьведак, Бірулю і Бязьлюдава, што хоча задаць ім пытаньні. Суд не адрэагаваў. Гэта яскрава сьведчыць пра такія суды».

Адбываць пакараньне Віктар Івашкевіч адпраўлены ў той жа ізалятар на вуліцы Акрэсьціна. Пра харчаваньне, якое было там цягам двух дзён, вязень пасьпеў сказаць: «Давалі нейкую кашу…»

Віктара Івашкевіча вязуць на Акрэсьціна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG