Вайсковая хунта Мʼянмы абвясьціла аб плянах правесьці выбары ў сьнежні 2025 году ці ў студзені 2026-га, гэта было б першае галасаваньне з моманту захопу ўлады ў выніку крывавага перавароту 2021 года, які штурхнуў краіну ў грамадзянскую вайну, піша AFP.
Але калі хунта кантралюе галасаваньне, большая частка краіны ў руках ураду, а самая вядомая фігура апазыцыі — Нобэлеўская ляўрэатка Аўнг Сан Су Чы — у турме, пэрспэктывы дэмакратыі выглядаюць сумнымі, піша агенцтва.
Кіраўнік вайсковага ўраду М’янмы Мін Аўнг Глайнг агучыў плян выбараў у мінулую пятніцу падчас дзяржаўнага візыту ў Беларусь.
Хунта захапіла ўладу пасьля неабгрунтаваных абвінавачаньняў у фальсыфікацыі выбараў і адхіленьня цывільнага ўраду Аўнг Сан Су Чы і спыненьня непрацяглага экспэрымэнту з дэмакратыяй.
«Нам давялося абʼявіць надзвычайнае становішча і часова ўзяць на сябе адказнасьць за краіну, — сказаў Мін Аўнг Глайнг, як паведамляюць дзяржаўныя СМІ краіны. — Таму мы плянуем неўзабаве правесьці свабодныя і справядлівыя выбары паводле закону».
Мін Аўнг Глайнг сказаў, што для ўдзелу ў выбарах зарэгістраваліся 53 партыі.
«Мы ўжо вырашылі рухацца да шматпартыйнай дэмакратычнай сыстэмы, як гэтага патрабуе народ», — сказаў ён.
Але Нацыянальнай лігі за дэмакратыю (НЛД) Аўнг Сан Су Чы, якая пераканаўча перамагла падчас апошняга галасаваньня ў краіне, ня будзе ў бюлетэнях.
У 2023 годзе выбарчая камісія, якая складаецца з прадстаўнікоў хунты, абвясьціла аб роспуску НЛД за тое, што яна не прайшла перарэгістрацыю паводле новага жорсткага закону, распрацаванага вайскоўцамі.
«Мы хочам, каб НЛД вярнулася, — сказаў агенцтву AFP высокапастаўлены сябра партыі ў Мʼянме на ўмовах ананімнасьці.— Толькі тады сытуацыя будзе добрай для абодвух бакоў, а краіна атрымае міжнародную падтрымку».
Міжнародныя назіральнікі нэгатыўна ацэьваюць прапановы хунты адносна выбараў.
«Сапраўдныя выбары ў Мʼянме немагчымыя ў цяперашніх умовах, — гаворыцца ў лютаўскай сумеснай заяве трох назіральнікаў, у тым ліку Міжнароднага інстытуту дэмакратыі і дапамогі ў выбарах. — Гэта паглыбіць раскол, распаліць гвалт, умацуе аўтарытарнае праўленьне і пагоршыць крызіс, выкліканы вайсковым пераваротам».
У Мʼянме і за мяжой таксама існуе шырокі скептыцызм наконт таго, што галасаваньне пройдзе, як плянавалася. У краіне дзейнічае надзвычайнае становішча, якое ў студзені падоўжылі на паўгода.
Мін Аўнг Глайнг ачоліў урад М’янмы ў выніку вайсковага перавароту ў 2021 годзе. Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на ягоны арышт.
Аляксандар Лукашэнка 7 сакавіка правёў сустрэчу з кіраўніком вайсковага ўраду М’янмы Мін Аўнг Глайнгам, які прыехаў у Менск адразу пасьля перамоў у Маскве з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным.
У часе перамоў бакі дамовіліся распрацаваць плян узаемнай супрацы.
Аляксандар Лукашэнка прапанаваў вызначыць эканамічныя праекты, якія павінны стаць падмуркам двухбаковых дачыненьняў.
Як паведаміла выданьне Mizzima News Media, заснаванае ў 1998 годзе ў Індыі вэтэранамі дэмакратычнага паўстаньня ў М’янме ў 1988 годзе, у часе візыту ён правёў сустрэчы з афіцыйнымі асобамі і ўзяў удзел у бізнэс-форуме, які прайшоў у менскім «Прэзыдэнт-гатэлі».
«У часе візыту Мін Аўнг Глайнг абмеркаваў пытаньні эканамічнага і гандлёвага супрацоўніцтва і бясьпекі, уключаючы пастаўкі зброі», — адзначаецца ў матэрыяле выданьня.
Форум