Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні судзяць хлопца, які адбіваў у міліцыі чалавека пасьля затрыманьня «азотаўцаў»


Сотні гарадзенцаў прыйшлі пад сьцены ізалятару, каб падтрымаць затрыманых работнікаў «Гродна Азот» , 25 жніўня 2020
Сотні гарадзенцаў прыйшлі пад сьцены ізалятару, каб падтрымаць затрыманых работнікаў «Гродна Азот» , 25 жніўня 2020

Гарадзенца Мікіту Самарына судзяць за гвалт над міліцыянтам, бо ён пырскнуў з балёнчыка ў амапаўца. Хлопцу пры затрыманьні абрэзалі доўгія валасы.

Справу разглядае судзьдзя Руслан Хіхол.

Усё адбылося 25 жніўня. Па дарозе з працы ў цэнтар гораду затрымалі некалькі дзясяткаў работнікаў «Гродна Азот». Пад ізалятар прыйшлі каля паўтысячы гарадзецаў, каб іх падтрымаць. Людзі мірна стаялі і чакалі вызваленьня работнікаў. Калі ўсіх выпусьцілі і натоўп разышоўся, у дварах «людзі ў цывільным» пачалі хапаць гарадзенцаў. Падчас аднаго з гэтых затрыманьняў нехта пусьціў газ.

Мікіта Самарын — абвінавачаны у справе (артыкул 364 Крымінальнага кодэксу). Яму цяпер 29 гадоў, пагражае да 6 гадоў калёніі. Хлопец знаходзіцца пад вартай два месяцы, з 6 кастрычніка. Вядома, што пры затрыманьні яму абрэзалі доўгія валасы.

МУС апублікаваў віэаролік, дзе Самарын расказвае, што ён зрабіў.

Пацярпелы — 32-гадовы міліцыянт Ленінскага РАУС Горадні Сяргей Біліда. У жніўні ён працаваў у АМАП.

Паводле дзяржаўнага абвінаваўцы, позна ўвечары 25 жніўня Самарын распыліў газ з балёнчыка ў міліцыянта, які затрымліваў людзей. Біліда атрымаў апёк рагавіцы вачэй першай ступені.

Самарын не прызнаў віны цалкам.

«Пачыналі крычалкі, скандвалі „Выпускай“»

Як расказаў пацярпелы Біліда, многія супрацоўнікі АМАП былі побач з ізалятарам у цывільным адзеньні. Іх задача была — выяўляць асабліва актыўных, потым сачыць за імі і затрымліваць. Па падліках Біліды, пад ізалятар прыйшло каля сотні чалавек, яны бралі ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

«Ці былі агрэсіўна настроеныя людзі?» — запытаўся пракурор.
«Так, пастаянна заводзілі натоўп, пачыналі крычалкі, скандавалі „Выпускай“», — прыгадаў Біліда.

Калі людзі сталі разыходзіцца, міліцыянты пайшлі за імі. Вырашылі затрымаць аднаго з актыўных удзельнікаў. Біліда з напарнікам Ціханавым падышлі да мужчыны, падобна, нападпітку, прадставіліся і хацелі затрымаць. Мужчына стаў уцякаць, але яго затрымалі іншыя байцы. На дапамогу затрыманаму кінуліся каля 15 чалавек, спрабавалі адбіць яго. Падчас бойкі нехта пырснуў у яго пярцовым газам. Ён часова ня мог бачыць.

Біліда заявіў хадайніцтва аб кампэнсацыі маральнай шкоды. Ён ацаніў яе ў 3 тысячы рублёў.

Праз тры гадзіны пасьля затрыманьня рабочых адпусьцілі з пратаколамі, 25 жніўня 2020
Праз тры гадзіны пасьля затрыманьня рабочых адпусьцілі з пратаколамі, 25 жніўня 2020

«Адпусьціце яго!»

Сяброўка Мікіты Тацяна Герасімчук выступіла ў судзе як сьведка. У той дзень яны каталіся на роварах па горадзе, заехалі на вуліцу Гая. Убачылі натоўп людзей. У пэўны момант паміж дамамі пабеглі людзі, сталі клікаць на дапамогу.

«Людзі крычалі: „Адпусьціце яго! Дапамажыце! Што вы робіце?“», — успамінае сьведка.

Яна пераключыла ўвагу на ровар і ня бачыла, што адбылася далей. Потым людзі разышліся.

Яшчэ адна сьведка Вераніка Емяльянчык прыехала ў той дзень падтрымаць азотаўцаў. Яна трымала плякат «Поступай по совести и по чести, а не по ябатькам». Калі людзі сталі разыходзіцца, пачуўся крык: «Б’юць!». Яна пайшла на крык і ўбачыла, як хлопца на зямлі круцяць пяць чалавек у спартовай форме. У нейкі момант стала цяжка дыхаць. Людзі разьбегліся з крыкам: «С*кі, труцяць нас», бо думалі, што гэта міліцыянты так разганяюць пратэстоўцаў.

Сябар Самарына Аляксандар Вайтулевіч апісаў Мікіту як спакойнага, разважлівага, які цікавіўся многім, гатовы прыйсьці на дапамогу. У той дзень Мікіта расказваў сябру, што паехаў падтрымаць азотаўцаў пад ізалятар і што пырснуў газ у «ціхароў».

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG