Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белшына» пасьля зьняцьця зь яе санкцыяў ЭЗ таемна пастаўляе прадукцыю расейскай арміі, — расьсьледаваньне


Нягледзячы на тое, што ў сакавіку 2024 году Эўрапейскі суд зьняў зь «Белшыны» санкцыі празь недаказанасьць яе ўдзелу у фінансаваньні рэжыму Лукашэнкі, новыя зьвесткі Беларускага расьсьледніцкага цэнтру сьведчаць пра беспасярэдні ўдзел кампаніі ў пастаўках шынаў для расейскай арміі.

Увесну Эўрапейскі суд агульнай юрысдыкцыі пастанавіў выключыць кампанію «Белшына», аднаго з найбуйнейшых вытворцаў шынаў у Беларусі, з санкцыйнага сьпісу, палічыўшы недаказаным яе ўдзел у фінансаваньні рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і падтрымцы вайны Расеі супраць Украіны.

Расьсьледаваньне Беларускага расьсьледніцкага цэнтру (БРЦ) выявіла, што ў 2022–2023 гадах кампанія пастаўляла буйнагабарытныя шыны праз расейскага пасярэдніка для Міністэрства абароны Расеі. Гэтыя шыны выкарыстоўвалі для вайсковай тэхнікі, залучанай у баявыя дзеяньні ва Ўкраіне, у тым ліку для сыстэмаў СПА С-400 і самаходных гаўбіц «Мальва».

Карупцыйны скандал і перадзел рынку на карысьць атачэньня Лукашэнкі

Адначасова з вонкавымі пастаўкамі ўнутры Беларусі разгарэўся карупцыйны скандал, зьвязаны з кантрактамі «Белшыны». У 2023 годзе Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў генэральнага дырэктара кампаніі Андрэя Бунакова ў продажы шынаў расейскім пасярэднікам па заніжаных цэнах. У выніку скандалу кантроль над пастаўкамі перайшоў да структураў, зьвязаных зь сям’ёй Лукашэнкі, у прыватнасьці «Гандлёвага дому БелАЗ», які на 45% належыць прэзыдэнцкаму спартоваму клюбу пад кіраўніцтвам сярэдняга сына Лукашэнкі Дзьмітрыя.

Гэтая перадача правоў на продаж шын дазволіла атачэньню Лукашэнкі ўзяць пад кантроль ключавыя экспартныя плыні прадукцыі «Белшыны» на расейскі рынак, нягледзячы на фінансавыя страты для самой кампаніі. У 2023 годзе «Белшына» надалей пастаўляла мільёны шын на расейскі рынак, нягледзячы на санкцыі ЭЗ.

Рэакцыя на судовае рашэньне і далейшыя наступствы

БРЦ выказвае сумневы ў аб’ектыўнасьці рашэньня Эўрапейскага суду, сьцьвярджаючы, што кампанія ня толькі працягвала падтрымліваць ваенныя дзеяньні Расеі, але і наўпрост фінансавала ўлады Беларусі. Гэты выпадак стаў чарговым прыкладам таго, як дзяржаўныя кампаніі Беларусі застаюцца пад кантролем атачэньня Лукашэнкі, маючы прыбытак зь ценевых схемаў і карупцыйных угодаў, адзначаюць расьсьледнікі.

«Сытуацыя зь „Белшынай“ паказвае, што, нягледзячы на зьняцьце санкцый, кампанія надалей адыгрывае значную ролю ў эканамічнай падтрымцы як беларускай улады, так і расейскай арміі», — гаворыцца ў публікацыі БРЦ.

Што вырашыў суд Эўразьвязу

Суд Эўразьвязу ануляваў рашэньне аб санкцыях супраць «Белшыны», уведзеных у сьнежні 2021 году. Рашэньне апублікавалі на сайце суду 20 сакавіка.

На думку суду, Рада Эўразьвязу дапусьціла памылку, ацэньваючы падтрыманьне «Белшынай» рэжыму Лукашэнкі і ўдзел у рэпрэсіях супраць грамадзянскай супольнасьці.

Як адзначаецца ў рашэньні суду, Рада ЭЗ не змагла даказаць, што «Белшына» ёсьць істотнаю крыніцаю даходаў рэжыму Лукашэнкі і што дзяржава наўпрост атрымлівае выгаду з даходаў прадпрыемства. «Белшына», спасылаючыся на фінансавыя дакумэнты, сьцьвярджала, што перад уключэньнем у санкцыйны сьпіс была стратным прадпрыемствам і не прыносіла прыбытку.

Таксама суд ЭЗ палічыў недастатковымі доказы ўдзелу «Белшыны» ў рэпрэсіях супраць грамадзянскай супольнасьці. У прыватнасьці, на думку суду, Рада ЭЗ не змагла даказаць, што прычынай звальненьня супрацоўнікаў прадпрыемства быў удзел у дэманстрацыях і страйках пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі.

У выніку Суд ЭЗ пастанавіў зьняць санкцыі з прадпрыемства і абавязаў Раду ЭЗ аплаціць выдаткі на судовае вядзеньне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG