З пачатку году даляр патаньнеў на 34 капейкі, 1 студзеня ён каштаваў 3 рублі 47 капеек, зараз 3 рублі 13 капеек.
Таргі на Беларускай валютна-фондавай біржы скончыліся 24 сакавіка наступным чынам: даляр страціў у кошце 0,09%, курс эўра не зьмяніўся, расейскі рубель падаражэў на 0,17%, юань патаньнеў на 0,74%.
Патаньненьне даляра з пачатку году адчулі беларусы, заробак якіх прывязаны да амэрыканскай валюты. Напрыклад, супрацоўнікі ІТ-сэфры.
«Для мяне гэта адчувальна, напрыклад, калі параўноўваць са студзенем. Кошты ж ніжэй не сталі, а заробак у рублях стаў меней», — распавёў Свабодзе адзін з ІТшнікаў на ўмовах ананімнасьці.
Іншы суразмоўца, заробак якога таксама прывязаны да даляра пацьвердзіў, што «адчувальна губляе ў даходзе». Аднак, пра тое, каб адвязаць заробак ад даляру, думак не мае.
Чаму таньнее даляр
Курс беларускага рубля зьмяняецца адносна даляра з-за хістаньня расейскага рубля. Пра гэта кажа старэйшая навуковая супрацоўніца дасьледчага цэнтру Beroc Анастасія Лузгіна.
«На сытуацыю на валютным рынку ўплываюць чаканьні інвэстараў наконт перамоў вакол вайны ва Ўкраіне. Таксама ў Расеі зьнізіўся попыт на імпарт. Аналітыкі прадказваюць, што ўвесну ў Расеі будзе ажыўленьне па імпарту, але пагаршэньне па экспарту. Гэта будзе ціснуць на курс расейскага рубля, пакуль мы гэтага не назіраем», — зважае Анастасія Лузгіна.
Перамовы наконт вайны ва Ўкраіне будуць аказваць уплыў на курс расейскага рубля, а за ім на курс беларускага ў бліжэйшай пэрспэктыве.
«Цяпер мы бачым мікс фактараў — геапалітычных і эканамічных, якія ўплываюць на курс. Да таго ж на падтрымку расейскага рубля грае хуткі пачатак падатковага пэрыяду, у пляне ўмацаваньня расейскага рубля. Больш валюты прадаюць для аплаты падаткаў, таму расейскі рубель, а за ім беларускі ўмацоўваюцца», — дадае эканамістка.
Экспэрт Beroc Анатоль Харытончык зьвяртае ўвагу, што адносна ўсяго кошыку валют з пачатку году беларускі рубель стаў крыху таньней.
«У Беларусі дэфіцыт зьнешняга гандлю, таму рубель аслабеў у межах 1% да пачатку году. Пры гэтым, расейскі рубель умацаваўся да даляра, а беларускі ўмацаваўся да даляра і аслаб да расейскага рубля», — тлумачыць Анатоль Харытончык.
Што далей будзе з беларускім рублём і далярам
Далейшы курс расейскага, а за ім беларускага рубля будзе залежыць ад вынікаў перамоў наконт вайны ва Ўкраіне, кажа Анатоль Харыточнык.
«Не буду выключаць, што на нейкі час расейскі рубель можа яшчэ больш умацавацца да даляра, а адпаведна і беларускі. Аднак, непазьбежна адбудзецца вяртаньне. Другі сцэнар, калі перамовы не будуць мець посьпеху, тады мы можам убачыць вяртаньне, то бок зьніжэньне расейскага і беларускага рубля назад толькі больш хутка», — тлумачыць Анатоль Харытончык.
Да канца году расейскі рубель і за ім беларускі зьнізяцца ў кошце, пра гэта гаворыць Анастасія Лузгіна.
«На беларускі рубель можа аказваць дадатковы ціск сытуацыя ў зьнешнім гандлі, бо Беларусь больш набывае тавараў, чым прадае. Гэтая адмоўная статыстыка можа ціснуць на курс беларускага рубля ў бок яго зьніжэньня», — дадае эканамістка.
У 2024 годзе зьнешнегандлёвы абарот Беларусі дасягнуў 86 мільярдаў даляраў. Экспарт тавараў склаў 40,3 мільярда, імпарт — 46 мільярдаў даляраў.
Форум