Летась какава-бабы падаражэлі як мала якая сыравіна ў сьвеце, іх цана вырасла за год амаль утрая. Сёлета экспэрты прагназуюць далейшы рост цэнаўна гэтую сыравіну, неабходную для вытворчасьці шакаляду, цукерак, іншых кандытарскіх прадуктаў.
На рост цэнаў паўплывала падзеньне ўраджаю пры неспрыяльных умовах надвор’я ў асноўных краінах-экспартэрах Заходняй Афрыкі, асабліва ў Гане і Кот-д’Івуары.
Таксама летась, абнавіўшы гістарычны максымум 1997 году, падскочылі цэны на каву (арабіка).
Агулам да сьнежня мінулага году цэны на каву вырасьлі на 78%. Прычынай стала надвор’е ў ключавых краінах-вытворцах — Бразыліі і Віетнаме. Сёлета скачок цэн на каву працягнуўся. 7 сакавіка Reuters паведаміў, што глябальны гандаль кавай праз гэта ўвогуле спыніўся. Сусьветныя гандляры і пражаньнікі скарацілі закупкі кавы да мінімуму.
Экспэрты і надалей прагназуюць рост цэнаў на какаву-бабы і каву. Глядзім, як гэта ўжо закранула беларусаў і як паўплывае на беларускі рынак у будучыні.
Шакаляд за год плюс 23%, кава — плюс 20%
Згодна з статыстыкай Белстату, беларусы ўжо адчулі на сабе падаражаньне салодкага і кавы. Шакаляд прыбавіў у цане 23% за год (сёлетні люты да леташняга. — РС), кава за той жа пэрыяд падаражэла на 20%. Некаторыя тавары, у вырабе якіх выкарыстоўваюцца какава-бабы, прыбавілі ў цане траціну і больш.
У «Белхарчпраме» летась казалі, што стрымаць цэны на салодкае ўдалося, «умела балянсуючы паміж правільным кіраваньнем выдаткамі і працай з асартымэнтам». У гэтым быў перакананы намесьнік старшыні канцэрну Аляксандар Якоўчыц.
Паводле старэйшай навуковай супрацоўніцы дасьледчага цэнтру BEROC Анастасіі Лузгіной, прадпрыемствы могуць зьніжаць норму прыбытковасьці, каб зьменшыць уплыў падаражаньня какава-бабоў на цану выніковага прадукту.
«Прадпрыемствы, з аднаго боку, могуць сапраўды вымушана зьніжаць норму рэнтабэльнасьці (але неканечне дапускаць чыстыя страты) праз рэгуляваньне цэнаў, а з другога — эканоміць на якасьці інгрэдыентаў (набываць таньнейшыя, але горшай якасьці). Але рост цаны да 30% за год — таксама значны, асабліва ва ўмовах жорсткага цэнавага кантролю», — кажа Анастасія Лузгіна.
На яе думку, какава-бабы будуць даражэць і надалей, што дакладна адаб’ецца і на беларускім рынку.
«Тыя прадукты, дзе выкарыстоўваюць какава-бабы, падаражэюць. Нават з улікам жорсткага рэгуляваньня цэнаў. Яны ўжо адрэагавалі на леташняе павышэньне. Аднак у канчатковую цану закладаецца і працоўная сіла, і іншыя складнікі, што могуць больш падлягаць дзяржаўнаму рэгуляваньню», — дадае Анастасія Лузгіна.
Наколькі яшчэ вырастуць цэны на шакаляд і каву
У Беларусі два буйныя вытворцы шакаляду — фабрыкі «Камунарка» і «Спартак». У інтэрвію telegraf.news генэральны дырэктар «Камунаркі» Сяргей Анюхоўскі прагназуе павышэньне цэнаў прынамсі на 20% ужо ўвесну. І гэта самы аптымальны прагноз: дырэктар прызнаецца, што цэны на беларускі шакаляд у Расеі вырасьлі яшчэ больш — да 40%.
«Самы вялікі індыкатар — расейскія гандлёвыя сеткі. Гэта цалкам камэрцыялізаваная структура, яны проста бізнэс. Там цэны на шакалядную катэгорыю за мінулы год павялічыліся на 40%. Мы таксама паднялі цэны ў Расеі прыкладна на 40%», — прызнаўся Сяргей Анюхоўскі.
Зь ягоных словаў, сёньня цана беларускага шакаляду на 60% залежыць ад цэнаў на какаву-бабы. Значыць, на дзьве траціны канчатковая цана залежыць ад сыравіны.
Свабода на ўмовах ананімнасьці пагаварыла з спэцыялістам, які працуе ў сфэры, зьвязанай з кавярнямі. Зь ягоных словаў, падаражаньне кавы ў межах 8-9 рублёў за кубачак зусім неўзабаве цалкам рэальнае. Такая цана на напой ужо выстаўлена ў некаторых кавярнях. Як кажа суразмоўца, утрымаць цэны на цяперашнім ўзроўні магчыма, але для гэтага трэба перайсьці на менш якасную сыравіну. У кавярнях, дзе выкарыстоўваюць таньнейшую каву, цэны вырастуць пазьней.
Форум